Калі за справу бярэцца майстар
Культура

Калі за справу бярэцца майстар

ГнедькоНепаўторныя, па-мастацку выразаныя з дрэва прыгожыя рэчы Сяргея Пятровіча Гнедзькі, вядомы далёка за межамі раёна. Менавіта яны адкрылі майстру дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва шлях на рэспубліканскі кірмаш-фестываль “Дажынкі-2013”, які праходзіў у Жлобіне. Дзелячыся ўражаннямі пасля маштабнага мерапрыемства, ён адзначыў, што Брэстчыну разам з ім прадстаўлялі яшчэ 20 майстроў керамікі і жывапісу.

Сярод прывезеных на кірмаш 20 работ – зубры, буслы, палескія птушкі і звяры. Вельмі прыемна было чуць з вуснаў Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі прызнанне вялікай патрэбнасці сціплай працы народных майстроў, якія ўносяць вялікі ўклад у захаванне, падтрымку і развіццё традыцый  беларускага народа. А колькі новых адкрыццяў прынеслі стасункі з калегамі ад мастацтва! Дзяліліся сваімі задумкамі, нешта падказвалі адзін другому…

Наогул, 2013-ты для Сяргея Пятровіча Гнедзькі адметны і яшчэ адной падзеяй – 20 год таму ён пераступіў парог роднай Вялікачучавіцкай школы ў якасці настаўніка выяўленчага мастацтва. А яшчэ вучнем апантана маляваў на любым лісточку паперы, што трапіў пад руку. Здаралася, рука сама міжволі выводзіла розныя выявы… Гэту цягу сённяшні педагог абумоўлівае пераемнасцю  пакаленняў. Старыя вяскоўцы яшчэ памятаюць яго дзеда, які вырабляў з лазы вельмі зручныя лапці і плёў прыгожыя капелюшы. Бацька – Пётр Пятровіч – славіўся цяслярскімі вырабамі. Яго мудрагелістыя драўляныя карункі аздобілі не адно акно ў вёсцы.

Стварэнне прыгажосці становіцца сэнсам жыцця і для сына Уладзіслава, трэцякурсніка Кобрынскага мастацкага вучылішча, якое ў свой час заканчваў і Сяргей Пятровіч.

– Каб адбыцца ў такім складаным мастацтве, трэба не толькі мець густ, але і па-асабліваму адчуваць дрэва, – кажа майстар.Самая мяккая, падатлівая і безадходная – ліпа. Ва ўсе часы яна дапамагае людзям: лечыць іх, апранае і абувае. Як толькі бяру ў рукі які-небудзь яе кавалачак, адразу ж бачу, што атрымаецца. Сваю любоў да дрэва стараюся прывіць і хлопчыкам, якія наведваюць гурток “Разьба па дрэве”. І вельмі радуюся, калі ў іх гэта атрымліваецца. Вялікае задавальненне адчуваю ад іх поспехаў. Значыць – здолеў, навучыў! А колькі прыемных хвілін падарыў  летась мой былы навучэнец, а цяпер студэнт мастацкага вучылішча Аляксандр Макаед, работа якога ўдастоена першага месца ў рэспубліканскім конкурсе “Другое жыццё дрэва”. Атрымаўшы Ганаровую грамату, падпісаную міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь, ён адразу ж прынёс яе мне. Парадавалі мае гурткоўцы і сёлета – адна з чатырох работ, прадстаўленых на абласным конкурсе “Выратавальнікі вачамі дзяцей”, заняла 1-ае месца, іншыя адзначаны Падзячнымі лістамі.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть