Культура

Hand-made па-лунінецку

grushevskaya-i-chernookaya

Хто б мог падумаць, што ў эпоху багацця самых разнастайных тавараў, рукадзелле зноў стане папулярным заняткам у людзей розных узростаў і прафесій. З’яўляюцца цэлыя супольнасці аматараў квілінгу (тэхніка працы з паперай), дэкупажу (дэкарыраванне выразкамі з паперы), скрапбукінгу (афармленне фотаальбомаў і паштовак)… У чым поспех хэнд-мейду сёння? На гэтае пытанне адказваюць майстрыхі Алена ЧАРНАВОКАЯ (на здымку справа) і Дзіна ГРУШЭЎСКАЯ з Лунінца, якія ў краязнаўчым музеі адкрылі выставу-кірмаш, прымеркаваную да навагодніх і калядных святаў.

Ужо з парога трапляеш у яркі і святочны свет дзіўных рэчаў: белыя алені, закаханая парачка снега-вікоў, эксклюзіўныя каралі, завушніцы і чароўныя лялькі-цільды. А стваральніцы гэтай прыгажосці з усмешкамі сустракаюць гасцей і з задавальненнем распавядаюць пра творчасць.

Знаёмы рукадзельніцы яшчэ з дзяцінства, вучыліся ў адным класе і сваё жыццё звязалі з творчымі прафесіямі. Агульнае захапленне хэнд-мейдам – толькі адна з прыступак іх сяброўства. Абедзве – цудоўныя матулі і жонкі, часта праводзяць сумесныя сямейныя святы і маюць адну мару на дзвюх – адкрыць у горадзе майстэрню-магазін, дзе змогуць займацца любімай справай.


 

Палёт, які не спыніць

З хаосу пацер – гармонія прыгажосці! – дэвіз нашай госці. Дзіна Грушэўская займаецца стварэннем пышных упрыгожванняў, цікавых элементаў адзення і дэкора з бісеру. Яна з дзяцінства любіла гуляць з бусінамі, спрабавала вязаць, вышываць, на швейнай машынцы рабіла аплікацыі ў падарунак родным. І ўсё жыццё яе цягнула да нейкага рукадзелля, але да якога – не разумела…

Закончыўшы Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, па размеркаванні трапіла ў Нарачанскі край – Мядзель. Пазней паступіла ў інстытут культуры на мастака народных рамёстваў. Спрабавала сілы ў Мінскую акадэмію, але мара быць скульптарам так і засталася марай. Выйшла замуж і асталяваліся на малой радзіме. Неўзабаве нарадзілася дачушка, якой Дзіна прысвяціла ўсю сябе. Але хацелася займацца чымсьці для душы, і калі дзяўчынка падрасла, жанчына знайшла сваё месца ў бісерапляценні. За што яна так яго палю-біла? За практычна бязмежныя магчымасці і вялікую разнастайнасць упрыгожванняў. За тое, што можна экс-перыментаваць без аглядкі, ён ад гэтага не сапсуецца. Займацца продажам вырабаў яна пачала нядаўна. За некалькі год іх назбіралася так шмат, што на новыя рэчы ўжо не хапала месца для захоўвання.

– Мне вельмі прыемна “адпускаць” свае вырабы. І вельмі шчаслівая ад таго, што хтосьці будзе атрымліваць асалоду ад маёй творчасці. Але ёсць адна любімая карціна “Рамонкі”, вышытая на замшы, якую многа хто хацеў купіць, але вось чамусьці прадаць яе не магу… Быццам яна – маё другое “Я”.
На пытанне, дзе чэрпае ідэі, адказала:

– Натхненне – капрызная рэч, іншы раз сядзеш з прыгожым бісерам і камянямі, усё ёсць: і час, і жаданне, а з рук усё валіцца. А бывае малюеш эскізы, ускочыўшы пасярод ночы, каб паспець “схапіць за хвост” ідэю. У працэсе работы выніковы варыянт можа быць зусім не такім, які задумваўся першапачаткова. Але ж гэта і ёсць творчасць. Аднойчы ўсю дарогу дадому з работы ўяўляла сабе бранзалет. Муж павёў дачушку на гурток, я пад музыку пачала вышываць і паралельна рыхтаваць ежу. Як вынік – сям’я без вячэры. Спаліла, таму што забылася пра ўсё на свеце: гадзіны праляцелі, як адно імгненне. Дзякуй, муж не крыўдзіц-ца і разумее, што значыць творчая душа.

Дарэчы і Вячаслаў, і дачушка Ангеліна маюць свае захапленні. Дзевяцігадовая дзяўчынка абрала для сябе вырабы з палімернай гліны, а муж захапляецца разьбой па дрэве.

– Вельмі ўдзячна ім за падтрымку падчас творчых крызісаў. У нас шмат агульных інтарэсаў. Яны, як і я, любяць розныя выставы, цікавыя рэчы. Вось і ў краязнаўчым музеі ўжо ёсць работы Ангеліны, абмяркоўваем разам нейкія ідэі і яна першая бачыць тое, што стварыла мама, часам выступае крытыкам, часам – захопленым знаўцам. Усё дакучаю Славе размовамі аб тым, што настаў час пабачыць свет і яго работам, а ён толькі адмахваецца рукамі і кажа, што хтосьці ж павінен грошы ў сям’і зарабляць.

Матэрыялы закупляе ў інтэрнэт-магазінах. Не вельмі зручна чакаць па 2-4 тыдні, вядома. Затое там танней і амаль усё ёсць, а вось у магазінах горада асартымент бедны, ды яно і зразумела: дзеля дзясятка бісераплётаў закупляць няма сэнсу. Зусім нядаўна Дзіна захапілася валяннем з воўны. Пакуль свет пабачылі навагоднія чароўныя гномы, аднак жанчына прызнаецца, што на іх не спыніцца. І ў галаве ўжо шмат ідэй на веснавыя выставы. Напрыканцы нашай бяседы яна дала парады тым, хто толькі пачаў захапляцца бісерапляценнем.

– Жаданне – вось што павінна быць у першую чаргу! Трэба не сумнявацца ў сваіх сілах, не баяцца эксперыментаваць і не абмяжоў-ваць сябе нейкімі рамкамі! Не бойцеся сапсаваць: можна разабраць, калі нешта не ўдалося, і паспрабаваць яшчэ раз. Атрымлівайце задавальненне, адчувайце радасць на душы і незабыўнае пачуццё палёту.


 

Рэчы, зробленыя з любоўю

Алена Чарнавокая пасля школы атрымала адукацыю ў мастацкім каледжы ў Кобрыне, пасля вышэйшую – у інстытуце культуры ў Мінску. Закахалася ў такога ж творчага хлопца, які, прапанаваўшы руку і сэрца, не адпусціў дзяўчыну назад у сталіцу. Згулялі вяселле. Зараз маладая пара выхоўвае дзвюх дачок і сыночка. Творчасці сям’і не займаць: муж Дзмітрый – фатограф, Алена да дэкрэтнага водпуску выкладала маляванне ў школе мастацтваў, а ў вольны ад асноўнай работы час з задавальненнем надае ўтульнасць у доме з дапамогай вырабаў з тканіны. Не адстаюць ад бацькоў і дачушкі. Яны  займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах у ЦДТ: Дар’я – фааміранам (пластычная замша), Аляксандра – мяккай цацкай.

Захапленне Алены хэнд-мейдам пачалося з рудавалосага анёла. Яго ўбачыла аднойчы на прасторах інтэрнэту і вырашыла паўтарыць у падарунак для сяброў. На адной са сваіх выстаў карцін Рыжык прыцягнуў увагу наведвальніцы, якая ўгаварыла ёй яго прадаць. Там жа яшчэ некалькі чалавек папрасілі зрабіць сувенір і для іх.

– Анёлы настолькі пакарылі мяне, што я загарэлася жаданнем абавязкова зрабіць што-небудзь яшчэ, – успамінае суразмоўніца. – Вучыцца вырашыла з самага простага. Перамалявала з сеткі выкрайку лялькі, выразала і ўручную пашыла. Атрымалася даволі сімпатычная цацка мініяцюрных памераў. Затым захацелася паэксперыментаваць з больш складанымі рэчамі. Праз час аформілася як рамеснік. Падумала, а чаму б не ператварыць хобі ў дадатковы заробак? Дамачадцы падтрымалі. Асобна адвялі пакой для майстэрні. Увогуле, яны ў мяне малайцы, дапамагаюць, нават іншы раз адчытваюць, калі лянуюся. А Дзіма без слоў ведае, што мне патрэбен час для творчасці, таму збірае ў ахапку дзяцей і пакідае адзін на адзін з маімі захапленнямі.

Паступова  аўтарскія цацкі, прыналежнасці для гаспадыні, прадметы дэкору сталі пакараць сэрцы і дзяцей, і дарослых. Дзяўчаты звычайна просяць прыдумаць што-небудзь адметнае для матуль, пляменніц, сясцёр. Іх дораць як талісман, абярэг. Хлопцы ж у асноўным заказваюць лялькі ў падарунак каханым на дні нараджэння, 8 Сакавіка, Новы год. Для вырабаў Алена выкарыстоўвае толькі натуральныя тканіны: лён, шоўк, бязь… Але вось дастаць у нас, напрыклад, стопрацэнтную бавоўну вельмі складана. Патрэбныя матэрыялы набывае ў інтэрнэце з Польшчы, Германіі, Амерыкі. Такая ж праблема з выбарам фурнітуры. На стварэнне некаторых рэчаў ідзе два тыдні, выраб іншых патрабуе яшчэ і больш доўгай і карпатлівай працы. Нельга ствараць па прынцыпе канвеера. У нас ручную работу недаацэньваюць. Часта можна пачуць папрокі наконт кошту. Але такі тавар не знойдзеш у магазіне, ён – адзінкавы, у яго ўкладзена душа майстра…

 – Калі задаволеныя заказчыкі дасылаюць фота альбо тэлефануюць са шчырымі словамі – гэта натхняе на яшчэ лепшыя вынікі. Шыю штосьці, і ўжо ўяўляю, як гэтая рэч зробіць утульным чыйсці інтэр’ер, як маленькія пальчыкі з любоўю трымаюць любімую цацку, як за кубачкам чаю сяброўкі дзеляцца сакрэтамі і бяруць салодкія пачастункі з цукерніцы, зробленай маімі рукамі.

І хоць падчас дэкрэтнага водпуску рамесніцтвам Алена не займаецца, але нараджэнне маленькага Ромы адчыніла новыя гарызонты. Жанчына заха-пілася вырабамі для немаўлят. Тут і люлька-кокан, дзе дзіцятка адчувае сябе, як ва ўлонне маці, і першая цацка Кускі, якая ўвабрала ў сябе водар малака, і рукавічкі-памочніцы, што прымацоўваюцца да каляскі і засцерагаюць рукі ад холаду.

– Увогуле, лічу, што рукадзелле – выдатная магчымасць адысці ад руціны, падняць сабе настрой, расслабіцца. Ва ўсіх рознакаляровых тканінах, пацерках – сапраўдная магія, зачаравальная і таямнічая. І на самай справе вельмі лёгка пераканацца ў тым, што нават самыя незвычайныя і нечаканыя ідэі, якія прыходзяць у галаву, варта ўвасабляць у жыццё… Галоўнае, ствараць з задавальненнем і любоўю, каб пры сустрэчы з вашымі вырабамі вы заўважалі ўсмешкі на тварах і бліскучыя вочы ад шчасця.


 

img_2830dpusbcdepea

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть