Каб шчасліва жылося ў глыбінцы
Культура

Каб шчасліва жылося ў глыбінцы

сялооооГісторыя большасці населеных пунктаў раёна пачалася некалькі стагоддзяў таму. А вось у вёскі Міжлессе сёлета толькі 30-гадовы юбілей. Яшчэ ў пачатку 1980-ых тут было ўсяго некалькі дзясяткаў хат, не мелася ніякіх адміністрацыйных аб’ектаў. Побач – бясконцыя балоты. Глухамань, аддаленасць, цішыня…
Але дзякуючы новаму праекту савецкага часу пачаліся інтэнсіўнае будаўніцтва і меліярацыя. Арганізавалі саўгас, двух- і трохпавярховыя дамы клікалі навасёлаў. Дзіцячы сад, школа, клуб, магазін – за некалькі год былі ўзведзены ўсе неабходныя ўмовы для жыцця людзей. Годныя заробкі і кватэры з усімі выгодамі прывялі сюды моладзь з розных куточкаў былога СССР. Прадстаўнікі нацыянальнасцей амаль усіх брацкіх рэспублік зведалі гасціннасць беларускай зямлі. Мясцовасць агучылася дзіцячым смехам і азарылася шчаслівымі позіркамі дарослых. Праца давала прыбытак, час няўмольна ішоў наперад…
Цяпер былыя новабудоўлі абраслі дрэўцамі і кветкамі, якія ствараюць утульнасць і сведчаць пра спакойнае жыццё ў палескай глыбінцы. Сельгаспрадпрыемства змяніла назву, былыя дзетсадаўцы выраслі і падарылі Міжлессю новыя пакаленні насельнікаў. Кожны жыхар дадаў у асабістую скарбонку 30 год.
Урачыстасць з нагоды юбілею правялі ў мінулую суботу на Дзень вёскі. Праграма праходзіла весела і насычана, бо тут многа таленавітых людзей, да таго ж парадаваць вяскоўцаў прыехалі самадзейныя артысты з іншых клубаў і Дамоў культуры. Выступленні з песнямі, сцэнкамі, байкамі гледачы прымалі апладысментамі і цудоўным настроем.
Свята спадабалася, бо тут было на што паглядзець і што паспытаць. Малыя не злазілі з горак і батутаў, рознакаляровыя шарыкі мігцелі ў далонях. Салодкія прысмакі, апетытныя шашлыкі і вясёлая танцавальная праграма нікога не пакінулі без уражанняў.
Вядучыя вярталі ў мінулае роднага краю, якое пісалася з удзелам кожнага жыхара ці яго продкаў. Былі старонкі вясёлыя і сумныя, бо так заўсёды здараецца ў жыцці. Згадалі страчаных у вайну і ў мірны час, парадаваліся за доўгажыхароў, павіншавалі самага юнага насельніка, якому толькі два месяцы. Апладысменты гучалі юбі-лярам, якія доўга і шчасліва пражылі ў шлюбе, даючы цудоўны прыклад для моладзі. І, гледзячы на задаволеныя тварыкі дзяцей, верылася, што наперадзе ў невялікага паселішча яшчэ доўгая гісторыя са светлымі падзеямі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть