Грукоча ў памяці чыгунка прыфрантавых яго дарог…
Культура

Грукоча ў памяці чыгунка прыфрантавых яго дарог…

дедокУ любую пару года сонца прывычна зазірае ў вокны невялікага дома ў Сасноўцы. Прасторны падворак, вялікія разгалістыя яблыні і… бясконцая цішыня. Даўно тут не чуваць дзіцячага смеху і гукаў маладзёжных тусовак, бо гаспадар ужо адсвяткаваў 86 год свайго жыццёвага адліку…
Я крышачку спазнілася сустрэцца з сям’ёй Лазіцкіх. Яшчэ некалькі тыдняў таму ў іх хаце панавалі гармонія, лад і спакой ад прыгожай сямейнай ідыліі. Але 90-гадовая гаспадыня Алена Пятроўна 14 жніўня пайшла з жыцця, забраўшы з сабой і задавальненне ад вечароў,
якія немаладая пара заўсёды праводзіла разам. Мінула ў нябыт усё тое, што сагравала два любячыя сэрцы на працягу 68-мі сумесных вёснаў і зім.
Цяпер Іосіф Мацвеевіч адчувае сябе адзінокім. Каб крыху аблегчыць горыч ад страты роднай жанчыны, зараз побач з ім засталася дачка Зінаіда, якая жыве ў Лу-нінцы. Разам спакайней
перажыць такі няпросты час, бо ў любым узросце балюча страчваць сваіх блізкіх.

Спачатку не ведала, як пачаць размову, каб не закранаць цяжкія ўспаміны. Таму ў першую чаргу спытала пра чыгунку. Гэта – галоўнае, што аб’ядноўвае тры пакаленні іх сям’і. Усё жыццё гаспадар шчыраваў на сталёвых магістралях, пачаўшы рабочы шлях яшчэ падлеткам на прыфрантавых пуцях. Тады дарога мела каласальнае значэнне для Перамогі. Калі фронт пайшоў на захад, давялося адбудоўваць страчаныя аб’екты, рамантаваць пашкоджанае палатно, рыхтаваць грузы для адпраўкі ў розныя кропкі краіны. Найбольш цягнікоў ішло туды, дзе адважныя воіны яшчэ мужна змагаліся з ворагам.
Непаўналетнім, Іосіф не змог стаць у рады абаронцаў са зброяй у руках, але маладая сіла спатрэбілася тут, на вялікай станцыі. Работа была цяжкай, найчасцей даводзілася займацца пагрузкай і выгрузкай. А пазней даручалі “скручваць вагоны”, “звёнку счапляць вінтавой счэпкай”. Мой суразмоўнік імкнуўся растлумачыць сам працэс, але я чула такія тэрміны ўпершыню.
Да фізічнай работы хлопец прывык з маленства, бо давялося рана зведаць сірочы хлеб. У час вайны памерлі бацька і маці, на руках падлетка засталіся дзве малодшыя сястры. Вялікі надзел зямлі даводзілася апрацоўваць самому. Юнак імкнуўся зрабіць як найбольш і як найлепш. Праўда, не ўсё атрымлівалася, але неяк выжывалі, плацілі падаткі дзяржаве.
Іосіф ажаніўся, не дасягнуўшы паўналецця. Спытаў згоду ў дзяўчыны, сам пайшоў у сельсавет, сказаў, што хоча аформіць шлюб, бо і вянчацца ў 17 год не дазвалялася. Не было чыстай паперы, далі аркуш старой газеты, на якім малады муж і занатаваў лёсавызначальны подпіс.
Так празаічна пачалося сямейнае жыццё ў маладой сям’і. І ніхто тады не думаў, што новаму шлюбу будзе адмераны доўгі шлях, што “сярэбранае” і “залатое” вяселлі будуць толькі кароткімі прыпынкамі на доўгай жыццёвай дарозе. А ў самым пачатку верылася, што разам будзе лягчэй спраўляцца з цяжкасцямі. Але ў 1948-ым маладога мужа прызвалі ў армію.
Служыць давялося на Урале. Як ужо дасведчанаму ў гэтай справе, даверылі будаваць чыгунку. Новыя сталёвыя магістралі ў далёкай Сібіры патрабавалі вялікай колькасці рабочых рук. Прасторы здаваліся бясконцымі, і зробленае імі было маленькай пясчынкай у запланаванай справе. Завезлі ў суровы край зімою, калі на тэрмометры было 48 градусаў марозу. Выгрузілі сярод чыстага поля, не было ніякага памяшкання. Першую ноч правялі, паклаўшы матрацы на снег. Шынель, якой укрываліся, ніколечкі не сагравала, закачанелыя рукі і ногі разміналі з дапамогай удараў па іх нечым цяжкім. Спачатку ўсё цела скоўвалася ад болю, але хутка траўміраванае месца станавілася гарачым. Назаўтра капалі зямлянкі ў мерзлаце. Слабейшыя тады паадмарожвалі ногі. Іосіфу пашанцавала на вялікі памер ботаў, у якія ўмяшчалася некалькі пар ануч. Тым і выратаваўся.
Яшчэ дапамагала адчуванне, што дома яго чакаюць. Ведаў, і там цяжка, бо краіна яшчэ толькі ўзнімалася з руін. Так, падтрымліваючы адзін аднаго ў думках праз тысячы кіламетраў, яны з Аленай спадзяваліся на сустрэчу.
Дамоў вярнуўся праз тры з паловай гады. Тут ужо бегала дачушка, якая не пазнала бацьку і не хацела пускаць яго ў хату. Але тата хутка змог знайсці агульную мову з малой, і неўзабаве яны сталі добрымі сябрамі. Потым нарадзі-лася малодшанькая, і жыццё пацягнулася сваім звычным шляхам.
Пуцеец Іосіф Мацвеевіч ніколі не спрабаваў сябе ў іншай прафесіі, акрамя чыгункі. І ўдзячны лёсу за магчымасць займацца любімай справай. Пад знаёмы і звычны грукат колаў калегі потым правялі яго на заслужаны адпачынак.
Жонка была калгасніцай, зведала ўсе тонкасці работы ў паляводстве. Даво-дзілася ўручную жаць, капаць, грузіць вазы і прычэпы. Ніхто з тых, хто не датыкаўся да ручных прылад сялянскай працы не зразумее, як перасыхала ў горле ад стомы, з’яўлялася цяжкасць ва ўсім целе. Алену Пятроўну заўсёды вылучала працавітасць. Нават у апошні час, перасягнуўшы мяжу ў дзевяць дзясяткаў год, яна сама спраўлялася з хатнімі абавязкамі. Засталіся ляжаць чысценькая бялізна і кашулі, якія жанчына вымыла і адпрасавала нядаўна. А хвароба падкралася нечакана і падкасіла за некалькі тыдняў.
Дачка Зінаіда Іосіфаўна цяпер на пенсіі, а да гэтага, па прыкладу бацькі, была чыгуначніцай. І хаця яна больш працавала ў канторы з паперамі, але гонар жыў у душы, што мае дачыненне да вялікага прадпрыемства, якое стала такім значным для горада. Дынастыя працягваецца і зараз – унук Андрэй – прыёмшчык цягнікоў. Пакуль толькі ён адзін прысвяціў сябе чыгунцы з 4 унукаў і 8 праўнукаў Іосіфа Мацвеевіча, але магчыма яшчэ некага з маладых неўзабаве пакліча да сябе пранізлівы паравозны гудок.
Пасведчанне аб рабоце на прыфрантавых участках чыгуначных пуцей у ваенны час дае ветэрану адпаведныя льготы. Але старому цяпер так мала трэба. Куды яму ехаць па бясплатным білеце, калі тут, дома, ёсць усё неабходнае для жыцця ў такім паважаным узросце? Галоўнае ведаць, што ў нашчадкаў усё ў парадку.
Сёстры Іосіфа Мацвеевіча яшчэ ў юнацтве пасяліліся ў Данецку. Адна памерла яшчэ маладой. На жаль, у яе не засталося нікога з нашчадкаў. Сувязь з сям’ёй другой сястры была страчана пасля пераезду на іншы адрас. А зараз так хвалюе іх лёс, калі трагічныя ваенныя падзеі адбываюцца на Украіне.
У маладосці гаспадар прарасціў грэцкі арэх і тоненькую быліначку пасадзіў на сядзібе. Цяпер гэта магутнае дрэва, якое дае жаданы цень у спякоту і дорыць прыемную магчымасць паласавацца незвычайнымі пладамі. І хаця ўраджай не такі багаты, як хацелася б, але арэхі, вырашчаныя сваімі рукамі, намнога смачнейшыя за купленыя ў магазіне. Менавіта дрэва, якое кожнай вясной абуджаецца ад зімовага сну і абрастае маладымі лісточкамі, дадае сіл і немаладому мужчыне. Сонца, якое прабіваецца праз галіны, неяк па асаб-ліваму сагравае яго адзіноту.
Ды ў сне часта грукоча чыгунка, якая стала асновай жыцця трох пакаленняў Лазіцкіх. Даючы рост гораду, яна ў першую чаргу дапамагла стварыць дабрабыт людзям, якія прысвяцілі ёй свае сілы і ўменне.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть