Культура

«Дрыц-тыц Фіксікі»

img_5283

Усе мы калісьці былі дзецьмі. І ў гэты цудоўны час вера ў казку была непарушнай. Сапраўдны цуд адбываўся на сцэне Дома культуры чыгуначнікаў, куды завітаў Беларускі гульнявы тэатр роставых лялек «Dolls4All». Напоўненая дзеткамі зала замерла ў чаканні любімых «ажыўшых» мультыплікацыйных і казачных герояў, сярод якіх Фіксікі, Спанч Боб, Міньёны, Маша і Мядзведзь, Баба Яга і многія іншыя.

Паказанае прадстаўленне «Дрыц-тыц Фіксікі» – гэта гісторыя, напоўненая захапляльнымі прыгодамі, чароўнымі сітуацыямі, нечаканымі адкрыццямі. Непадробныя эмоцыі захаплення былі на тварах кожнага малога. Розныя заданні па выратаванні любімых персанажаў з рук шкоднай Бабы Ягі, танцавальны флэшмоб з імі на адной сцэне, а таксама фота на памяць не пакінулі абыякавымі маленькіх гледачоў. Паўтары гадзіны сталі незабыўным падарункам для дзетвары і выдатным адпачынкам для бацькоў.
Пра тое, як прыйшла ідэя стварэння тэатра, як «нараджаюцца» лялькі, і пра планы на будучыню расказаў дырэктар  Іван Каско. Ён сам – і мастацкі кіраўнік, і дырэктар тэатральнай студыі “Мелодыя душы”. Калі даведаўся пра “Маскоўскі тэатр роставых лялек”, узнікла ідэя стварэння аналагу ў Беларусі, між іншым – адзінага ў краіне.

– Роставыя лялькі выкарыстоўваюцца у многіх раёнах краіны, але вось маштабныя мюзіклы з іх дапамогай ніхто не робіць. Ды і ствараў у першую чаргу не для сябе, а каб дзеці развівалі свае здольнасці і мелі магчымасць культурна і цікава бавіць час. Калі бачу іх радасныя твары, акрыленасць, я проста шчаслівы.

Сёння ў тэатральным “арсенале” 35 артыстаў і больш за 50 лялек. На маё пытанне, дзе набываюць лялькі, Іван Іванавіч адказаў:

– Мы іх не купляем. Разам з мастаком-мадэльерам Аксанай Кашмяк і дзецьмі, робім самі. Магазінная роставая лялька каштуе 700 рублёў, а самаробная абыдзецца ўсяго ў 100.

– Лічачы, што датай стварэння тэатра быў 2012-ты, атрымліваецца, хутка першы юбілей?

– Сапраўды, пяць… А, здаецца, зусім нядаўна толькі ў марах думку выношваў.

– А чаму назва “Dolls4All”?

– У перакладзе з англійскай мовы яна азначае “Лялькі для ўсіх”. Нашы артысты – моладзь, школьнікі. Яны – сэрца тэатра. Назву прыдумвалі разам. А мы, людзі больш сталага пакалення, стараемся быць з імі на адной хвалі.

– А вашы дзеці наведваюць заняткі?

– А як жа! У мяне іх шасцёра, і кожны пабываў у ролі абранай лялькі.

– На Лунінеччыне былі ўпершыню? Як вам наш маленькі глядач?

– Прыемна ўражаны напаўняльнасцю залы, шчырасцю ўсмешак і, дарэчы, паслухмянасцю малышоў. З радасцю завітаем да вас яшчэ раз з новай праграмай.

– Дзякуй, Іван Іванавіч, за гутарку і вашу добрую справу. Да хуткай сустрэчы!

P.S. Для юных артыстаў надыходзіць гарачая пара. Цяпер тэатральная студыя займаецца падрыхтоўкай да навагодніх свят. Гэта будзе пастаноўка «Пацешныя прыгоды снегавіка Олафа ў краіне чароўных парасонаў і мыльных бурбалак», якую плануецца правесці і ў нашым горадзе.

Наталля Арашкевіч

img_5214 img_5221-kopiya img_5228 img_5229 img_5237 img_5243 img_5245 img_5248 img_5251 img_5254 img_5259 img_5264 img_52660-img_5273 img_5269 img_5279 img_5287 img_5296 img_5336 img_5340 img_5344



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть