Культура

Экзамен для жывых

Ёсць месца, куды кожны з нас заходзіць з асабліва шчымлівым пачуццём. Тут усё па-іншаму бачыцца і глыбей адчуваецца. Гэта – могілкі, на якіх пахаваны блізкія людзі, пакаленні дзядоў і прадзедаў. Яны жылі ў мінулым, мы многіх не ведаем у твар, толькі чулі пра іх жыццёвы шлях ад старэйшых. Але магілы з драўлянымі ці металічнымі крыжыкамі, або са старымі, часта пахіленымі ад часу помнікамі, нагадваюць нам пра змену пакаленняў і недаравальна кароткі зямны шлях.
«Прохожий, вспомни мой прах, я дома, а ты – в гостях» – надпіс на незнаёмай магіле прымушае задумацца пра хуткаплыннасць часу.
Могілкі могуць нам многае расказаць пра жывых. Маю на ўвазе догляд магіл сваіх продкаў. Ведаючы знаёмых, адразу бачна, хто і як клапоціцца пра старыя пахаванні. Калі не застаецца блізкіх родзічаў, місію бяруць на сябе маладзейшыя ўнукі і праўнукі, пляменнікі ці проста добрыя знаёмыя. Догляд за чужымі магіламі нікому і ніколі не будзе лічыцца грахом. І расце ў душы павага да людзей, якія з любоўю і цярпеннем знаходзяць для гэтага час. Зараз ставяць многа новых помнікаў замест старых крыжоў на пахаваннях часам паўвекавой даўнасці, знахо-дзяцца старыя фотаздымкі. Напэўна, гэта якраз тое месца, дзе жывыя поўнасцю раскрываюць сваю душу, паказваючы чалавечнасць, дабрыню і сумленне.
Але як балюча бачыць знявечаныя ад часу надмагільныя крыжы тых магіл, у якіх засталіся недалёкія ро-дзічы, але некалькіх гадзін для навядзення парадку ў іх не хапае ніколі.
Ведаю жанчыну, якая кожнай вясной пачынае бясконцыя сваркі з блізкімі, вырашаючы, каму прыйшла чарга прыбіраць пахаванні свёкра і свекрыві. Страціўшы многа часу і нерваў для высвятлення адносін, яна сама ніколі не возьме ў рукі граблі і венік. Ці не стане такое стаўленне да продкаў дрэнным прыкладам для яе дзяцей і ўнукаў, бо, як вядома, галоўнае выхаванне нашчадкам мы даём сваімі добрымі ці дрэннымі ўчынкамі.
Зноў вясна – падмеценыя вуліцы, пабеленыя дрэўцы, першая зеляніна. Хутка радаснае “Хрыстос уваскрэс” разнясецца над наваколлем, абвясціўшы прыход вялікага свята. Каб аддаць даніну павагі родныя прыйдуць на Радуніцу на могілкі з кветкамі і рознакаляровымі стужкамі. Тут будуць слёзы і словы прабачэння, маўчанне і светлыя ўспаміны пра пайшоўшых у небыццё. А чыстыя дагледжаныя магілы стануць своеасаблівым экзаменам для жывых.
Давайце як мага менш пахаванняў пакінем непрыбранымі, каб не было сорамна перад знаёмымі, і каб тыя людзі з вечнасці не глядзелі на нас з дакорам.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть