Маленькая МІС

Конкурс «Міс Сняжынка-2017» адбыўся на Лунінеччыне. Мерапрыемства праводзіцца ўжо другі год і мае нямала прыхільнікаў. У ім прынялі ўдзел 8 таленавітых і знаходлівых маленькіх прыгажунь ва ўзросце 6-8 год.
Дзяўчынкі выступілі ў ролі вакалістак, танцорак, чытальніц, дэфіліравалі на сцэне ў вячэрніх сукенках, тым самым максімальна ўскладніўшы задачу выбару членам журы. Ужо з першых хвілін прадстаўлення ўсе прысутныя ў зале былі заваяваны абаяннем і непасрэднасцю ўдзельніц конкурсу. Дзякуючы ім, мерапрыемства ператварылася ў яркае шоу. Прысутныя падтрымлівалі любіміц апладысментамі, падбадзёрвалі плакатамі і воклічамі.
У выніку карону «Міс Сняжынка-2017» заваявала Аляксандра Муравейка. Сем іншых, не менш чароўных юных лэдзі, не засталіся без падарункаў, стаўшы пераможцамі ў розных намінацыях: «Першая Віцэ-Міс Сняжынка» – Алеся Барысава, «Другая Віцэ-Міс Сняжынка» – Ксенія Жэлянгоўская, «Міс Сняжынка глядацкіх сімпатый» – Дар’я Нагорная, «Міс Сняжынка – Зачараванне» – Валерыя Аляшкевіч, «Міс Сняжынка – Усмешка» – Кацярына Чарнюк, «Міс Сняжынка – Элегантнасць» – Мілана Кіпень, «Міс Сня-жынка – Фотамадэль» – Аліна Калбоўская.








Вядучая конкурсу Крысціна Збралевіч адзначыла, што «добрая традыцыя працягнецца і ў наступным годзе, бо конкурс дапамагае ўдзельніцам не толькі адчуць упэўненасць у сабе, але і выявіць новыя таленты».
Арганізатары паклапаціліся аб тым, каб конкурс, як першы вялікі баль, запомніўся яго ўдзельніцам добрай казкай.
Наталля АРАШКЕВІЧ