Конкурс

«Мы продолжаем КВН…»

IMG_2353На Лунінеччыне прайшоў ІІ Калядны фестываль гульні Клуба Вясёлых і Знаходлівых на кубак старшыні раённага выканаўчага камітэта. На гэты раз спаборніцтва ладзілі ва ўтульнай зале гарадскога Дома культуры. Як і можна было меркаваць, прысвяцілі КВЗ Навагоднім святам.

Мінулагодні турнір даў добры старт: гульня спакваля набывае папулярнасць. Сёлета колькасць каманд амаль удвая перабольшыла леташнюю. Паспаборнічаць у кемлівасці выказалі жаданне “Адрэналін” (Лунінецкая ЦРБ), “Зялёнае святло” (станцыя Лунінец), “Розныя людзі” (сельскагаспадарчы каледж), “Іронія лёсу” (політэхнічны каледж), “КультУРА” (аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама), “Тычэз сэйшэн” (аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама) і “Каровушкі” (СВК “Вулькаўскі світанак”).

Вядома ж, кожны спадзяваўся на перамогу, пра што сведчыла адказная падрыхтоўка да конкурсаў, якіх было тры. Пасля “Візітоўкі” цяжка было вызначыць лідараў – настолькі роўна ішлі каманды. Аднак жартоўны “біятлон” “Гадзіннік прабіў поўнач…”, у ходзе якога каманды павінны былі прадставіць па 10 кароткіх і дасціпных жартаў, вывеў наперад “Зялёнае святло”, “Каровушак” і “Адрэналін”. Па выніках дамашняга задання “У лесе нарадзілася ёлачка…” да лідараў упэўнена далучылася каманда каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці.

IMG_2248

Варта сказаць, што на працягу ўсяго спаборніцтва, якое доўжылася дзве з паловай гадзіны, удзельнікі дэманстравалі выдатнае пачуццё гумару. Артыстызмам і прафесійным падыходам да справы радавала “КультУРА”, цёплую песню пра Лунінец падарыла “Тычэз сэйшэн”, сатырычных шаржаў на паўсядзённасць не пазбягаў “Адрэналін”… А ўсе разам надалі сабраўшымся ў зале добры святочны настрой.

Зразумела, што журы, у складзе якога былі намеснікі старышыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч (старшыня журы) і Уладзімір Кавалевіч, пракурор Аляксандр Карлюк, маладзёжны лідар Юрый Паўловіч і ваша пакорлівая слуга, належыла справіцца з няпростай задачай. Аднак, як сказаў Анатоль Міхайлавіч, “усе каманды выступілі добра, але некаторыя – крышку лепш”. Магчыма, больш трапнымі і арыгінальнымі былі жарты, адпавядаў зададзенай тэме змест выступленняў, на ступеньку вышэй аказаліся касцюмы і рэквізіт. На жаль, далёка не ўсе каманды звярталі ўвагу на рэгламент выступленняў, а вось журы гэты нюанс па-за ўвагай не пакінула.

У выніку на трэцім месцы апынуліся “Розныя людзі” (сельскагаспадарчы каледж), другое месца падзялілі “Адрэналін” (Лунінецкая ЦРБ) і “Зялёнае святло” (станцыя Лунінец), а бясспрэчнымі лідарамі сталі “Каровушкі” (СВК “Вулькаўскі світанак”), якія і павезлі ў Вульку 2 жаданы кубак. Усе пераможцы з рук Анатоля Захаркевіча атрымалі Дыпломы і каштоўныя падарункі. Сувенірамі заахвочана і кожная з іншых каманд-удзельніц.

Некалькі слоў пра пераможцу трэба сказаць асобна. “Каровушкі” – дэбютант КВЗ. Мяркую, што вопыт сцэнічных выступленняў у яе ўдзельнікаў, хутчэй за ўсё, не такі і багаты. Тым не менш, яны змаглі ўразіць і трапнымі жартамі з вясковай паўсядзённасці, і зайздросным майстэрствам праз гумар аб’ядноўваць гледачоў. Было бачна, што да выхаду на сцэну вясковай каманды абыякавым у зале не заставаўся ніхто. Нельга не адзначыць і “першую скрыпку” “Каровушак”, якая задавала тон і практычна вяла за сабой калег. Ветурач Кацярына Шырачэнка проста заваражыла і балельшчыкаў і журы. Менавіта ёй прысуджана званне самага знаходлівага іграка і невялікі прыз ад “Лунінецкіх навін”.

IMG_2292

IMG_2379

IMG_2383



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть