«Калядная казка» — для дарослых і дзетвары
Культура

«Калядная казка» — для дарослых і дзетвары

КВН 2017 035

IV калядная гульня Клуба Вясёлых і  Знаходлівых на кубак старшыні раённага выканаўчага камітэта сабрала на сцэне гарадскога Дома культуры 6 каманд. Паказаць сваю дасціпнасць у жартах выказалі жаданне “Палата №6” (цэнтральная раённая бальніца), “Розныя людзі” (дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці), “Камедзі клас” (аддзел адукацыі спорту і турызму), “Зялёнае святло” (клуб чыгуначнікаў), “Паміж намі” (СШ №4),  і “Планы на лета” (настаўніцкая зборная школ г. Мікашэвічы).

Забягаючы наперад, адзначу, што першыя 4 каманды – з ліку “старажылаў”, дзве апошнія – дэбютанты, але гэта ніколькі не перакрэслівала шанцаў на перамогу. Наадварот, “Паміж намі”, на мой погляд, найбольш адпавядала зададзенай тэме “Каляднай казкі” і ўпэўнена трымалася сярод лідараў у вядучых конкурсах. У пэўным сэнсе лёсавызначальнымі сталі для каманды візітоўка “Мы гатовы зоркамі назвацца” і конкурс-біятлон “Сялёдка пад шубай”.

Спадабалася “Камедзі клас” – перш за ўсё, імкненнем будаваць выступленне і жарты на мясцовым матэрыяле. І няхай сабе некаторыя з іх былі пазычанымі ў знакамітых “Уральскіх пяльменяў”, але яўрэйскі Дзед Мароз у выкананні навічка каманды Максіма Янкевіча быў вельмі запамінальным, як, зрэшты і ўрач-псіхіятр, у ролі якога выступіў Уладзімір Калянковіч. А яшчэ настаўнікі падарылі такі светлы настрой, што ва ўнісон з імі вельмі хацелася, звяртаючыся да ўсіх, хто сабраўся ў зале, усклікнуць: “Калегі! Як нам хочацца вас усіх абняць!”.

На мяжы “фолу” былі некаторыя жарты “Зялёнага святала”, але “Бальнік” у выкананні Андрэя Канапацкага, які на кароткія імгненні паказаўся на сцэне, выклікаў у зале шчыры рогат. У цэлым жа каманада, і гэта нельга было не заўважыць, здала свае пазіцыі. Трэба спадзявацца, што наступны сезон будзе для яе больш удалым.

Такое ж пажаданне варта даслаць і “Планам на лета: мікашэвіцкія настаўнікі зрабілі  выдатны задзел, які абавязкова будзе мець плённы “КВЗоўскі” працяг.

Прыкметна вышэйшым мог быць патэнцыял “Палаты №6”. І ўсё ж, трэба аддаць даніну павагі медыкам: іх зразумелая аддаленасць ад мастацтва ў звычным яго разуменні і імкненне, нягледзячы на занятасць, знайсці час для рэпетыцый, а таксама старанні старшыні прафкама і жансавета Наталлі Рагажынскай, якая з’яўляецца арганізатарам і натхняльнікам каманды, заслугоўваюць самых шчырых слоў захаплення. Тым больш, што вельмі пераканаўча гучаў рэфрэн: “Я ночами плохо сплю, но работу я свою люблю…”.

Пацвердзіў свой клас мінулагодні пераможца турніра – каманда сельскагаспадарчага каледжа “Розныя людзі”. Яна ж мела выдатную падтрымку ў выглядзе балельшчыкаў, сярод якіх нельга было не заўважыць дырэктара І.М. Раковіча. Нягледзячы на тое, што на сцэне члены каманды рызыкавалі інсцэніраваць ці агучыць некалькі “барадатых” анекдотаў і жартаў, зроблена гэта было настолькі па-майстэрску, што на такую дробязь не хацелася звяртаць увагу.

Можна толькі здагадвацца, у якой складанай сітуацыі апынулася журы, у складзе якога былі намеснікі старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч (старшыня) і Анатоль Захаркевіч, пракурор Аляксандр Карлюк, старшыня аб’яднанага прафсаюза Ігар Гапон і ваша пакорлівая слуга. І ўсё ж, па колькасці набраных ва ўсіх конкурсах балаў пераможцай стала каманда “Розныя людзі” (дзяржаўны прафесіянальна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці). Не засталіся без падарункаў і ўсе астатнія ўдзельнікі гульні. Па традыцыі заснавальнікам прыза лепшаму іграку турніра стала раённая газета “Лунінецкія навіны”. Сёлета яго атрымала капітан каманды “Паміж намі” (СШ №4 г. Лунінца) Вольга Паўловіч.

Застаецца толькі падзякаваць усіх, хто напярэдадні Старога Новага года падарыў такое запамінальна-шчырае і казачна-неверагоднае свята і дадаць, што з роляй вядучага КВЗ у чарговы раз выдатна справіўся загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі адпаведнага аддзела райвыканкама Сяргей Молчан.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

КВН 2017 001 КВН 2017 002 КВН 2017 003 КВН 2017 004 КВН 2017 005 КВН 2017 006 КВН 2017 007 КВН 2017 008 КВН 2017 009 КВН 2017 010 КВН 2017 011 КВН 2017 012 КВН 2017 013 КВН 2017 014 КВН 2017 015 КВН 2017 016 КВН 2017 017 КВН 2017 018 КВН 2017 019 КВН 2017 020 КВН 2017 021 КВН 2017 022 КВН 2017 023 КВН 2017 024 КВН 2017 025 КВН 2017 026 КВН 2017 027 КВН 2017 028 КВН 2017 029 КВН 2017 030 КВН 2017 031 КВН 2017 032 КВН 2017 033 КВН 2017 034 КВН 2017 036 КВН 2017 037

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть