Культура

Канцэрт для дарослых,

бо ў вёсках амаль не засталося дзяцей.
Пра Сітніцкі Двор я і
мае равеснікі ведалі з пачатковых класаў. На ўроках патрыятычнага выхавання настаўнікі, расказваючы пра Хатынь, заўсёды ўспаміналі і трагічныя падзеі на Лунінеччыне. Пасталеўшы, пашчас-ціла пабываць у гэтых прыгожых мясцінах, захапіцца маляўнічасцю наваколля і парадавацца за людзей, якія здолелі аднавіць паселішча, якое ў вайну страціла 482 жыхары. У 1990-ым тут пражывалі 215 чалавек.
Новая сустрэча адбылася ў маі. Сюды з канцэртам прыехаў аўтаклуб аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. З болем кінулася ў вочы, што многія дамы стаяць з забітымі вокнамі. Дошкі замест шкла ці паверх яго нечым нагадваюць крыжы, ад чаго холадам павеяла ў сэрцы. Кусты бэзу разрасліся каля дзвярэй, загарадзіўшы ўваход у хаты.
Ад адсутнасці школы, клуба і ФАПа, якія закрыты з-за невялікай колькасці насельніцтва, вёска выглядае сіратліва. Адзінае, што дадае выгод нешматлікім жыхарам – магазін.
Работнікі “бібліятэкі на колах” расклалі патрэбныя экзэмпляры, зрабілі адпаведныя запісы і неўзабаве ў руках многіх вяскоўцаў было па некалькі кніжак.
Людзі сабраліся хутка. Канцэрт давялося ладзіць на вуліцы. Выступленне фальклорнага калектыву “Надзея” з Кажан-Гарадоцкага СДК пад кіраўніцтвам Паўла Веляскевіча выклікала захапленне. Самыя смелыя нават кінуліся ў танцы…
Узнімаліся і надзённыя праблемы, асноўная з якіх – недастатковае медабслугоўванне.
Цяжкі лёс у інваліда Валянціна Голуба. Малады чалавек не можа хадзіць пасля няшчаснага выпадку… Не сціхае боль у Тамары Шкут, якая 5 год таму пахавала сына. Ён загінуў у час праходжання тэрміновай службы… Шкада было адзінокіх старых, да якіх не так часта, як хацелася б, наведваюцца нашчадкі…
Развітвацца было сумна. Дружна махаючы ўслед аўтобусу, жыхары зноў заставаліся сам-насам са сваёй адзінотай. Прапісана тут 108 чалавек, большасць – пенсіянеры. Школу ў Сінкевічах наведвае толькі 4 вучні.
Што будзе з вёскай далей? Ці “ажывуць” коміны ў 25-ці пустых хатах, якія больш нагадваюць помнікі, чым чалавечае жыллё?
Новы жывёлагадоўчы комплекс на фоне старых дамоў выглядае занадта велічна. Усяго некалькі кіламетраў да трасы Гомель-Кобрын. Людзі самі прывялі маленькую радзіму ў заняпад, падаўшыся ў гарады.
Пасля вайны Сітніцкі Двор адрадзілі з попелу. А праз 70 год, у мірны час, мы страчваем такую маляўнічую мясціну. Як бы хацелася, каб галоўная вуліца, якая пакуль патанае ў квецені, не знікала ад запусцення.
Далей аўтобус накіра-
ваўся ў Барсукова. Тут таксама жыццё амаль цепліц-ца на некаторых сядзібах. Працуе Дом сацыяльных паслуг, аптымізму і радасці дадаюць дагледжаная тэрыторыя і кветнікі. Артысты ўзняліся на сцэну і зноў палілася чароўная народная песня, гучалі вершы і байкі. Эстрадныя нумары выконвала Галіна Куліцкая. Калі выступленні скончыліся, гледачы не хацелі адпускаць гарманіста і папрасілі сыграць на развітанне.
– Танга? А можа прыпеўкі? – спытаў Павел Веляскевіч. – Давай, дзяўчаты!
І панесліся жартоўныя куплеты, ад якіх ногі самі прасіліся ў пляс. Не вытрымалі і мясцовыя, хуценька далучыліся да артыстаў. Калі б не прыспешвалі іншыя справы, імправізаваныя танцы, напэўна, гучалі б да вечара. Але давялося развітвацца. Падумалася, як мала трэба чалавеку, каб узняць настрой, аблегчыць няпростае вясковае жыццё.
У Барсукова зараз 117 жыхароў, таксама многа хат застаюцца пустымі. Мала моладзі, найбольш людзі пажылога ўзросту, якія прасілі прыязджаць часцей. Артысты паабяцалі.
Назад ехалі з песнямі. Многія тут былі ўпершыню, і паездка стала своеасаблівай экскурсіяй па мясцінах, якія здзіўляюць сваёй прыгажосцю і палохаюць цішынёй. Бо калі на вялікай вуліцы не чуецца дзіцячага смеху, тут няма будучыні. А так бы хацелася, каб і ў маленькіх вёсках ладзілі вяселлі, адзначалі ра-дзіны, адным словам – жылі, доўга і шчасліва.
Марыя АЛЯКСАНДРАВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть