«Из сердца не уходят в никуда ни юность, ни любовь, ни Воркута»
Культура

«Из сердца не уходят в никуда ни юность, ни любовь, ни Воркута»

OLYMPUS DIGITAL CAMERA«Это чудная планета — 10 месяцев зима, остальное лето» радкі вядомай песні любяць паўтараць тыя, хто на сабе зведаў суровы клімат Запаляр’я і далёкай Поўначы. Любоў да асаблівага краю прыходзіць з першымі крокамі па неабсяжных прасторах, якія нікога не пакідаюць абыякавым. Бо ступаюць на вечную мерзлату са сцюдзёным парывістым ветрам толькі тыя, у каго гарачае сэрца, напоўненае рамантыкай. Хто ніколі не спалохаецца марозу і цемры, здолее выжыць без самых элементарных выгод і не стане шукаць лёгкіх шляхоў.

Для цяперашняга лунінчаніна Алега БАГІНО калючы холад у паўночных шыротах — часцінка яго ўспамінаў. Гэта амаль чатыры дзесяцігоддзі цяжкай працы вадзіцелем аўтобуса па бясконцых заснежаных дарогах, гэта яго маладосць і сталасць…

Вёсачка Пугачы ў Валожынскім раёне — малая радзіма Алега Іосіфавіча. Захаваліся ў сэрцы самыя значныя дзіцячыя ўспаміны, якія грэюць на працягу ўсяго жыцця.

Нарадзіўся ў 1939-ым. Вырас у мнагадзетнай сям’і, скончыў школу, пайшоў на службу ў армію больш як на тры з паловай гады.

Вярнуўся з жаданнем працаваць, ствараць, жыць насычана і актыўна. Такой была пазіцыя моладзі ў той час. Сусед якраз прыехаў з Сібіры, расхвальваў добрыя заробкі і перспектывы. Не захацеў заставацца ў баку ад вялікіх спраў і Алег. Неўзабаве цягнік ужо імчаў яго праз расійскія прасторы да Варкуты. Тундра не спалохала, наадварот, хацелася дакрануцца да бязмежнасці гэтага цудоўнага суровага краю.

Адразу знайсці справу па душы не атрымалася, але калі неўзабаве сеў за руль аўтобуса, тэхніка аддана пакарылася маладому вадзіцелю. І пацягнуліся дні, напоўненыя пахам бензіну і манатонным рокатам рухавіка. Дарогі заўсёды гразкія ў адлігу, калі праехаць было немагчыма. Выратоўвала дружба загартаваных у цяжкасцях людзей, якія ішлі на дапамогу адзін аднаму. Слізкія каляіны ва ўмовах моцнага марозу часам палохалі рызыкай, завея намятала велізарныя гурбы снегу, у сумётах хаваліся не толькі колы, але ўвесь транспарт.

Таму, хто не бываў у Запаляр’і, не зразумее асаблівы дух марознага краю і бязмежнай прасторы, не адчуе яго незвычайную прыгажосць. А тым хто быў, нельга сцерці з памяці яркія ўспаміны. Вось і Алег Іосіфавіч да драбніц памятае той галоўны адрэзак у сваім жыцці. У Варкуце ён сустрэў Валянціну, з якой быў гатовы ісці не толькі па замерзлай тундры, а пераадольваць усе магчымыя перашкоды. У іх нарадзіліся сын і дачка. Атрымалі жыллё, гадавалі малых, сустракалі звычайныя ранкі і змярканні.

Толькі назусім заставацца ў марозным клімаце не хацелася. Стала часцей сніцца Беларусь. Згадвалася, як басаногім хлапчуком купаўся ў невялікай рачулцы, як сонца неяк асабліва прыемна сагравала бацькоўскую хату. Ад слоў Сашкі з вядомага кінафільма “Белыя росы”, якому ўдалечыні ад дому раптам захацелася калодзежнай вады, і Алегу так ніякавата станавілася на сэрцы. Расказваючы жонцы, якая вырасла ў Расіі, пра непаўторную прыгажосць сваёй блакітнавокай краіны, сам усё часцей задумваўся аб вяртанні.

Рашэнне пераехаць у Лунінец адразу пасля выхаду гаспадара на пенсію прынялі разам. Тым больш, што тут была магчымасць абмяняць кватэру на раўназначную. Мэблю пагрузілі ў кантэйнеры і зноў замільгацелі бясконцыя расійскія прасторы. З кожным новым кіламетрам цяплей станавілася за вокнамі, але трывожней на сэрцы.

Вяртанне ім далося нялёгка. Тым больш, што сын ужо стварыў сваю сям’ю і вырашыў застацца. Яны сталі беларусамі ўтраіх, але неўзабаве і дачка пераехала жыць у іншае месца.

Быў час перамен і разрухі. Па тых законах працоўны стаж у паўночным рэгіёне залічваўся год за паўтара. У сувярэннай Беларусі мужчына страціў такую прывілею. Яшчэ больш непрыемна ўразіла грашовая рэформа, калі назапашаныя немалыя зберажэнні ператварыліся ў труху. Па тым часе за заробленыя грошы яны маглі купіць некалькі кватэр, а засталіся амаль ні з чым.

На пенсіі Алегу Іосіфавічу не сядзелася. І ён вярнуўся ў знаёмы калектыў для работы вахтавым метадам. Так працягвалася некалькі год, і пакінуў любімую справу старанны вадзіцель толькі тады, калі сталі непакоіць хваробы. Дарэчы, мае шматлікія граматы за безаварыйную работу, бо імкнуўся ніколі не рызыкаваць жыццём і здароўем пасажыраў.

Цяпер лунінчанін ездзіць толькі на легкавой машыне, ды і то па неабходнасці. Нядаўняя аперацыя надоўга прымусіла развітацца з прывычным распарадкам дня. Валянціна Аляксандраўна ўжо даўно прывыкла да беларускай прыгажосці і своеасаблівасці мясцовых традыцый. Яна нарадзілася на Волзе, была дачкой шахцёра, які потым па закліку камсамола паехаў на Далёкі Усход. Тыя ўспаміны асаблівай рамантыкі, якая перапаўняла сэрцы савецкай моладзі, крышачку саграваюць і цяпер…

А сумаваць ім няма калі — у Лунінцы заканчвае школу ўнучка Аляксандра. Яна вучыцца ў гімназіі. Унук Ілья наведвае дзеда з бабуляй, прывозячы прывітанні з далёкага Урала. Праўнукаў яшчэ трэба дачакацца, і тады новыя пакаленні нашчадкаў сваім дзіцячым смехам прымусяць сэрцы старэйшых Багіно трымцець ад радасці. 47 год яны крочаць па жыццёвай дарозе разам, падтрымліваючы і разумеючы адно другога.

На Міншчыне застаўся старэнькі бацькоўскі дом, у якім часам так хочацца адкрыць знаёмыя дзверы. Ці спыніцца каля родных магіл, дзе знайшлі апошні прытулак тата і мама, дзяды і прадзеды. Схіліць галаву і памаліцца з удзячнасцю за падоранае жыццё, за годнае выхаванне і вечную бацькоўскую трывогу, якая да апошняга абараняла ад бяды. Чым больш мінае год, тым яскравей адчуваецца той нябачны клопат за блізкіх. Алег Іосіфавіч гэтак жа шчымліва дорыць словы падтрымкі сваім дзецям і ўнукам. І дае галоўную параду — быць добрымі, працавітымі і сумленнымі. Згадвае вядомую беларускую прымаўку: “Благой благаце блага і на куце, а добраму чалавечку добра і ў запечку”. Калі сам з дабром да людзей, дык і ў адказ часцей пачуеш прыемныя словы і ўдзячнасць.

Усё было ў жыцці — страты і дасягненні, цяжкасці і спадзяванні. Калі ў студзені завіруха разгуляецца над горадам, мароз намалюе цудоўныя ўзоры на вокнах, тады ўспаміны пра паўночную маладосць яшчэ часцей не даюць спакою. Прыходзяць знаёмыя краявіды і ў снах, завея галосіць на розны лад, палохаючы і хвалюючы. І так захочацца хоць думкамі, хоць ненадоўга, але туды вярнуцца.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть