Іншых выратоўвае, сябе загартоўвае
Культура

Іншых выратоўвае, сябе загартоўвае

Хаця б раз у год хто-ніхто з землякоў на дзянёк становіцца «маржом»,  і з радасцю, і захапленнем або жахам і дрыжыкамі на Вадохрышча апускаецца ў ледзяную ваду палонкі. Хтосьці робіць гэты «рытуал» спантанна, паддаўшыся на ўгаворы,  для іншых купанні ў любую пару года – зайздросная традыцыя. Сярод такіх – інжынер інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Віктар ГЕЦМАН, які перакананы: загартоўка – гэта паступовы і штодзённы працэс. А ўсё, што адбываецца ад выпадку да выпадку, можна аднесці толькі да стрэсу для арганізма.

– Віктар Мікалаевіч, з чаго пачыналася ваша захапленне?

– Як у анекдоце: «У нас у гасцях заслужаны морж краіны. Раскажыце, як вы ўпершыню апынуліся ў палонцы? Гэтак жа, як і ўсе: вырашыў скараціць шлях». А калі сур’ёзна, то загартоўванне неяк лагічна і плаўна ўвайшло ў маё жыццё. Падчас навучання ў пажарным вучылішчы глядзеў на сябра, які штодня абліваўся вадой, бегаў зімой па снезе басанож і прымаў халодны душ. Захацеў паспрабаваць сам. Трэба адзначыць, што ў дзяцінстве даволі часта хварэў ангінай, зарабіў хранічны насмарк. І здзівіўся, калі праз некаторы час пасля пачатку загартоўвання праблема знікла. Вось ужо 24 гады, як мой ранішні рытуал, – абліванне калодзежнай вадой. Дарэчы, калі паглядзець медыцынскую картку, можна заўважыць, што ў ёй няма ніводнага запісу скаргі на прастуду.

– Няўжо халодная вада настолькі гаючая?

– У сувязі са спецыфікай работы штогод праходжу медагляд. Аднойчы правёў эксперымент: перад здачай крыві абліўся халоднай вадой. Пасля гэтага некалькі дзён не загартоўваўся і паўтарыў аналіз. Выніковыя паказчыкі першых былі значна лепшымі. Яшчэ адзін  выпадак: пры першых прыкметах прастуды абліваўся халоднай вадой кожныя тры гадзіны і да вечара ачуняў. Ды і ўвогуле,  калі на некаторы час перастаю раніцай загартоўвацца, адчуваю сябе значна горш. Таму для мяне вада – гаючая.

– Як сям’я адносіцца да вашага захаплення?

– Станоўча. Больш таго, трое дзетак,  а іх у мяне чацвёра, таксама загартоўваюцца. Усё пачалося з Сашы, які часта хварэў на прастуды. Пасля таго, як далучыўся да аблівання вадой, усё наладзілася. Таму не дзіўна, што і малодшых таксама загартоўваем з маленства. Для нашай сям’і норма спаць з адчыненымі форткамі і апранаць сыноў і дачушку па надвор’і, а не па пары года. Лічу глупствам, калі чую, што ва ўсіх хваробах дзетак  вінаваты сад ці школа. Гэта ўпушчэнне саміх бацькоў, якія звыкла робяць з нашчадкаў цяплічныя расліны.

– Ці прымаеце  ўдзел у традыцыйным абрадзе на Вадохрышча?

– Кожны год. Аднак адзінае, што азмрочвае свята, дык гэта неарганізаванасць пляцовак. Неяк гасцяваў у сяброў у Забайкаллі, дык быў прыемна ўражаны падыходам мясцовай улады да палонак. Зроблены масткі, людзі не  мерзнуць, чакаючы сваёй чаргі. Размешчаны палаткі з абагравальнікамі. Усе спакойна распранаюцца  і апранаюцца ў цёплых умовах… Было б цудоўна, каб і ў нас такі падыход да справы наладзілі.

– Дзетак  з сабой на палонку бераце?

– Маржаванне ўвогуле лічу дастаткова стрэсавай сітуацыяй для дарослых людзей, і тым больш для дзяцей. Канешне, калі гэта –асабістае жаданне дачушкі ці сыночка, і калі акунанню ў палонку папярэд-нічала загартоўка, тады, іншае пытанне. А ўзяць і проста прывесці іх на Вадохрышча акунуцца, таму што так робяць усе, – гэта вар’яцтва. Ад непадрыхтаванасці могуць здарыцца сутаргі, сур’ёзны псіхалагічны стрэс, якія выклікаюць негатыў ад вялікага натоўпу людзей ці боязь вады. Дарослы ж сам прымае рашэнне акунуцца ў палонку, а чым ад нас адрозніваюцца дзеці? Адзінае – мае сыны вельмі любяць наведваць разам са мной нашу гарадскую лазню, дзе пасля гарачай парыльні акунаюцца ў басейн з ле-дзяной вадой. Выказваю ўдзячнасць ад імя ўсіх аматараў лазні кіраў-ніцтву раёна, ЖКГ за такую магчымасць.

– З чаго б вы раілі пачынаць загартоўванне?

– Па-першае, настроіцца маральна. Ніхто не павінен вырашаць гэта за вас. Пачынаць абліванне раю з ног, дзень за днём рухаючыся ўверх. Некаторыя знаёмыя спачатку абліваліся параўнальна цёплай вадой, паступова паніжаючы градус. Да імпульсіўных ныранняў у палонку адношуся скептычна, бо ўздзеянне холаду на арганізм чалавека павінна быць кароткачасовым, без фанатызму. Нават пасля парыльні лепш не ныраць у снег, а абцірацца ім.

– Кажуць, што загартоўванне захоўвае маладосць і падаўжае жыццё. Колькі хацелі б пражыць?

– Колькі атрымаецца, галоўнае – быць здаровым. Яскравым пацвярджэннем слоў для мяне паслужыў прыклад адной з жыхарак нашага раёна. Гэта ўраджэнка Дрэбска, былы бібліятэкар Галіна Грыневіч, з якой пазнаёміліся падчас правядзення пажарна-прафілактычнай работы ў складзе назіральнай  камісіі Гарадоцкага сельсавета. Мы наведаліся да Галіны Мікалаеўны як раз тады, калі яна набірала з калодзежа ваду для аблівання. Разгаварыліся. І калі даведаўся, што жанчына 1946 года нараджэння – дзіву даўся! Нягле-дзячы на ўзрост і тое, што паднімаць вядро ўжо складана, яна не змяняе традыцыі і хоць маленькай ёмістасцю, але працягвае загартоўку. Пры гэтым, хто скажа, што ёй 72?! Чым не прыклад для пераймання? Сярод знаёмых усё больш чую размовы, хто таксама вырашыў загартоўвацца. А гэта значыць, што здаровых, жыццярадасных і энергічных людзей навокал стане больш!

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть