Конкурс

Лепшы ў свеце спец – лунінецкі прадавец

конкурс продавцовГэта сцвярджала ў сваёй “візітоўцы” адна з канкурсантак 28-га раённага конкурсу “Лепшы па прафесіі”

Старшыня праўлення Максім Сумар, які ўзначаліў журы, вітаючы маладых прадстаўнікоў сферы гандлю, адзначыў:

– Вам выпаў гонар прадэманстраваць  сапраўднае майстэрства, уласцівае лунінецкім кааператарам, якія з года ў год годна абараняюць гонар Брэстчыны на рэспубліканскім спаборніцтве. Летась перамогу ў ім святкавала Алеся Пятніца. Другое месца ў вобласці заняла Таццяна Калюціч, якая прысутнічае ў зале і будзе падтрымліваць вас на працягу ўсіх выпрабаванняў. У вас жа  ёсць прыклад, а значыць, ёсць да чаго імкнуцца. Упэўнены, што заваяваны аўтарытэт нашага райспажыўтаварыства, якім вельмі ганаруся,  зможаце падтрымаць на больш высокім узроўні!

Зразумела, што любое выпрабаванне прафесійнага майстэрства патрабуе смеласці, фантазіі, артыстызму і ўпэўненасці. Аднак, многае прыходзіць толькі з вопытам. Ужо стала традыцыяй пад-трымліваць самую маладую ўдзельніцу яшчэ да пачатку конкурсу. На гэты раз ёй стала Ірына Левашкевіч з універсама “Заходні”, якой не так даўно споўнілася 19 год. Падарунак дзяўчыне ўручыў М.А. Сумар.

Першым выпрабаваннем для канкурсантаў стала “візітоўка”. Праграму адкрыла прадавец магазіна “Усё для дома” Святлана Мальчук. Вершаванымі радкамі яна расказала, што закончыла лунінецкую СШ №2, прафліцэй, замацавала веды ў гандлёвым каледжы ў Брэсце. Лічыць, што “гаспадарскае вока” ў жыцці і ў рабоце заўсёды спатрэбяцца. Святлана Мальчук заняла трэцяе месца сярод прадаўцоў нехарчовых тавараў.

Прыцягнула ўвагу выступленне Валянціны Біліба з магазіна “Непаседа”. На беларускай мове – адзіная з канкурсантаў – яна расказала пра сябе і пра тое, чаму выбрала прафесію прадаўца. Працаваць у гандлёвым аб’екце, які арыентуецца на дзіцячы асартымент, ёй вельмі прыемна. Прычым, заўсёды кіруецца тым, ці купіла б яна тую ці іншую рэч сваім дзеткам – дачушцы Дашы і сыну Арцёмку. Валянціна прызнана лепшай у конкурсе “візітоўка”. А ў агульным заліку заняла другое месца.

Сярод прадаўцоў нехарчовай групы тавараў бясспрэчнае лідарства на працягу ўсяго конкурсу ўтрымлівала Вольга Раковіч з магазіна “Кнігі”. У райспажыўтаварыстве працуе з 2008 года, завочна закончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Вопыт работы набывала ў магазінах “Універмаг”, “Дзіцячы свет”. Яе абаяльнасць, трывалыя веды і артыстызм нікога не пакінулі абыякавым. Не выпадкова яна заняла першае месца і атрымала прыз сімпатый гледачоў.

Што датычыць выступлення прадаўцоў харчовых тавараў, то тут можна вы-дзеліць Ірыну Левашкевіч, якая вельмі артыстычна выкарыстала ў “візітоўцы” сюжэт славутага фільма “Свадьба в Малиновке”. А разам са сваім калегам па ўніверсаму “Заходні” Уладзіславам Пуставым (адзіным прадстаўніком моцнага полу сярод удзельнікаў) правяла цікавую рэкламную гульню “Поле цудаў”, у якой былі задзейнічаны як канкурсанткі, так і журы. У рэкламным спаборніцтве дуэту не было роўных. Па выніках усіх выпрабаванняў яна заняла трэцяе месца.

Сэрцам разумець кожнага пакупніка імкнецца Вольга Профіт з гастранома “Лунінецкі”. З тэарэтычнымі ведамі ў яе ўсё ў поўным парадку. У гэтым выпрабаванні яна была лепшай. А вось вопыт работы яшчэ зусім маленькі, усяго пяты месяц, але, хочацца спадзявацца, і тут яна апраўдае спадзяванні калектыву. У конкурсе ж ёй прысуджана другое месца.

На жаль, першае месца журы так і не здолела прысудзіць нікому. Таму пытанне, хто прадставіць Лунінеччыну на абласным конкурсе прадаўцоў харчовай групы тавараў застаецца адкрытым.

Заахвочвальныя падарункі атрымалі Таццяна Танчынская (універсам “Паўночны” у Мікашэвічах), Людміла Рудзько (магазін “Алімп” у Мікашэвічах), Уладзіслаў Пуставы (універсам “Заходні”) і Вера Калешка (магазін “Дзіцячы свет”).

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть