Культура

ДЫЯМЕНТЫ ЛЮБВИ

выпраменьваюць жыхары Лахвы Неаніла Цімафееўна і Раман Філімонавіч РАМАНОЎСКІЯ, якія 20 кастрычніка адзначаюць брыльянтавае вяселле – 60-годдзе сумеснага жыцця.
Яны нарадзіліся ў адной вёсцы. У дзяцінстве розніца ў 6 год здаецца даволі істотнай. Магчыма, дзяўчынка і глядзела закаханымі вачамі на высокага зграбнага суседскага юнака, ды ён не звяртаў увагі на малечу. Сялянская праца на Барсукоўскім хутары не пакідала вольнага часу. Потым свет ускалыхнулі бурлівыя вятры палітыкі. У Польшчы пачалася другая Сусветная вайна, якую ад Заходняй Беларусі адцягнула ўз’яднанне з БССР. Калі фашысты ўсталявалі акупацыйны рэжым і на нашай зямлі, Раман далучыўся да партызанскага руху. Баец атрада імя Катоўскага брыгады імя Будзённага Пінскага злучэння вызваленне сустрэў 18-гадовым. У Чырвонай Арміі набыў спецыяльнасць вадзіцеля. Служыў у Падмаскоўі, Бесарабіі, а пасля заканчэння Вялікай Айчыннай…
–Цяпер можна прызнацца ў ваеннай тайне, – усміхаецца ветэран вайны. – Нас кінулі ў Іран на ахову мяжы з Іракам, дзе стаялі амерыканскія войскі.
Па чарговым загадзе воін-інтэрнацыяналіст быў накіраваны ў Баку, адтуль – на Сахалін, на мяжу з Японіяй. У 1950-ым завяршыўшы вайсковы шлях, зямляк ці не год дабіраўся дамоў: прамога злучэння з Далёкім Усходам тады не было.
–Сусед зайшоў у бацькоўскую хату, – прыгадвае Нэлі Цімафееўна (аднавяскоўцы скарачаюць моднае ў 1930-ыя гады жаночае імя). – Кажа: Раман вярнуўся з арміі. У мяне сэрца ёкнула…
Яны яшчэ не былі знаёмыя, але, вядома: шлюбы заключаюцца на нябёсах. Рукі вяскоўца, не зняўшага гімнасцёрку, запатрабаваліся на будаўніцтве дома, дзе быў заняты і бацька 18-гадовай прыгажуні. Дачка прыносіла яму абед, захапляючыся спрытнай працай маладога чалавека.
–Яшчэ раней, на вячорках, вока на яе палажыў, але раздумваў: так многа было навокал прывабных дзяўчын, – жартуе Раман Філімонавіч.
–Забыўся, што і я сябравала з хлопцам? – лёгка супярэчыць жонка. – А ты яму адразу: спачатку армію адслужы, а потым да дзяўчат заляцайся. І нікога не падпускаў да мяне! У жніўні пазнаёміліся, у кастрычніку вяселле згулялі.
–Якая ў цябе недзявочая памяць! – парыруе муж. – А дзе ж раскайванне ў памылках маладосці? Я шчыра павініўся за грахі, а ты не прызнаешся!
–Няма ў чым, і ты гэта ведаеш лепш за мяне, – усмешка не пакідае Нэлі Цімафееўну. – Была занята работай, гадавала дзяцей, завіхалася па хатняй гаспадарцы. Толькі назірала, як рассякаў паветра на сваім «студэбекеры”. Яшчэ б, у шафёра ўсе жанчыны закаханы, магчыма, якаясьці і запрасіла «налева”…
Паўжартоўны дыялог дапамог умацаваць кароткае знаёмства. Даведаліся, што спецыяльнасць вадзіцеля была запатрабавана на Лахвенскай нафтабазе, ад якой маладая сям’я атрымала службовую кватэру. Калі Раман Філімонавіч перайшоў у калгас «Перамога”, вырашылі будаваць сваё жытло. Выбралі цудоўнае месца на ўзбярэжжы Смердзі, узвялі невялікі дом, дзе хапала месца бацькам і тром дзецям (дагэтуль – любімае месца адпачынку 7-мі ўнукаў і 4 праўнукаў). Нелі Цімафееўна 11 год працавала ў школьным буфеце (тагачасныя вучні сведчаць аб надзвычайнай дабрыні жанчыны), потым яшчэ 22 – у кафэ «Верас” філіяла «Грамадскае харчаванне”. Прыгадвае: калектыў быў такім сумленным і згуртаваным, што пры выхадзе на пенсію яна вельмі сумавала па сяброўках. Але магчымасць знаходзіцца дома дапамагла жонцы зменшыць уплыў на мужа вясёлай кампаніі, якая б магла прывесці да бяды. Калі купілі ўласны аўтамабіль, Раман Філімоновіч, даў слова «кінуць піць”, грэбуючы пад’южваннем сабутэльнікаў, і трымае абяцанне дагэтуль.
Загартаваны прыхільнік здаровага ладу жыцця не хавае ўдзячнасці «другой палавінцы” за мудрасць і дараванне. Захаваўшы цікавасць да сучаснасці, пяць год таму гаспадар правёў у дом водаправод, абсталяваў ванны пакой з электраабагравальнікам. Прафесія засталася захапленнем: спраўна кіруе дагледжанай «іншамаркай”, наведваючы разам з жонкай сем’і сына – у Слуцку, дочак – у Смалявічах і Мікашэвічах.
–Кожны ранак пасля снедання ідзе «на работу”, – смяецца Нелі Цімафееўна. – Дзень у гаражы праводзіць каля свайго «жалеза”.
–Дарэчы, вычытаў у раёнцы, што Віцебшчыне патрабуюцца механізатары, – зноў жартуе Раман Філімонавіч. – Можа, паехаць у заробкі?
–Хопіць табе работы і тут – пастаянна ж просяць суседзі, каб трактарам дапамог апрацаваць агароды…
Шчырасць душы Раманоўскіх прыцягвае да іх сядзібы вяскоўцаў. Кіраўнік спраў Лахвенскага сельвыканкама Ева Аляксандраўна Лукашэвіч адзначае, што ў вёсцы складана прывесці другі прыклад такога дзейснага добрасуседства, якое захоўвае сям’я з навакольнымі.
Мы радаваліся за старых, якія захавалі запал душы і не здаюцца гадам. З надыходзячым брыльянтавым вяселлем юбіляраў павіншавалі начальнік раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірына СЕМЯНЧЭНКА (на здымку) і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Патурай (гаспадарам прыемным сюрпрызам было пазнаёміцца, як высветлілася, з дачкой іх сябра маладосці).
Днямі Раманоўскія святкуюць адметную сямейную дату. Бацькі звернуцца да нашчадкаў са спрадвечным наказам сумленна працаваць, а дзеці (якія набылі вышэйшую ці спецыяльную адукацыю і адбыліся як асобы) будуць жадаць дарагім заснавальнікам роду сабраць усіх у роднай вёсцы як мінімум на другое брыльянтавае, ці кароннае, вяселле.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть