Культура

Камасацыя на Лунінеччыне ў 1921-1939 гг

комассацияКамасацыя (хутарызацыя) — гэта адна з частак аграрнай рэформы, якая ажыццяўлялася польскімі ўладамі ў 1921-1939 гг. на землях Польшчы і, найперш за ўсё, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны з мэтай ліквідацыі цераспалосіцы і інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі. Цераспалосіца абцяжарвала сялян, аказвала адмоўны ўплыў на якасць апрацоўкі зямлі і садзейнічала зніжэнню паказчыкаў ураджайнасці сялянскіх надзелаў. Гаспадаранне на некалькіх, а часта нават на некалькіх дзясятках невялікіх надзелаў зямлі, адлеглых ад сябе часам на некалькі кіламетраў, было вялікай і марнай стратай сіл і часу селяніна.

Першыя падрыхтоўчыя мерапрыемствы па камасацыі ажыццёўлены польскімі ўладамі ў Заходняй Беларусі яшчэ на працягу 1919 года, але сістэмнае яе правядзенне стала магчымым толькі пасля заключэння 18 сакавіка 1921 года Рыжскай мірнай дамовы, па выніках якой заходне-беларускія землі (у тым ліку і Лунінеччына) увайшлі ў склад міжваеннай Польшчы (іі Рэчы Паспалітай). У адпаведнасці з прынятым у Польшчы адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаваннем, Заходняя Беларусь была падзелена на ваяводствы, паветы і гміны, у выніку чаго Лунінец стаў павятовым цэнтрам Палескага ваяводства (адміністрацыйны цэнтр — г. Брэст-над-Бугам). Плошча Лунінецкага павета, па стану на 1931 год, складала 5632 кв.км, колькасць насельніцтва — 108633 чалавекі (гушчыня насельніцтва — 19 чалавек на 1 кв.км). На 1939 год пасля некалькіх змен у мясцовым адміністрацыйна-тэрытарыяльным уладкаванні ў Лунінецкім павеце налічвалася 6 гмін: Круговічы, Лахва, Лунін, Лунінец, Хатынічы і Чучавічы. Абсалютную большасць мясцовага насельніцтва (каля 2/3) у 1921-1939 гг. складала сялянства, у асноўным беззямельнае і малазямельнае, таму пытанне ажыццяўлення істотных аграрных пераўтварэнняў стаяла вельмі проста.

Неабходна адзначыць, што заходне-беларускія сяляне ў 1921-1939 гг. у сваёй большасці падтрымлівалі правядзенне камасацыі, бо шмат пакутавалі ад вялікай цераспалосіцы, і лічылі, што пры яе ажыццяўленні “можа трохі і лепей будзе”. Варта звярнуць увагу, што значнай перашкодай на шляху камасацыі сталі і псіхалагічныя прычыны: сялянам было цяжка адразу перайсці з уласнай зямлі, якую яны атрымалі па спадчыне ад дзядоў і прадзедаў, на новае неасвоенае месца. Як адзначаў у сувязі з гэтым вядомы тагачасны польскі даследчык Я. Бялецкі, “Дзякуючы камасацыі і меліярацыі, планавалася павысіць прыбытковасць дробных (сялянскіх) гаспадарак. Без ссялення не можа ісці гаворка аб паляпшэнні ўраджайнасці і павелічэнні колькасці свойскай жывёлы. У Заходняй Еўропе дробныя гаспадаркі ўжо даўно скамасаваны, так і землі былыя прускія (якія раней знаходзіліся пад уладай Прусіі) таксама не ведалі цераспалосіцы…”.

“Меліярацыя і ссяленне праводзяцца ў Польшчы не такімі хуткімі тэмпамі, як хацелася б. Прычына — боязь сялян атрымаць (пры камасацыі) горшую (чым раней) зямлю. Селянін у цэлым свеце ёсць кансерватар і не любіць “навінак”. Для паляпшэння сітуацыі трэба выдаваць спецыяльныя кнігі, брашуры”.

Закон аб правядзенні камасацыі прыняты Сеймам ІІ Рэчы Паспалітай 31 ліпеня 1923 г. Працэс камасацыі быў доўгім і складаным, бо польскім уладам неабходна было правесці вялікі аб’ём падрыхтоўчых работ і скласці патрабуемыя шматлікія нарматыўна-прававыя і тэхнічныя дакументы, акрамя таго, заходне-беларускія сяляне спадзяваліся атрымаць пры ссяленні дадатковую ворную зямлю, але ва ўрада адсутнічаў запас свабодных зямель. Польскія ўлады стараліся правесці камасацыю мірна і нават дэмакратычна: ставілі пытанне ажыццяўлення ху-тарызацыі вёскі на разгляд на агульным сялянскім сходзе, і калі большая палова мясцовых сялян выказвалася супраць, то на гэтых умовах камасацыя не праводзілася.

Для ажыццяўлення работ па камасацыі асобнай вёскі сяляне павінны былі абраць раду ўдзельнікаў камасацыі, колькасць членаў якой залежыла ад колькасці жыхароў вёскі і звычайна складала ад 3 да 7 чалавек. Перад правядзеннем камасацыі мясцовыя ўлады складалі падрабязны план работ па яе ажыццяўленню, заключалі папярэднюю дамову з вызначаным землямерам аб тэрмінах і ходзе рэалізацыі плануемых работ, умовах аплаты выкананай працы і г.д. Пры рэалізацыі хутарызацыі сяляне павінны былі плаціць за камасацыю кожнага гектара зямлі ў залежнасці ад яе колькасці (у айчыннай гістарыяграфіі замацавалася лічба ад 14 да 20 злотых за га). Акрамя таго, яны аплачвалі складанне праектаў, правядзенне меліярацыі і перанясенне дарог, утрыманне землеўпарадчыкаў і г.д. Так, напрыклад, сяляне вёскі Лахаўка гміны Лахва (знаходзі-лася за 35 кіламетраў ад па-вятовага цэнтра і за 5 кілаvетраў ад бліжэйшай пошты ў Лахве) у 1932 годзе ў мясцовую павятовую зямельную ўправу падалі заяву аб правядзенні камасацыі сваіх цераспалосных зямель. У вёс-цы налічвалася 179 гаспадарак, з якіх камасацыю падтрымалі 109. У сярэднім кожная мясцовая гаспадарка складалася з 4-10 ворных і 2-3 лугавых надзелаў, што значна абцяжарвала сялян.

4 студзеня 1933 г. у гэтай вёсцы адбыліся выбары членаў рады ссялення. Імі сталі Стэфан Філіповіч, Сымон Кіслюк, Пётр Максімовіч, Тодар Яраховіч і Стэфан Шэўчык, а ў якасці іх намеснікаў — Апанас Заступневіч, Герасім Яраховіч, Міхаіл Шэўчык, Сымон Максімовіч і Андрэй Калянковіч. Агульны амшар камасацыі ахопліваў 1609 га, з якіх 986 га — складалі ўласна сялянскія землі, 547 га — сервітут, 51 га — выдзеленыя з маёнтка Лахва і 25 га — царкоўныя землі.

Паводле катэгорый землекарыстання, зямля класіфікавалася наступным чынам: прысядзібныя надзелы — 35 га, ворныя — 450 га, лугі, пры-датныя для сенакосу, — 300, паша — 450, непрыдатныя для сенакосу лугі — 150, водны абшар — 50, няў-жыткі — 174 га.

Адначасова з камасацыяй праводзілася і ліквідацыя сервітутаў — права агульнага карыстання сялян і памешчыкаў якой-небудзь зямельнай маёмасцю: пашай, лесам, рэкамі, азёрамі і г.д., што стварала значныя цяжкасці і часам назіраліся істотныя канфлікты, якія замаруджвалі ход камасацыі.

У сувязі са складаным матэрыяльным становішчам жыхары Лунінецкага павета часта звярталіся ў органы дзяржаўнай адміністрацыі з просьбай аб ажыццяўленні камасацыі сваіх зямель на льготных умовах, спадзеючыся такім чынам палепшыць уласны дабрабыт. Напрыклад, сяляне вёскі Малыя Чучавічы гміны Чучавічы пісалі ў 1935 г. міністру сельскай гаспадаркі ІІ Рэчы Паспалітай Юліўшу Панятоўскаму: “Палі нашыя знаходзяцца ў дробных палосках, у церасполіцы сярод памешчыцкіх лясоў на адлегласці 15 км ад вёскі. Апрацоўваць іх цяжка. Гной можна падвозіць толькі зімою па ільду. Дрэвы з памешчыцкіх лясоў перашкаджаюць росту пасеваў. Таму ўраджай дрэнны. Паша для жывёлы знаходзіцца на адлегласці 5-7 кіламетраў ад вёскі. Лугі забалочаны. Вёсцы належала 22 надзелы па 14 дзесяцін кожны яшчэ з 1864 г., з іх — палова ворных зямель і лугоў. Гэтыя землі апрацоўваюць 220 гаспада-роў. Былі такія гаспадаркі, на якія прыходзіцца 1/360 ранейшага надзела. Недзе было нават хаты паставіць”.

Многія сяляне прасілі наогул зняць з іх аплату за ажыццяўленне аб’яднання ўласных зямельных уладанняў, але іх пажаданні ўлады ўлічвалі далёка не заўсёды, разглядаючы канкрэтна кожны асобны выпадак. Так, 7 мая 1936 г. сялянка вёскі Шашкі гміны Круговічы Тадора Радзюк падала заяву ў Лунінецкую павятовую зямельную ўправу аб зняцці з яе аплаты за ажыццяўленне камасацыі, бо адзіны яе сын

1 працаўнік у гаспадарцы Тодар закліканы на вайсковую службу, з-за чаго жанчына не мае магчымасці расплаціцца за хутарызацыю. Паводле вопісу адзначанай гаспадаркі, з яе кармілася 3 асобы (з якіх 2 працоўнага ўзросту). З 10 га, належачых Радзюкам, 1 быў засеяны азімымі, 0,5 — яравымі, 0,5 — заараны; з жывёлы налічваліся 1 конь, 2 каровы, 1 цяля, 2 авечкі, 2 парасяці і 5 кур; з інвентару — 1 воз, 1 плуг. Т. Радзюк не павінна была пераносіць на новае месца сядзібу, але мела запазыча-насць у Дзяржаўным Сельскагаспадарчым Банку памерам 400 злотых, іпатэкі — 150, а за камасацыю павінна была выплаціць 72 злотых (50 — у 1936 і 22 – у 1937). Улічваючы ўсе абставіны справы, мясцовыя ўлады пайшлі насустрач просьбе сялянкі.

Віталь ГАРМАТНЫ,
Баранавіцкі Дзяржаўны ўніверсітэт

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть