Культура

ДОБРЫ ДЗЕНЬ, МУСЕНЬКА!

Неспадзявана захварэла мама. Яна ляжала ў ложку і ціхенька стагнала. Бацька, які раптам стаў мітуслівым і разгубленым, прывёў з вясковай амбулаторыі акушэрку цётку Анэлю. Тут жа гаспадарыла суседка бабуля Ганна. Яна клапатліва апранула пяцігадовую Маруську і трохгадовага таўстунчыка Кольку, сунула ім у рукі па кавалку хлеба, шчодра пасыпанага цукрам, і адправіла на вуліцу, наказаўшы дадому не прыходзіць, пакуль сама не пакліча.

Ранняя вясна сустрэла дзяцей цёплым сонейкам і вераб’іным чырыканнем. Каля хлява на павернутых скрынках сядзелі бацька і сусед дзядзька Фёдар, курылі і пра нешта ціхі размяўлялі. Раптам наваколле прарэзаў мамін крык.

– Тата, – кінулася да бацькі Маруся, – цётка Анэля не здолее маму вылячыць. Трэба доктара з горада прывезці!

Бацька прамаўчаў, а дзядзька Фёдар усміхнуўся і разважліва зазначыў, што лячэнне не бывае хуткім. Да вечара мама абавязкова паправіцца. Неспадзявана дзеці зноў пачулі пранізлівы мамін крык. Спалоханая чародка вераб’ёў пераляцела на бэзавы куст. Бацька ўцягнуў галаву ў плечы і неяк увесь сцяўся. Малыя спалохана прыціхлі. Праз некалькі хвілін на парозе хаты паказалася цётка Анэля і паклікала ўсіх дадому.

Мама ляжала на ложку і ціха ўсміхалася. Каля яе мірна пасопваў туга загорнуты ў пялёнкі малы.

– Ну што, дзеці, прынесла я вам з амбулаторыі браціка. Глядзіце, які прыгожы, — прамовіла цётка Анэля.

Першым да ложка асмеліўся падысці Колька. Ён ціхенька правёў пальчыкам па цёплай шчочцы малога. Той скрывіўся, пакруціў галавой і пакрыўджана заплакаў, чым адразу ж не спадабаўся Марусьцы: ну, вось, гэткая ж румза, як Колька!

– Не трэба нам хлопчык, – неспадзявана павярнулася яна да акушэркі. – Забірайце яго сабе назад у амбулаторыю. У нас ужо ёсць адзін, а я хочу сястрычку! – рашуча заявіла дзяўчынка. Не слухаючы тлумачэнняў, малая ўпарта паўтарала: не трэба, не хочу! Урэшце цётка Анэля стамілася і, хітра зірнуўшы на Марусю, сказала:

– Ведаеш што, у сяброўкі тваёй Надзькі Бабровай бацькі з горада прывезлі дзвюх маленькіх дзяўчынак. Навошта ім дзве? Схадзі і спытай, можа згодзяцца памяняць адну на твайго браціка.
Маруся бавіць час не стала. Бабровы жылі на другім канцы вёскі. Калі малая дабралася да патрэбнай хаты, пачынала цямнець. У пакоі першае, што яна ўбачыла, была шырокая люлька, у якой спалі дзве маленькія дзяўчынкі. Калыску паціху гойдала старая.

– Бабулечка, – узмалілася з парога Маруся, – сёня цётка Анэля прынесла нам з амбулаторыі хлопчыка, бо дзяўчынкі там ужо закончыліся. А ў нас ужо ёсць шкоднік-Колька, таму я вельмі хочу дзяўчынку. Давайце памяняем адну вашу на нашага хлопчыка. Тата і мама згодны!

Аднак абмен так і не адбыўся. То трэба было чакаць згоды таты, які быў у горадзе; то дзяўчынкі хварэлі, і іх доўга лячыла цётка Анэля; то раптоўна памерла старая бабуля Бабровых, і тым было не да Маруські з яе бядой… 

У турботах прайшло некалькі месяцаў… Амаль штодня тата з мамай працавалі ў полі, пакідаючы Кольку і маленькага Васілька пад наглядам Марусі. Нягледзячы на ўзрост, яна аказалася клапатлівай, адказнай і вельмі любячай нянькай. Праз некаторы час Васька стаў яе “хвосцікам”, другім “я”.

– Му-у-ська, – толькі і чуўся яго плаксівы галасок. І Маруська, кідаючы ўсе справы неслася на кліч малога. З яе паяўленнем усё станавілася на свае месцы – умомант прыціхалі крыўдзіцелі, загойваліся ранкі на руках і нагах, прышываліся адараваныя гузікі.

Ішоў час. У дарослым жыцці дзіцячая прыхільнасць перарасла ў цёплую любоў малодшага брата і старэйшай сястры. І сёння, калі я, маці дзвюх дочак і сына, бабуля траіх амаль дарослых унукаў, чую ў тэлефоннай трубцы такі родны і цёплы голас: “Добры дзень, Мусенька! Як жывеш? Еду ў камандзіроўку, на зваротным шляху абавязкова зазірну…”, на душы ўмомант становіцца ціха і светла:

– Добры дзень, малыш, – радасна адказваю я і ў думках жадаю дарагому чалавеку лёгкай дарогі.

М.А.М. г. Лунінец.



Показать больше

Похожие статьи

Одно Сообщение

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть