«Майстар года» — Надзея Карповіч з Лунінецкага раёна
КонкурсНовости районаОбществоОбразование

«Майстар года» — Надзея Карповіч з Лунінецкага раёна

У трэці раз Надзея Карповіч з лунінецкага сельскагаспадарчага каледжа брала ўдзел у абласным конкурсе «Майстар года» сярод майстроў вытворчага навучання ўстаноў прафесійнай адукацыі.

Але сёлета ён быў асаблівы. Па-першае, дарога ў Брэст супала з асабістым днём нараджэння. А яшчэ была асаблівай у тым плане, што ўвесь час давялося ехаць у тумане. Толькі на мяжы з абласным цэнтрам засвяціла сонейка, дзякуючы якому паявілася вясёлка. Гэтая незвычайная з’ява напрыканцы снежня рэдкасць, таму На-дзея Карповіч не сумнявалася, што гэта добры знак.

У Брэсцкім дзяржаўным каледжы сувязі пяць прэтэндэнтаў, якія прайшлі адборачныя выпрабаванні (усяго каля 500 майстроў бралі ўдзел у першым этапе), змагаліся за званне “Майстар года”. Конкурсныя заданні прадугледжвалі дэманстрацыю прафесійных уменняў і навыкаў па шэрагу спецыяльнасцей, тэарэтычных ведаў і агульнай эрудыцыі, артыстычных здольнасцей.

У сваёй візітоўцы Надзея Карповіч вельмі прачула расказала і нават праспявала пра тое, як ёй пашанцавала трапіць у лунінецкі сельскагаспадарчы каледж, у якім працуе ўжо 28 год і раскрывае навучэнцам сакрэты поварскай справы. У наступным туры канкурсантам неабходна было правесці майстар-клас па рабочай прафесіі, але не па той, што выкладае. Узрадавалася Надзея Віктараўна, калі ў заданні, якое выцягнула, убачыла прафесію “афіцыянт”. Пэўныя веды дазволілі ёй атрымаць самыя высокія балы. Максімальную іх колькасць наша зямлячка набрала за сваю эрудыцыю. Нікога не пакінуў абыякавым верш Эдуарда Асадава “Дорожите счастьем” у выкананні Надзеі Карповіч, як, дарэчы, прыгатаваная ёй закуска “Навагодняя свечка”. Да фінальнага выпрабавання “Хачу здзівіць” яна склала верш:

…Клубника у меня растет,

Ну почти что круглый год,

Лунинетчина – она ведь

клубничная страна,

Ягодка моя огонь –

размером чуть ли не с ладонь…

В долгий зимний вечерок

в руки я беру клубок,

Тянет крючок тонкую нить –

есть мне чем вас удивить…

І сапраўды, Надзея Віктараўна здзівіла, прадаставіўшы ўласную калекцыю вязаных уручную шыкоўных сукенак.

Вынікі конкурсу падвёў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі. Ён адзначыў, што ўсе ўдзельнікі фіналу – пераможцы. І ўсё ж, галоўная ўзнагарода дасталася менавіта нашай Надзеі Карповіч.

Расказваючы аб конкурсе, яна не хавала радасці не толькі за ўласны поспех, але і ўсяго каледжа. Невыпадкова конкурс «Майстар года» праводзіцца пад дэвізам «Прафесіяналізм майстра –  прэстыж установы». А яшчэ яна доўга будзе ўспамінаць атмасферу фіналу: каманды падтрымкі падбадзёрвалі ўсіх удзельнікаў, шчодра дарылі апладысменты. Мерапрыемства прайшло на адным дыханні, хаця ад канкурсантаў спатрэбілася нямала сіл і энергіі.

– Ніколі б не перамагла, калі б мне не дапамаглі мае калегі, кіраўніцтва каледжа, родныя і сябры. Бясконца ўдзячна ім за ўсё! – сказала на завяршэнні размовы пераможца. – Няхай у 2022 годзе кожнаму пашанцуе і пашчасціць, а побач будуць тыя, хто любіць, запальвае энергіяй, ахутвае душэўным цяплом!

Алена ДАНІЛОВІЧ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть