Культура

Добры дзень, бусел!

бускяЗноў ты вярнуўся да сваёй дамоўкі. Слаўна, што дарога ў зімовае падарожжа аказалася пасільнай для тваіх стомленых крылаў. Добра, што там, у чужой цёплай краіне, знайшлося месца пад гарачым сонцам і была ежа для падтрымання жыццёвых сіл. 

А мы чакалі цябе. Як толькі промні высушылі старую буслянку ад дажджу і рыхлага снегу, кожную раніцу позірк міжволі спыняўся на ёй. І пустыя пруткі цёмных галінак навейвалі трывогу, сэрцу чагосьці не хапала.
Але ты ўжо дома, і ўсё стала на свае месцы. Нават неяк пацяплела ад шуму размашыстага палёту, ад звычнага клёкату светлай веснавой раніцай.
Што бачыў там, у вышыні, непадуладнай чалавеку? Чым славіцца тая зямля, праз якую пралягла твая дарога? Шкада, што не раскажаш, бо мы не разумеем птушыную мову. Толькі, адназначна, наш край – самы лепшы, самы гасцінны, калі ты, праляцеўшы сотні кіламетраў, вярнуўся менавіта сюды.
Тут наша агульная радзіма. І мы, людзі, таксама заўсёды вяртаемся дадому, хай не так акуратна прытрымліваемся пор года, але заўсёды імкнемся да сваіх вытокаў.
Цяпер мы разам будзем будаваць свае гнёзды. Папраўляць, рамантаваць, імкнуцца стварыць у родным жытле ўтульнасць і напоўніць яго любоўю. Хай не ўсё дасца лёгка і проста, але калі з тваёй буслянкі летам будуць выглядаць цікаўныя птушаняты, нам стане сорамна за свае чалавечыя слабасці і мы адолеем цяжкасці. Навучымся ад цябе вынослівасці, вернасці, і ўсе разам знойдзем дарогу да шчасця. Галоўнае, што ты з намі, як сімвал міру і спакою, дабрыні і кахання.
Як кажуць даўнія прыкметы, там, дзе селішся ты, працягнецца жыццё і народзяцца дзеці. А значыць, новыя пакаленні будуць сустракаць з выраю буслоў, спадзеючыся на радасць і цёплае ўраджайнае лета.
З вяртаннем цябе, родны!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть