Культура

Дзве казкі жыцця

Гэтыя дзве сям’і жывуць у адной вёсцы. Абедзве – мнагадзетныя. У адной гадуюцца чацвёра, у другой – пяцёра дзетак. І тут, і там бацька і маці імкнуцца забяспечыць іх неабходным, выгадаваць годнымі і здаровымі, дапамагчы вызначыць жыццёвы шлях. Праўда, кожны – па свайму разуменню.

КАЗКА ПЕРШАЯ – СУМНАВАТАЯ
Рэдакцыйныя Дзед Мароз і Снягурка завіталі на падворак старой хаты надвячоркам. Паўразбураныя хлявы даўно не бачылі ніякай жыўнасці. Толькі за хатай сумна пераміналіся з нагі на нагу некалькі качак. У двары мужчына цягаў вялікія чурбаны, дэманструючы клопат пра цяпло ў доме. Заўвага пра тое, што руплівы гаспадар нарыхтоўвае дровы на зіму не ў канцы снежня, а прыкметна раней, засталася без адказу.
Хата старая, дасталася сям’і яшчэ ад прабабулі з прадзядулем. Маленькія цьмяныя сенцы вядуць у пакой, які цяжка назваць кухняй. Палову яго займаюць грубка і старая канапа. Нягледзячы на тое, што да дома падведзены прыродны газ, ацяпляецца адзіны жылы пакой, дзе асноўнай мэбляй з’яўляюцца ложкі, па старынцы – дровамі.
Наладзіць сучаснае ацяпленне не стае грошай – бацька і маці не працуюць. Праўда, жанчына атрымлівае невялікую плату за сацыяльныя паслугі – даглядае нямоглага чалавека. Асноўнай жа фінансавай крыніцай застаецца работа ў фермераў. Абодва пераканана запэўніваюць, што там за паўтара тыдня яны з лёгкасцю заробяць суму, якую ў мясцовым сельгаскааператыве плацяць за месяц. На якія грошы сям’я жыве, калі заканчваюцца сезонныя работы ў фермераў, так і не змаглі даведацца. Абыякава сустрэлі яны меркаванне і пра тое, што работа ў сельгаскааператыве магла б даць перспектыву атрымання годнага жылля. “Нам і тут добра”, – прагучала ў адказ.
Тым часам у хату прыбегла дзетвара. У спробе прыладзіць у вольным ад шматлікіх ложкаў куце невялікую сасонку, хлапчукі здзіўлена пазіралі на нечаканых гасцей. Дарэмна Дзед Мароз стараўся разварушыць іх, выклікаўшы на размову. Усміхнуліся толькі аднойчы – прымаючы падарункі і цацкі.
Развітваючыся, пакінулі ў сям’і набор прадуктаў: было бачна, што тут ён будзе зусім не лішнім. Вось толькі не давала спакою пытанне: ці навучацца ў такой абстаноўцы малыя годнаму самастойнаму жыццю?

 

КАЗКА ДРУГАЯ – СВЕТЛАЯ
Далей рэдакцыйная машына ўзяла кірунак на вуліцу новай забудовы, дзе адзін за другім у рад выстраіліся катэджы мясцовага сельгаскааператыва. Адзін з іх атрымала мнагадзетная сям’я, куды і спяшаліся з падарункамі Дзядуля Мароз і Снягурка.
На вялікім двары, дзе знайшлося месца шматлікім патрэбным пабудовам, гаспадар з гаспадыняй завіхаліся каля запрэжанага воза. Задумліва аглядаў наваколле сімвал надыходзячага года – конь. Вялікая чарада курэй, хлявы, дзе гучным рохканнем заяўлялі пра сябе парсюкі, сведчылі пра тое, што жыве тут самая сапраўдная вясковая сям’я, якая ў побыце звыкла разлічваць на свае працавітыя рукі. Так яно і сталася.
Запрашаючы ў дом, мнагадзетныя бацькі расказалі, што працуюць у сельскай гаспадарцы шмат год. У ліку іншых у свой час атрымалі добраўпарадкаваны катэдж. Не так даўно змаглі яго прыватызаваць. У доме – прыродны газ, выгоды. Жыве сям’я небагата, але пяцёра дзяцей не бываюць галоднымі: руплівыя тата і маці трымаюць вялікую гаспадарку. Гэтая акалічнасць стала перадумовай таго, што дзеці з маленства прывучаныя да працы.
Тым не менш, бацькі шчыра клапоцяцца пра тое, каб яны добра вучыліся і, пры магчымасці, здолелі працягваць адукацыю ў тэх-нікуме ці ВНУ. Калі ж не здарыцца, адчайвацца няварта: на зямлі заўсёды здолее ўпэўнена адчуваць сябе той, хто не баіцца працы. У гэтым бацькі – цудоўны для дзяцей прыклад.
Вялікі дом сустрэў цяплом. Бацька растлумачыў, што грошай на гэтыя мэты не шкадуюць. Меншая трохгадовая дачушка звыкла пасля садка бегаць дома ледзь не басанож.
Моцнымі ножкамі малая прытупацела да незвычайных гасцей, усміхнулася насустрач
і смела ўселася на калені да Снягуркі. Нашы сэрцы сагрэла шчырая радасць, з якой малыя прымалі навагоднія падарункі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть