Культура

Карціны Валянціны

Луд ВалентинаКалі нараджаецца талент? Як зразумець, што некалі са звычайнага хлопчыка ці дзяўчынкі вырасце майстар, які здзівіць асаблівымі здольнасцямі і створыць незвычайны шэдэўр? І што гэтаму паспрыяе?

Адказаць на такое пытанне цяжка. Але некаторыя моманты могуць растлумачыць знаёмыя мастака-афарміцеля гарадскога Дома культуры Валянціны ЛУД, на вачах у якіх лунінчанка расла ў сваёй творчасці, дасягаючы новых і новых поспехаў. Акрамя прафесійных абавязкаў яна асвоіла майстэрства баціка, і многія карціны, створаныя ў такім стылі, ужо знайшлі свайго прыхільніка.

Валя нарадзілася ў сям’і ваеннага. Расіянін з Варонежскай вобласці закахаўся ў дзяўчыну з Залесся. Яны асталяваліся на Палессі, гадавалі двое дзяцей. Маючы такую сур’ёзную прафесію, Уладзіслаў Паўлавіч захапляўся маляваннем і разьбой па дрэве. Ніхто тады не ведаў, што яго занятак для душы ў дачкі ператворыцца ў справу ўсяго жыцця і дапаможа адчуць сябе шчаслівай…

У маленькай дзяўчынкі атрымаўся вельмі прыгожы малюнак на пяску. Тады мама зразумела, што расце будучая мастачка. Паступова ўсё больш новых цікавых шэдэўраў стваралася з дапамогай алоўкаў і фантазіі. Ды Валя любіла займацца ўсім і адразу. Яшчэ наведваючы дзіцячы сад, ужо навучылася вязаць. Пакуль ёй не купілі сапраўдныя пруткі, прымяняла для гэтых мэт усемагчымыя вострыя прадметы. Першыя сшытыя ёю ўборы таксама здзіўлялі сваёй дасканаласцю, дзяўчынцы прарочылі прафесію мадэльера.

Кобрынскае мастацкае вучылішча сустрэла вялікай колькасцю аднадумцаў, такіх жа захопленых цікавымі ідэямі маладых людзей. Ім пашанцавала з педагогамі, якія дапамаглі раскрыцца здольнасцям у жывапісе, графіцы, кампазіцыі колераў. Працаваць накіравалі на Пінскую фабрыку мастацкіх вырабаў. Праз некаторы час Валянціна вярнулася ў Лунінец і ўладкавалася ў тагачасны Дом дзіцячай творчасці весці гурток “Мастацкія народныя промыслы” па запрашэнню Альбіны Калешка.

Разам з выхаванцамі яны тварылі з дапамогай саломкі, займаліся ручной вышыўкай, на невялікіх прыстасаваннях ткалі першыя самабытныя вырабы. Нельга перадаць адчуванні, якія перапаўнялі юныя сэрцы, калі іх уласнымі рукамі са звычайных нітак атрымліваўся прыгожы кавалак тканіны, калі нацыянальны касцюм расшываўся яркімі ўзорамі. Саламяныя кветкі зіхацелі золатам пад промнямі сонца.

20 год работы майстрыха аддала ўстанове, якая дапамагала раскрыцца рознабаковым талентам дзетвары. Часам мяняліся абавязкі, але заўсёды яна была запатрабавана, як спецыяліст выяўленчага мастацтва, здзіўляла шматграннасцю таленту.

Луд Валентина 01Тры гады таму Валянціна прыступіла да абавязкаў мастака-афарміцеля ў гарадскім Доме культуры. Наведвальнікі хутка заўважылі створаныя ёю кампазіцыі на сцэне і ў фае, любавацца якімі — адно задавальненне. Сёлетні навагодні конкурс на лепшае афармленне памяшканняў прывёў да ўзнагароды — Грамату ўручыў кіраўнік раённай улады. Жанчына знайшла разуменне і падтрымку ў дружным калектыве, дзе галоўным накірункам работы з’яўляецца творчасць, імкненне перадаць задуманае гледачам і не спыняцца на дасягнутым.

— Прыемна бачыць, што кожны спецыяліст знаходзіцца на сваім месцы. Кіраўніцтва ідзе насустрач, калі новыя ідэі патрабуюць фізічнай дапамогі ці матэрыяльных выдаткаў. Наогул, работа ў мяне цудоўная! — дзеліцца Валянціна, а вочы зіхацяць ад захопленасці любімай справай.

5 год таму жаданне стварыць нешта новае і незвычайнае дапамагло лунінчанцы асвоіць майстэрства баціка. “Шаўковыя карціны” атрымаліся незвычайнымі на першы позірк, але дасканалымі ў сваім стылі. Шукаючы аднадумцаў, пазнаёмілася з многімі захопленымі людзьмі з усёй рэспублікі. Яны прапанавалі арганізаваць выставу-продаж на “Славянскім базары” ў Віцебску.

Было трывожна, але мастачка рызыкнула. Аформіла дакументы на рамесную дзейнасць і ў 2011 годзе накіравалася ў культурную сталіцу. На вуліцы пад адкрытым небам там заўсёды збіраецца цэлая алея творцаў, якія дэманструюць свае творы. Тут можна многаму навучыцца ад іншых, і раскрыць зацікаўленым некаторыя тонкасці сваёй справы. Сама атмасфера спрыяе новым ідэям і з’яўляецца жаданне працаваць больш і лепш. Летась у час фестывалю пра мастачку і яе работы расказвалі на адным з каналаў Віцебска-га тэлебачання, што таксама сведчыць пра іх прыгажосць і высокі тэхнічны ўзровень.

Луд Валентина 02Вырабы двайнога баціка ў сучасным стылі патрабуюць значных затрат і карпатлівай работы, таму і каштуюць не танна. Але сапраўдныя аматары знойдуцца і купяць, калі рэч дасканалая і прыгожая. А дзеля гэтага неабходна траціць многа вольнага ад асноўнай работы часу.

Яго пастаянна не хапае, бо дома мамінай увагі чакаюць 6-класнік Стас, аматар футбола, і 7-класніца Ліза, старанная памочніца. Дзеці вельмі любяць лепку з пластыліну і, магчыма, гэта пачатак іх асаблівых здольнасцей. Больш дарослай парады чакае старэйшая дачка Вераніка, студэнтка 5 курса юрыдычнага факультэта.

Кожны з нас імкнецца к дасягненням у выбранай справе. Адным дзеля гэтага трэба прыкладваць фізічныя намаганні, другім дапаможа тактоўнасць і ветлівасць з кліентамі, трэція атрымаюць прызнанне, дзякуючы цярпенню. Творчым людзям для перадачы на суд гледачоў і крытыкаў задуманага, выпешчанага ў глыбіні душы, яшчэ спатрэбіцца натхненне і мужнасць у барацьбе з жаданнем усё кінуць, калі на справе атрымліваецца зусім не тое, што хацелася б. Даводзіцца пачынаць зноў і зноў, каб потым, выбіўшыся з сіл, усё ж уздыхнуць з палёгкай.

Рэч павінна спадабацца сабе, тады не сорамна будзе паказаць яе іншым. Працаваць і працаваць, адшліфоўваючы кожны міліметр. Бо прыродны талент — гэта толькі пачатак, штуршок да стварэння незвычайнага і асаблівага. Далей усё залежыць ад майстра, яго жаданняў і магчымасцей, дзякуючы якім старанныя людзі змогуць праслаўляць Лунінеччыну на міжнародных конкурсах і фестывалях.

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть