Культура

Крыжаванка без права на памылку

пажарникиЯны ўмеюць амаль усё – ратаваць у лясах, на вадзе, падчас пажараў, снегападаў… Аб цяжкай, небяспечнай
і вельмі ганаровай прафесіі расказалі маладыя супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай ДРАЗДОВІЧ (на здымку злева) і Сямён САЙКО.
Мікалай: Не скажу, што заўсёды марыў стаць выратавальнікам, проста з дзяцін-ства любіў экстрым. Закончыў Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, вярнуўся дамоў і стаў працаваць у СВК “Дзятлавічы”. Затым начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста ў Бастыні расказаў аб наборы супрацоўнікаў у службу выратавання. Гэтай прапановай скарыстаўся.
Сямён: Вырашыў звязаць жыццё з дзейнасцю ў сілавых структурах, калі вучыўся ў школе. Зацікавіла прафесія выратавальніка. Бацькі падтрымалі. Работа звязана з небяспекай, таму родныя пастаянна непакояцца: да частых званкоў ад іх прывык.
На першым месцы для прадстаўнікоў РАНС – жыцці людзей. Шмат чаго даводзіцца бачыць за час службы… Сёлета з полымя вынеслі 5 чалавек.
Сямён: Кожны пажар не падобны на іншы. Ён можа развівацца, як заўгодна, і таму, вядома, бывае страшна. Але больш за ўсё баішся не паспець. Мы часта сутыкаемся з праблемай пад’езду да месца пажару. З хваляваннем шукаем чалавека ў палаючым памяшканні: ён можа ўпасці, схавацца, быць у непрытомнасці. А мы ў процівагазах арыентуемся навобмацак (ліхтарык у дыму дае бачнасць толькі ў радыусе 10 сантыметраў). Рухаемся і адначасова збіваем полымя, адкрываючы шлях у пошуках пацярпелых. Кожны раз, як крыжаванка, але без права на памылку.
У першы пажар, дзе агонь да нашага прыезду ахапіў усе памяшканні, выратавалі чалавека. Патрапіць унутр можна было, толькі разбіўшы аконныя рамы. Так і паступілі. У доме знаходзіўся гаспадар, які, пачуўшы крыкі, прачнуўся і вылез праз акно на вуліцу. Менавіта гэты выпадак лічу баявым хрышчэннем.
Было крыху страшна, калі залазіў у дом. Думаў, зараз дах абваліцца. Тут яшчэ газавыя балоны на верандзе “рванулі”. На жаль, з маёмасці і дакументаў нічога выратаваць не ўдалося, але гэта – справа нажыўная.
Мікалай: Не забуду, калі ўпершыню сутыкнуўся з незваротнай страшнай бядой – смерцю. Гэта адбылося ў кастрычніку мінулага года, калі паступіла паведамленне аб пажары ў кватэры жылога дома ў Лахве. Пасля прыбыцця да месца памяшканне гарэла адкрытым полымем. Унутры знайшлі загінуўшымі гаспадыню, яе дачку і сужыцеля.
Сямён: Нашу прафесію часта рамантызуюць. На самай справе яна вельмі цяжкая. Ці прыемна бачыць чужое гора, бяду? Упэўнены, што такога чалавека не знойдзецца. Але ж і пачуццё ўласнай годнасці непараўнальнае, калі ўдаецца ўтаймаваць стыхію.
Мікалай: Існуе так званая прафесійная этыка ў нашых паводзінах. Яна нара-джаецца і выконваецца моўчкі. Пачуццё локця, спагады, годнасці, адказнасці…
Бываюць у зменах выратавальнікаў спакойныя дзяжурствы, а часам нават у гараж не заязджаюць. У святы, калі народ адпачывае, забываючы пра бяспеку, работы больш. Дапамагаюць людзям, якія праваліліся ў люкі, не ўтрымаліся на вадзе, блакіраваны ў сплюшчанай у ДТЗ машыне. Вызваляюць жывёл, што трапілі ў “пасткі”. Разам з урачамі хуткай дапамогі транспарціруюць хворых, якія пакутуюць на лішнюю вагу.
Мікалай: Галоўнае – любіць Радзіму і любога чалавека, кім бы ён ні быў. Калі атрымліваецца захаваць жыццё, гэта вялікае шчасце!
Сямён: Кожны пажарны – самаадданы чалавек, энтузіяст, які дзеля жыцця іншых гатовы рызыкаваць сваім уласным.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть