Культура

Кляновы лісток, як удзячнасць

Зноў кляновы лісток шчыльна прытуліўся да шкла на акне. Жоўты, з чырванаватымі плямамі, ён нібыта спецыяльна пасланы аднекуль зменшыць сум ад халоднай восені, дадаць светлых колераў звычайным школьным будням…
Менавіта ў час залатога лістапада мы дасылалі святочныя паштоўкі настаўнікам. Але свята скончылася, а іх стваральная праца на карысць усяго грамадства – у самым разгары. Яны не лічацца з асабістымі клопатамі, аддаючы ўсю ўвагу сваім падапечным. Іх жыццё заўсёды як прыклад інтэлігентнасці, тактоўнасці і акуратнасці. Іх паводзіны, рухі, словы пераймаюцца вучнямі, становячыся асновай выхавання. Па нейкаму неаб’яўленаму закону ў педкалектыве прынята ўсе свае непрыемнасці, праблемы і трывогі пакідаць за парогам навучальнай установы, а перад класам стаяць з усмешкай на твары, з тонкім гумарам, спакойным позіркам. Кожны зрыў на ўроку стане прычынай згубленага даверу, дзіцячыя сэрцы не даруюць здраду і крыўду. Настаўнік павінен падаваць прыклад ва ўсім. І за межамі школы – у аўтобусе ці магазіне – весці сябе годна.
Ды людзі з іншымі поглядамі і не прыйдуць у педагогі. Нашы навучальныя ўстановы найбольш укамплектаваны энтузіястамі, для якіх урок з шумным класам не будзе здавацца пакутліва доўгім, а наадварот, праляціць як адно імгненне.
У пакоях настаўнікаў вечарам доўга не тухне святло. Бо ім мала заўтра проста прыйсці на працу. Трэба падрыхтавацца, узяць дадатковы матэрыял, праявіць сваю фантазію, каб адведзеныя хвіліны прайшлі цікава і карысна. Каб потым, на апошнім званку ці выпускным балі, сэрца замірала ад гонару за сваіх здольных, добра выхаваных вучняў. Каб потым, на лютаўскай сустрэчы праз шмат год, ім з удзячнасцю паціснулі рукі былыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія чамусьці так і застануцца ў памяці тымі худзенькімі няскладнымі падлеткамі. І яскрава згадваюцца ўсе дзявочыя прозвішчы і юначыя маленькія шкоды.
Ім многае даруецца праз пакаленні. Тыя хітрыкі са спісваннем у суседа па парце, кінутая праз увесь клас шпаргалка, і многае-многае іншае. Тое, чым былі напоўнены школьныя будні. Цяпер гэта шчымлівы позірк у юнацтва і маладосць…
Настаўнікі – самыя багатыя людзі на кветкі. Нават у разгар начных замаразкаў і змрочных ранкаў ім прыносілі букеты рознакаляровых хрызантэм, яркіх шыкоўных руж ці святочных гваздзік. У кожным пялёстку – крупіца ўдзячнасці за працу і талент. У кожнай кветачцы – цяпло маленькіх сэрцаў, якія поўняцца дабрынёй…
У дзяцінстве амаль кожны з нас марыў стаць педагогам. Імітуючы іх работу, многія імкнуліся ўвасабляць школьныя ўрокі ў дзіцячых гульнях. Пасталеўшы, прайсці іх шляхам рашаецца не кожны, лічачы работу з дзецьмі занадта цяжкай. Застаюцца ў прафесіі толькі самыя адданыя, добрыя, шчырыя.
Кляновы лісток пад павевамі ветру зрываецца з галінкі і апускаецца долу, ствараючы мяккі дыван. Па такім прыгожым калідоры на школьным двары праходзяць у Храм ведаў вучні і настаўнікі. І ажывае гонар за патрэбную працу, праглядвае лёгкі смутак ад імклівасці часу і хуткіх халадоў, але сагравае пачуццё радасці ад прызнання нялёгкіх будняў.
У кожнага з нас былі свае настаўнікі. Давайце падзякуем ім за стараннасць тэлефонным званком ці звычайнай паштоўкай незалежна ад святочных дат і юбілеяў. Ці хаця проста згадаем у думках пра ўсё лепшае, чаму яны вучылі нас на працягу сталення. Няхай кляновы лісток прыносіць на іх аконнае шкло нашы пажаданні і ўдзячнасць!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть