Культура

Фабрыка ўвекавечана ў вуліцы

фабрикаПамяць аб Лунінецкай шпалапрапітачнай фабрыцы захоўваюць і на Навагрудчыне, адкуль паходзілі спецыялісты чыгуначнага прадпрыемства, вядомага з пачатку ХХ стагоддзя.
Не кожны лунінчанін адкажа, чаму адна са старых вуліц горада носіць назву Фабрычная. І мясцовым гісторыкам няшмат вядома аб прадпрыемстве, якое з 1903 года вырабляла такую неабходную для сталёвых магістраляў прадукцыю. Па 1910-ы “хлорыстым цынкам, па спосабу Бетэля, з папярэдняй прапаркай і вакуумам было прапітана 3.132.619 шпал на суму 781.320 рублёў 23 капейкі”.
Планамернае развіццё шпалапрапітачнай фабрыкі замарудзілі, а потым і канчаткова спынілі катаклізмы 1914-1921 гг. Памяшканні пацярпелі ад бамбёжак, якіх хапіла і ў Першую сусветную, і ў Грамадзянскую, і ў савецка-польскую войны. Праз пэўны час прадпрыемства закрылі, а трывалую цэглу выкарысталі на ўзвя-дзенне касцёла і шэрагу будынкаў.
86-гадовая Надзея Раманчык з вёсцы Ятра Навагрудскага раёна паведаміла, што дырэктарам шпалапрапітачнай фабрыкі ў Лунінцы быў Юліян Міхайлавіч Ліс. Тут жа працаваў яго малодшы брат Кліменцій. Іх пляменніца – Варвара Міхайлаўна Ліс (дачка старэйшага брата) – гэта свякроў аўтаркі ліста. Яна дапамагала дзядзьку гадаваць дзяцей ў Лунінцы, назаўсёды захавала цёплыя ўспаміны пра наш горад і яго жыхароў, перадала гэтае пачуццё нявестцы.
Хаця Надзея Дзмітрыеўна ніколі не наведвала Лунінец, цяпер зрабіла нам цудоўны падарунак фотаздымкам і расповядам. Мяркуючы па ім, браты былі забяспечаныя і прыстойныя людзі. Вось радкі з ліста:
“Калі іх мама Агафія Якаўлеўна Ліс (1833-1912) памерла, браты заказалі помнік за 500 рублёў залатых. З Вільні яго даставілі чатырма коньмі. На помніку занатаваны надпіс:
“Прохожий, помолись над могилой
За душу грешную мою,
Как я перед Святым Престолом
Буду молиться за твою”.
Па просьбе паважаных ураджэнцаў Ятры іх маці была пахавана каля царквы. Побач у памяць аб ёй браты ўзвялі мураваную каплічку. На жаль, абодва храмы былі разбураны ў час апошняй вайны, а помнік стаіць і цяпер…”.
Некаторымі звесткамі на падставе сямейных хронік падзялілася ўнучка Міхаіла – Раіса Іванаўна Бузук з Баранавіч, з якой звязалася па тэлефоне:
– Дасланы вам здымак зроблены да 1915 года. Малодшаму сыну Юліяна было 3 годзікі, калі яго мама, Эвеліна, памерла. Затым страцілі і брата-падлетка… Наша сям’я была праваслаўнай. Відавочна, браты майго дзеда былі добрымі спецыялістамі, таму што працягвалі працаваць на чыгунцы і пры польскай уладзе. Памятаю яшчэ адзін здымак – абодва ў чыгуначных паліто з эмблемамі сядзяць, а вакол іх стаяць рабочыя ў куртках… Кліменцій не меў сям’і. Калі дасягнуў пенсійнага ўзросту, пераехаў у Ятру і жыў у нашым доме. Памятаю годнага самастойнага старога з пышнымі вусамі і тростачкай. У дзень, калі ён ехаў у Навагрудак за пенсіяй, апранаў чыгуначную форму і ехаў на вазку, якім кіраваў дзядзя, як вялікі начальнік… Мой дзед Міхаіл (1853-1932) памёр, калі мне было два тыдні, а пахаванне Кліменція (каля 1869-1937) засталося ў маёй памяці з дзяцінства. Абодва пахаваны ў вёсцы Ятра… Юліян заставаўся ў Лунінцы. Нам паведамілі пра яго смерць у той жа час, як мы хавалі нашу бабулю Сцепаніду. Гэта было ў канцы 1944-га. Дзеці яшчэ паспелі паставіць сціплы помнік, але па волі лёсу Аляксандра і Іван, у якіх “другія палавінкі” былі каталікамі, выехалі ў Польшчу. Лунінец, дзе знайшлі апошні прытулак брат дзеда з жонкай і сынам, аднойчы наведваў мой сын, а цяпер не ведаю, ці захаваліся іх магілы… У Польшчы пражывае сын Івана – Юліян, але, на жаль, сувязі не падтрымліваем.
У прыходскай кнізе Лунінецкай Свята-Крыжаўзвіжанскай царквы за 1927 год выявіла наступны запіс. У чыгуначным доме №73 пражывалі Юліян Міхайлавіч Ліс (н. 04.09.1874) і яго брат Кліменцій. Адзначана, што дачка Аляксандра (н. 06.11.1908) выйшла замуж. Указаны два сыны: Віталь (10.08.1910-23.01.1923) і Іван (н. 28.06.1912).
У архіве ЗАГСа знойдзены дакумент, згодна з якім “Юліян Міхайлавіч Ліс, домакіраўнік гарсавета, памёр ад бранхіяльнай асмы ва ўзросце 70 год 9 снежня 1944 года”. Хавалі яго з дома №8 па вуліцы 17-га Верасня. Магчыма, гэта і ёсць загадкавы “чыгуначны дом №73”? Спадзявалася працягнуць пошук у архіве ЖКГ, але ён вядзецца толькі з 1948 года…
Хаця і няшмат удалося высветліць, будзем лічыць гэта толькі пачаткам даследавання. Дзякуючы неабыякавым суайчыннікам, напярэдадні маючага адбыцца 130-годдзя адкрыцця руху па станцыі Лунінец, чыгуначная гісторыя горада папоўнілася яшчэ адной старонкай.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть