Культура

КУБАК ПА КРУГУ

Трое дзядкоў-сябрукоў сядзяць на лавачцы пад старой грушай ля Іванавай хаты, пакурваючы самакруткі. Ціха і спакойна, як лясная рачулка нясе свае воды, цячэ бяседа аб жыцці-быцці. І неяк міжволі, так сабе, заходзіць размова аб нявестках.

Першым уступае ў размову Пятро: “Нявестачка ў мяне – заглядзенне. На вагу золата, можна сказаць. Ніколі дрэннага слова ад яе не пачуў. Ды і ўнучкі слухаюцца. Захварэў неяк аднойчы, дык яны штодня наведвалі мяне ў бальніцы, розныя прысмакі прыносілі, буллён курыны гатавалі…”

– А мая Ганначка, – перабівае Пятра Сцяпан, – і ў хаце прыбярэ, ложкі засцеле, посуд памые-перамые. А калі прыйдзе чарга кароў пасвіць – разам з сынамі і дочкамі падменяць нас з бабуляй…

– Ну, а ты чаго не хваліш нявестку, – звярнуўся Сцяпан да Івана.

– Як твая гарадская цябе шануе? – Ат, хлопцы, – цяжка ўздыхае і адводзіць позірк убок вішнёвага сада, пачаў было размову Іван. Ды неяк заціх на хвіліну. – Праўду расказаць – сораму не абярэшся. Прачнецца, вылязе з пасцелі, як мядзведзь з бярлогі, і тут жа за стол уладкоўваецца. Гаспадыня мая і блінцоў нявес тачцы напячэ і дранікаў насмажыць. Пад’есць, на канапе ўладкуецца, закінуўшы нагу за нагу, тэлевізар глядзіць, паўзногці фарбуе. Ад касметыкі той – ледзь не ванітуе. Галава кругам ходзіць, трашчыць нешта ў ёй, быццам хто абручы, як на бочку, нацягвае. І так, і сякспрабаваў нявестку з яе дочкамі да хатніх спраў прывучыць. Ды дзе там! Сабраў неяк увесь посуд, ды і схаваў далей ад вачэй. Жонцы ж строга загадаў брудныя пасля вячэры лыжкі, відэльцы са стала не прыбіраць. А вось перайначыцца маладзіца, за розум возьмецца, памые хатні скарб.

Адно толькі не паспеў прыбраць Іван – лыжку ды вялікую кружку, з якой звычайна п’е чай. Вось і наліла ў яе нявестка прыгатаваны свякрухай суп. А тут і дочкі да стала падселі. Сядзяць і па чарзе перадаючы з рук у рукі лыжку, сёрбаюць страву… Іван тым часам ляжыць у суседнім пакоі і за ўсім гэтым цікуе. Хоць і прыкра яму, але смех так і прэ з яго.

Рыгор ЖУК.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть