Культура

Карысная навука

Жылі двое. Муж і жонка. Звычайная сям’я.
Тадора Фенікаўна вельмі акуратная жанчына. “Строгая, патрабавальная, чыстая і добрая, – гаварылі аднавяскоўцы. – А мужык яе – ну хоць да раны прыкладвай, дабрына з дабрыні”.
Але ад жонкі даставалася яму: то ся-дзе не так, то стане не гэтак, то пяску ў хату нанясе ці ляпне нешта не тое. А наконт грошай – то іх жонцы заўсёды мала было.
Аднойчы небарака не разлічыў сілы, махнуў лішнюю (а мо і не адну). Ледзь у двор свой прыпоўз. Заўважыў у вокнах святло і лёг каля плоту, дзе скідвалі смецце.
Прыгажуні ў гадах, што сядзелі на лаўцы і заўважылі гэта, адразу жонцы расказалі, ды параілі забраць хутчэй. А тая губы закапырыла:
– І не падумаю. Хай валяецца. Нагі яго больш у хаце не будзе, п’янтос пракляты!
Пачула гэта адна з кабет, што сядзелі на лаўцы (трэба адзначыць, што мужыка ў яе ніколі не было) і звярнула ўвагу на ляжачага. Падышла, пабудзіла, падставіла плячо і прывяла да сябе. А там распранула і спаць палажыла. Раніцай вопратку чыстую прынесла, сняданак на стол паставіла. Пяшчотна зірнула і гаворыць:
– Прабач, даражэнькі, напэўна я нядобра зрабіла. Спалохалася, што захварэеш ці міліцыя забярэ – непрыемнасці будуць. Думаю, праспаўся ўжо… Цяпер можаш і дадому ісці, калі жадаеш, канешне…
Падумаў мужык, паглядзеў на жанчыну, на стол, на парадак ды і… застаўся.
Прайшоў дзень. Як толькі сцямнела, да яго законная жонка прыбегла. Уляцела ў хату Тадора Фенікаўна, як той вецер-ля-дзяш, і нарабіла гвалту:
– Як табе не сорамна? Што ты робіш, гадзіна? Чужога ж мужыка адбіваеш… Сям’ю развальваеш!
Гаспадыня спакойна адказала:
– Не чапляйся, нікога я не адбіваю, ніякую сям’ю не развальваю. Гэты мужык табе непатрэбны быў, ляжаў каля сметніка, вось я яго і падабрала.
З таго часу Тадора засталася сама, а гэтыя жывуць, як кажуць, душа ў душу. Клапоцяцца адно пра аднаго, пяшчотна гля-дзяць у вочы і ні на што не скардзяцца…
Гісторыя запісана з расказаў жанчын у адной з вёсак раёна.
Максім КАЗУН. в. Вічын.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть