Культура

Коўдра з апалых лісцяў

Восень прымасцілася ў гарадскіх скверах пад разгалістымі клёнамі, змайстраваўшы сабе адмысловую коўдру з апалых лісцяў. Яны шыкоўным дываном укрылі пажухлую траву, якая стамілася ганарыцца сваёй яркай зелянінай. Іх лёгкае шалясценне ў нечым нагадвае шэпт закаханых пад покрывам вечаровага змроку, ці калыханку, якую матуля ціхенька напявае над калыскай малога.

Вецер задаволена перакладвае лісточкі па толькі яму зразумеламу парадку. То намяце вялікую гурбу, то раскідае роўным слоем, схаваўшы апошніх сведак летняга цяпла – бледнаватыя кветачкі, якія з усіх сіл імкнулі-ся вытрымаць першыя замаразкі і яшчэ хоць крышачку парадаваць наваколле сваёй шчымлівай прыгажосцю. То апантана завіхурыць з усёй сілы, зрабіўшы прастор залаціста-чырвоным, і прымушаючы сэрца калаціцца мацней ад незразумелых пачуццяў…
Дворнікі з усіх сіл імкнуцца сабраць лістоту ў вялікія мяхі і выдварыць за межы горада. Толькі не ўсе згодныя апынуцца ў цемры і быць вывезенымі на сметнік – яны вырываюцца з-пад вялікага веніка і зноў мільгаюць перад вачамі, даючы яшчэ адну кароценькую магчымасць палюбавацца асенняй панарамай.
Не ўсе лічаць апалае лісце нікчэмным і непатрэбным. Варта прыгле-дзецца, колькі дзетвары звонка смяецца, глыбока зашываючыся ў мяккую гурбу, колькі захопленых позіркаў выклікае чароўная залацістая коўдра, усмешкай адбіваючыся на тварах прахожых!
Нават у гэтай перамене пор года прырода паклапацілася аб прыгажосці, дорачы нам непаўторныя моманты, якія кожны можа надоўга захаваць у сваёй памяці. Святло ад сонечных промняў затаілася на тых мяккіх лісточках. І як часам не хапае іх нам, рамантыкам, каб сярод зімовай сцюжы прытуліць маленькі кавалак лета да твару, удыхнуць яго непаўторны водар і наталіць смагу прывітаннем восеньскага ранку.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть