Культура

Джон і Мэры

Да Новага года заставалася некалькі гадзін. Стол быў ужо святочна сервіраваны, а пад ёлкай прыгожай горкай ляжалі падарункі. З хвіліны на хвіліну павінны паявіцца доўгачаканыя госці – дзве дачкі з сем’ямі. Новы год нязменна сустракалі разам у бацькоўскім доме. Не здрадзілі традыцыі і тады, калі таты не стала. Марына Мікалаеўна пры ўспаміне аб мужы цяжка ўздыхнула: урач, сам ніколі не хварэў, а за два месяцы «згарэў” ад страшнай хваробы.
З прыходам дзяцей і ўнукаў кватэра напоўнілася шумам і смехам: жыццё працягвалася. Перыядычна тэлефанавалі сябры, раз-пораз брала трубку сама, каб павіншаваць добрых знаёмых. Чарговы званок быў з бальніцы, дзе працавала: прывезлі жанчыну, патрэбна тэрміновая аперацыя. У аддзяленні ўважліва агле-дзела хворую, даведалася, што з вострым болем яе знялі з цягніка. 
Аперацыя працягвалася некалькі гадзін. Пазней у ардынатарскай Марына Мікалаеўна зрабіла некалькі неабходных запісаў і стомлена падышла да акна: «Вось і сустрэла Новы год….”. Роздум спыніў нечаканы стук у дзверы: медсястра паведаміла, што з урачом хоча пагаварыць муж толькі што пра-аперыраванай жанчыны.
Неўзабаве ў пакой увайшоў высокі мужчына з лёгкай сівізной на скронях. 
– Вам няварта хвалявацца, аперацыя прайшла паспяхова, добра што не спазніліся, – прыязна сказала, звяртаючыся да незнаёмца.
– Мэры, – раптам пачула ціхае ў адказ. – Мэры, – настойліва паўтарыў незнаёмец і ад гэтага голасу яна ўздрыгнула, здавалася, да самых кончыкаў пальцаў. 
Так яе называў толькі адзін чалавек у свеце – Павел, яе Пашка – першае і апошняе каханне. У адно імгненне яна ўспомніла далёкае юнацтва, сустрэчы, сябе ў яго абдымках, пяшчотныя вусны і голас, які зусім не змяніўся, нягледзячы на прайшоўшыя гады.
– Мэры, я кахаю цябе! Я нікому цябе не аддам, нават – смерці! 
О, гэты голас з юнацтва! Як верылася тады, што менавіта так і будзе заўсёды. Толькі для яе Пашка ахапкамі насіў кветкі, якія бессаромна зрываў у чужых палісадніках. Гаспадыні даравалі яму ўсё: вельмі ж прыгожай яны былі парай – высокі блакітнавокі юнак і прыгажуня-дзяўчына з тоўстай да пояса касой.
Аднойчы сябры аднекуль прынеслі замежны часопіс. На вокладцы – прыгожы здымак амерыканскага астранаўта Джона Глена. Падабенства Пашкі да знакамітага амерыканца было ўражваючым – тая ж светлая ўсмешка, блакітныя вочы, русыя валасы… Словам, з той пары Пашка для сяброў стаў Джонам.
Пасля выпускных экзаменаў у школе закаханыя паступілі ў ВНУ: Марына – у медыцынскі, Павел – у авіяцыйны. Ён быў на другім курсе, калі раптоўна захварэў і памёр бацька. Ад гора злягла маці. А калі не стала і яе, Павел вымушаны быў кінуць інстытут і прыехаць у родны горад, каб даглядаць 13-гадовых братоў-двайняшак.
Закончыўшы інстытут, Марына атрымала накіраванне ў Свярдлоўск і паехала туды адна: каханы не мог пакінуць без нагляду малодшых. Яны рэгулярна абменьваліся лістамі, пакуль аднойчы не атрымаў пасланне ад незнаёмага мужчыны, у якім той паведаміў, што яны з Марынай кахаюць адзін аднаго, хутка пажэняцца, а таму яму, Паўлу, лепш не перашка-джаць іх шчасцю…
Ён горка перажываў здраду. Выручала работа ды вучоба на завочным аддзяленні інстытута. Праз нейкі час боль суцішыўся. А яшчэ праз год-другі Пашка ажа-ніўся з маладой настаўніцай, што па размеркаванню прыехала ў адну са школ маленькага гарадка. Неўзабаве нарадзіліся дачка і сын.
І раптам – гэтая сустрэча… Здавалася, яны вярнуліся ў юнацтва, успамінаючы школу, сяброў, сваё каханне. Трывожна ўглядваліся ў твары, шукаючы знаёмыя рысы, якія не паспеў сцерці час. Абодва разумелі, што маладосць не вернеш, у кожнага за плячамі – жыццё, сагрэтае роднымі людзьмі, якім проста немагчыма здрадзіць. І ўсё ж разумелі, што ніякія сілы – нябесныя і зямныя – не прымусяць іх забыць тое першае светлае каханне, што ледзь адчувальным святлом сагравае іх усё жыццё.
Т.М. г. Лунінец.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть