Гасціннасць па-цнянску
Культура

Гасціннасць па-цнянску

цнаКультработнікі разам з мясцовай уладай арганізавалі ў Цне цудоўную сустрэчу землякоў і гасцей, што адлюстравала шчырасць душ жыхароў паселішча.
Двары вабілі стракатымі дыванамі кветак і гнёздамі буслоў з маладымі, яшчэ не стаўшымі на крыло, птушкамі. Многія агароджы ператварыліся ў бясконцую галерэю бясцэнных скарбаў, якія былі створаны залатымі рукамі вясковых майстрых, і цяпер беражліва вынуты з іх пасагавых куфараў. Асабліва ўражвалі вышытыя кашулі і фартухі, вытканыя з танчайшага лёну, што захоўваюцца ўжо больш як стагоддзе! У прыгожых альтанках ці проста каля веснічак сталы “ламіліся” ад разнастайнага “смакоцця”, якім ад душы частавалі гаспадары. Бабулі не імкнуліся канкурыраваць з маладымі кулінаркамі ў вырабе і аздабленні нацыянальных і экзатычных страў, але таксама сардэчна запрашалі адведаць іх сціплыя «хлеб-соль».
Пэўна, хтосьці са старых не змог бы дайсці да клуба, дзе, напрыклад, мерапрыемства ладзілася летась. А тут вясковае грамадства святочным шэсцем, на чале якога былі дэпутат райсавета Фёдар Бірыла і старшыня Гарадоцкага сельвыканкама Дзям’ян Бірыла, завітала на вуліцу! І нават нямоглыя жанчыны, перасоўваючыся з дапамогай слончыка, выходзілі і дзякавалі гасцям. Мужчыны стрымлівалі знешнія выказванні пачуццяў, захоўваючы годнасць “моцнай паловы”, але іх цёплыя ўсмешкі былі красамоўней за словы. Сваю любоў да землякоў дэманстравалі цяперашнія гараджане. Яны дапамаглі сваім бацькам падтрымаць гонар вуліцы Міру і аднайменнага завулка, а таксама вуліцы Зарэчная.
Дырэктар СДК (і стараста па сумяшчальніцтву) Ніна Патурай разам з бібліятэкарам Людмілай Германовіч былі вядучымі праграмы, шчодра аддзячыўшы падарункамі актывістаў свята.
На вялікай палянцы на ўзбярэжжы рэчкі Цна размясціліся і гульнявая пляцоўка з забавамі для дзетвары, і імправізаваная сцэна ў цені вялікіх дрэў для самадзейных артыстаў. Сваёй творчасцю радавалі жыхароў Наталля Бярозка (Азярніца), Надзея Дубініч (Любачын), Ніна Кіслюк (Сінкевічы), Сяргей Місікаў (Лунінец), удзельнікі аўта-клуба…
На зваротным шляху на чыгуначным прыпынку ўбачыла загадчыка Цнянскага фельчарска-акушэрскага пункта, якая вярталася дамоў пасля рабочай суботы. Людміла Міронава падзяліла мае захопленыя ўражанні:
– Некалькі разоў прапаноўвалі месца ў горадзе, але так падабаюцца жыхары гэтай вёскі, што адмаўляюся ад пераходу на іншую работу. Вось ужо 20 год працую ў Цне, стаўшы сапраўды сямейным доктарам. У свой час сачыла за здароўем матуль, потым – іх дзяцей, а цяпер ужо і за ўнукамі назіраю. Дабрыня тут перадаецца ў спадчыну. Таму і аблюбавалі буслы вёску…
Своеасаблівы гастранамічна-этна-графічна-музычны фестываль адбываўся ў дзень Архангела Гаўрыіла, які дорыць людзям добрыя весткі. Няхай цнянцам шчасціць на радасць сустрэч і паведамленняў! А яшчэ свята нагадала вельмі злабадзённую цяпер ісціну: будзе мір – будзе свята. І не толькі на вуліцы Зарэчная…



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть