Кветкі дапамагаюць жыць
Культура

Кветкі дапамагаюць жыць

цветникМне яшчэ ніколі не даводзілася бачыць адначасова столькі кветак. Ідучы па вуліцы на ўскрайку горада, раптам адчула незвычайны водар, які лунаў над наваколлем. Спачатку моцнае здзіўленне: “Адкуль такі пах?” І тут з-за агароджы паказаўся шыкоўны рознакаляровы дыван з лілей. З’явілася пачуццё казачнасці – нібыта ў марах трапіла на чароўны востраў. Але перамагла рэчаіснасць, калі побач з кветкамі заўважыла гаспадыню духмянага царства. Жанчына ўсміхнулася, запрасіла зайсці.
Вузенькія заасфальтаваныя дарожкі паміж роўных радоў насаджэнняў, дом, які з усіх бакоў патанае ў насычанай зеляніне маладых дрэўцаў і дэкаратыўных кусцікаў. Вольга ПАЎЛОВІЧ пачала натхнёна расказваць пра сваё захапленне. З канца сакавіка і да позняй восені тут пануе прыгажосць. Першымі выглядаюць насустрач сонцу пад-снежнікі. Ім на змену сваю пяшчоту дораць крокусы і цюльпаны, нарцысы і гіяцынты. Затым півоні і прымулы зіхацяць квяцістым дываном. І вось расцвітае 130 кустоў руж! Пляцістыя, чайныя, мініяцюрныя, паркавыя, гібрыдныя – паспела запомніць толькі асноўныя віды. Пра іх складзена безліч вершаў, зроблены мільёны фота-здымкаў, але немагчыма перадаць адчуванні, якія захлістваюць ад дакранання да каралевы кветак. Не ўступаюць у велічнасці і лілеі, якіх тут каля 1000 штук самых розных гатункаў і адценняў. Для аматараў іншага густу знойдуцца люцікі, флоксы. Восеньскую шэрасць упрыгожаць самыя розныя колеры хрызантэм.
Уся незвычайнасць на сядзібе Вольгі Іванаўны створана для душы. Менавіта ў сваім захапленні яна чэрпае сілы, бо ў жыцці ўсё складвалася не так радасна…
Родам жанчына з вёскі Цна. Цяпер гэта маленькая кропачка на карце раёна, а ў 1950-ыя, калі малая толькі пачынала ўсё пазнаваць, тут кіпела жыццё. У бацькоў нарадзілася 11 дзяцей. Чацвёра памерлі маленькімі, а семярым даводзілася прыкладваць вялікія намаганні, каб выжыць.
Яшчэ са школы ў сэрца дзяўчынкі запалі радкі Васіля Быкава: “У мяне не было дзяцінства…” Потым Вольга стане настаўніцай і перад вучнямі ў яе заўсёды будзе пранікнёна дрыжэць голас пры чытанні тых кранаючых слоў.
А маленства сапраўды даводзіцца згадваць з болем. Брат Мікалай старэйшы, і яны – шэсць дзяўчынак – адна за адной. Тата працаваў на чыгунцы, быў пастаянна заняты на пагрузцы вугалю ў вагоны. Мама на сабе насіла вязанкі сена ці дроў. Цяжкая фізічная праца неўзабаве прывяла да слепаты. За тое, што бацька – не калгаснік, улады ў іх адабралі агарод і пасеялі каноплі. На ежу не хапала нават бульбы, хаця вайна даўно скончылася і жыццё ў асноўным ужо наладзілася. З каровы надойвалі зусім мала малака. Маці налівала ім сем кубачкаў. Бачачы, што не хопіць на ўсіх, мыла даёнку і дапаўняла посуд той белаватай вадкасцю. Збірала смятанку з глечыкаў і адварочвалася ад галодных позіркаў дзяцей. Жанчыне так хацелася накарміць малых, але масла трэба было здаваць на падаткі. Яны каўталі слінку і моўчкі адыходзілі ў бок…
Цэлае лета пасвілі 10 чужых кароў, за кожную восенню атрымлівалі невялікі мех збожжа, якое дапамагала пазбегнуць голаду. Неяк за сотку зжатага жыта калгас плаціў 1 кіла-грам зерня. Вольга пайшла працаваць з маці. Дзяўчынка яшчэ добра не ўмела, жанчына зусім слаба бачыла. Былі парэзаныя сярпом пальцы, слёзы і цэлы пуд (16 кілаграмаў) заробку. Усё гэта забыць немагчыма. А яшчэ пра тое, як насіла прадаваць яйкі на рынак, ды так ніхто і не купіў іх у дзяўчынкі, а за гэтыя грошы планавалі прыдбаць тканіну на новыя сукенкі. Мама сама страчыла на швейнай машынцы, часам радуючы дзяцей сціплымі абноўкамі. Капалі лю-дзям бульбу, зарабляючы на вопратку і падручнікі.
Але, нягледзячы на нястачу, вучыліся ўсе на “выдатна”, што ў далейшым дапамагло з выбарам прафесіі. Старэйшая сястра стала настаўніцай, калі вырашыла паступаць і Вольга, маці была супраць. “Лепш бы пайшла ў калгас,” – часта паўтарала яна. Але дзяўчына настаяла на сваім. Сямігодка ў роднай вёсцы, потым заканчвала дзесяцігодку ў Лунінцы. Урокі рыхтавала ў скверыку каля вакзала і ў цягні-ку, якім ездзіла на вучобу. Часта да-біралася на веласіпедзе. Потым – Брэсцкі педінстытут і накіраванне на работу ў Галы Бор.
Упарадкаваных дарог не было, аўтобус ехаў толькі да Бродніцы. Далей – на трактары, якім падвозілі даярак. А найчасцей хадзілі пешшу. Вольга уладкавалася на кватэру, праводзіла заняткі. Тут пазнаёмілася з будучым мужам – мясцовыя хлопцы ладзілі музыку пры лямпе ў вясковай хаце. Але паўзмрок не перашкодзіў ім разгледзець адзін аднаго, каб далей ужо заўсёды ісці па жыцці разам. Некалькі месяцаў работы ў Вульцы 2, потым дэкрэтны водпуск і пераезд у Лахву.
Тут настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Вольга Іванаўна ад-працавала з 1968 па 2001 год. Была патрабавальнай, але найперш – да сябе. Любіла свой прадмет, перадаючы такія ж адчуванні і дзецям. Па яе слядах пайшло 11 вучняў, якія выкладаюць зараз родную мову ў розных кутках Беларусі. Тады ў вясковай школе мала хто імкнуўся паступаць у ВНУ, а яна тлумачыла, агітавала, дапамагала з падрыхтоўкай да экзаменаў. Але калі на рабоце ўсё прыносіла задавальненне, дык у асабістым жыцці Вольгу чакалі цяжкія выпрабаванні.
Адзін сынок памёр нованароджаным. Яшчэ траіх гадавалі ў атмасферы любові, павагі і інтэлігентнасці. Старэйшаму Аляксандру споўнілася 22, паўгода пажыў у шлюбе з каханай дзяўчынай. І раптам здарылася бяда – памёр ад хваробы. Часта ў юнака быў высокі ціск, але ніколі не думалася, што ўсё можа скончыцца так трагічна. Згасла святло над хатай, боль перапаўняў жанчыну. Адбылося страшнае ў 1990-ым, але дагэтуль не высахлі яе слёзы. Пад-трымлівалі муж і малодшыя дзеці, больш аддавалася рабоце. Але ў 54 гады і Вольгу Іванаўну падкасіла цяжкая хвароба. Не паспела давесці клас да выпускнога, столькі яшчэ не сказала малодшым вучням і надоўга аказалася ў бальніцы. У выздараўленне не верыў ніхто, пляткаркі нават разносілі па вёсцы вестку пра яе смерць. А яна вытрымала! Дзякуючы родным, якія не лічыліся з часам, у бок адкладвалі ўсе свае праблемы, і падтрымлівалі з усіх сіл.
Калі прыйшло паляпшэнне, адчула сум па школе. Бачыла праз акно сваіх вучняў, у верасні сэрца калацілася мацней звычайнага, званок не сціхаў у вушах. Захацелася пераехаць жыць у іншае месца, бо вельмі многа ўспамінаў трывожылі душу на тых сцежках, па якіх некалі маленькі Сашка ішоў да свайго сталення.
Яны пасяліліся на ўскрайку Лунінца. Дзеці – Ларыса і Анатоль – маюць свае сем’і і жывуць асобна, атрымалі адукацыю, займаюцца любімай справай. Радуе бабулю ўнучак Ілья, старшакласнік.
Родныя падтрымліваюць любоў Вольгі Іванаўны да кветак, бо ведаюць, як гэта важна для яе. Пры згадцы пра цудоўнае захапленне вочы жанчыны адразу засвяціліся дзіўным агнём. На століку – часопісы пра вырошчванне, па тэлевізары – любімыя праграмы аб раслінах. Яна цікавіцца пошукам новых гатункаў. Паліць, падкарміць, прыдаць раслінам адпаведную форму – асноўныя абавязкі гаспадыні. Кожную раніцу з нецярпеннем адчыняе дзверы, каб першай заўважыць змены ў кветніку. Дакранецца да ствала, паправіць галінкі і маленькія насаджэнні сапраўды адчуваюць людскую пяшчоту і любоў, аддзячваючы сваёй прыгажосцю і непаўторным пахам.
Будлея, дэльцыя, магнолія, азалія, гартэнзія, кальквіцыя, іберыс – некаторыя назвы я наогул чула ўпершыню. Здзівіў самшыт, частку якога Вольга Іванаўна падарыла царкве. У яе ніколі не з’яўлялася жадання заняцца продажам кветак. Яны – час-цінка святла, дапамога ў пераадоленні болю. Гандаль імі будзе адчувацца, як здрада. Але жанчына ніколі не адмаўляецца падарыць знаёмым каліва ці цыбулінку на насенне – прыгажосць павінна разрастацца, радаваць, дапамагаць жыць.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть