Культура

ГРЫБНЫ ДОЖДЖЫК

Згадзіну, калі не болей, кружыў Міколка па сваіх любімых грыбных мясцінах. Ды толькі ў кошыку, акрамя некалькіх упаўшых бярозавых лісточкаў ды сасновых іголачак, нічога не было. Сонейка імкліва спяшалася схавацца за няроўным зубцом далёкіх старых хвой, як на небе паявіліся шматкі касматых чорна-свінцовых хмар. Лёгкі ветрык жвава прабег па вершалінах стронкіх бярозак, адзінокіх асінак, купчастага алешніку. Загаманіла лістота на старых дубах. Услед за раскацістым гулам навальніцы сыпануў густы дожджык, ад якога настоенае за дзень спёкай паветра адразу асвяжылася. Каб не намокнуць, хлопчык сігануў пад крону старой ліпы, сэрцавіна якой была выпалена маланкай. Нягледзячы на глыбокую рану, дрэва расло, у час цвіцення прыцягвала сваім водарам пчол ды чмялёў. Міколцы тут было суха і ўтульна. З дупла ён з цікаўнасцю назіраў за наваколлем. Непагадзь сціхла гэтак жа хутка, як і пачалася. Хлопчык выйшаў са сваёй схованкі і вачам не паверыў: то там, то тут з-пад апаўшай лістоты і пачынаючай жаўцець травы, як на дражджах паявіліся на тоўстых ножках баравікі і сыраежкі. Чародкамі высыпалі жоўтыя лісічкі, а ў густых верасах і пад бярозкамі – чырвонагаловікі. Маленькім ножыкам-сцізорыкам Міколка акуратна падразаў грыбы, баючыся парушыць тоненькія нітачкі грыбніцы. Неўзабаве кошык быў напоўнены і хлопчык паспяшыў у бок вёскі. Выйшаў з лясной сцежкі на палявую, сустрэў калгаснага вартаўніка дзядзьку Сцяпана, які ішоў на начное дзяжурства. – Як справы, грыбнічок? – перакінуўшы сучкаваты кій з рукі ў руку і скруціўшы самакрутку, спытаў стары. – Бачу, хопіць у цябе грыбоў і на булён, і на смажанку. Малайчына, Міколка! – Хіба назбіраў бы столькі, – нібы апраўдваючыся, прамовіў хлопчык. – Калі б не гэты цёплы вячэрні дожджык. – Дык ён жа грыбны быў, – хітра падміргнуўшы, дадаў дзядзька Сцяпан. – Заўтра абавязкова і я ў лес схаджу.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть