Культура

Круглы год  пануе вясна

У доме Алены Фаменка па вуліцы Заслонава ў Лунінцы вясна цалкам уступіла ў свае правы. Хаця, дзякуючы прыгожым вырабам гаспадыні, яна тут пануе круглы год. Нягледзячы на тое, што ружы, макі, нарцысы і іншыя кветкі зроблены з халоднага фарфору, яны ўражваюць прыгажосцю, вытанчанасцю і натуральнасцю.

– Гэты матэрыял быў вынай-дзены ў Аргенціне ў пачатку мінулага стагоддзя і хутка заваяваў сэрцы аматараў займацца лепкай, – расказвае жанчына. – Вядома, гатовы фарфор можна купіць у магазіне, але я, як правіла, вырабляю яго сама. Праўда, каб падабраць свой, уласны рэцэпт, галоўныя інгрэдыенты якога – кукурузны крухмал і клей ПВА, спатрэбілася практычна два гады.

З халоднага фарфору вырабляюць розныя сувеніры, лялькі, фларыстычныя кампазіцыі, аб’ёмныя пано і карціны, біжутэрыю і яшчэ масу цікавых рэчаў – спектр яго ўжывання настолькі вялікі, што кожны майстар без асобай складанасці знойдзе індывідуальны накірунак для ўвасаблення сваіх творчых задум. Вось і Алена Віктараўна пачала з кветак, з дапамогай якіх з часам стала афармляць заколкі і абадкі для валасоў, ствараць завушніцы, калье, брошкі, бранзалеты і іншыя жаночыя ўпрыгожванні. А нядаўна асабісты «кветнік» майстрыхі дапоўнілі чарніцы, чорныя парэчкі, чарнаплодная аронія, іншыя садовыя і лясныя ягады. Апетытныя і сакавітыя «дары прыроды» сталі цэнтральнай дэталлю для яркіх, арыгінальных камплектаў біжутэрыі.

– Нягледзячы на тое, што займаюся лепкай з халоднага фарфору прыкладна тры гады, усё ж лічу сябе пачынаючай. Мабыць таму, што ў думках яшчэ шмат ідэй, якія вельмі хочацца ажыццявіць. Ёсць над чым працаваць і ў плане тэхнікі.

А.В. Фаменка з той катэгорыі людзей, аб прадстаўніках якой у народзе проста і ёміста кажуць – майстры на ўсе рукі. За якую справу не бралася б рамесніца, усё ёй па плячу. Прычым, у любым занятку імкнецца дасягнуць дасканаласці. А пачалося вандраванне па шматгранным свеце народных рамёстваў, дзякуючы дачцэ.

– Гэта было паўтара дзесяцігоддзя таму. Аднойчы Крысціне, на той момант – школьніцы, задалі вышыць крыжыкам любы невялікі малюначак. Наш выбар спыніўся на ружы з японскіх сканвордаў.

Сёння калекцыя вышыванак Алены Віктараўны налічвае каля 60 карцін. Кожная, без перабольшання, – сапраўдны шэдэўр рукадзельнага мастацтва. Уражвае не толькі маштабнасць яе работ – большасць з іх у чалавечы рост, але і разнастайнасць каляровай палітры, якую складаюць да 70 адценняў.

– Пэўных пераваг няма – проста схема павінна спадабацца, як кажуць, легчы на душу. Працую паэтапна: толькі закончыўшы адзін элемент, пачынаю наступны. З нітак выкарыстоўваю «Гаму» – трывалыя, мяккія, на тканіну кладуцца роўна, не ўтвараюць вузлоў і скручванняў. Акрамя таго, яны не баяцца прання і сонца…

Потым было пляценне з бісеру, якое змяніла папяровая лаза. Дарэчы, вырабы са скручаных трубачак і зараз вельмі папулярныя. Алена Віктараўна не толькі забяспечыла родных і сяброў падстаўкамі пад спецыі, падносамі, кошыкамі і іншымі функцыянальнымі рэчамі, але дагэтуль вырабляе іх на заказ. У планах – асвоіць джутавую філігрань. А пакуль яна сумяшчае творчасць з працай дворніка ЖКГ, абавязкамі гаспадыні дома, мнагадзетнай матулі і бабулі 6 унукаў. Атрымліваецца ў яе на «выдатна».

– Гэта ўсё – дзякуючы мужу Віктару Міхайлавічу. Вырабіць рамку для вышытай карціны ці змайстраваць якое-небудзь мудрагелістае  прыстасаванне, каб палегчыць мне работу ў агаро-дзе,  – па сілах яго залатым рукам!  У нас чацвёра дзяцей. Старшы сын Віталь – у Мінску, малодшы Ян жыве ў Баранавічах, Кірыл і Крысціна вырашылі застацца ў Лунінцы…

Нягледзячы на паўсядзённую мітусню, імкнуся рэгулярна (хоць бы паўгадзіны) правесці за творчасцю. Калі не атрымліваецца на працягу дня – заседжваюся і глыбока за поўнач. Рукадзелле – аддушына для мяне! Яно робіць жыццё цікавейшым, дадае яркасці і фарбаў. Сумняваецеся? Проста паспрабуйце. Было б жаданне, а здольнасці ёсць у кожнага!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть