Ксюша Харытановіч стварае штучныя шэдэўры
Культура

Ксюша Харытановіч стварае штучныя шэдэўры

Ледзь пераступаеш парог кватэры сям’і Хартановіч з Лунінца, як адразу ж трапляеш у дзявочае царства, у якім лётаюць яркія матылькі, распускаюцца кветкі і міла ўсміхаюцца” выявы розных жывёл. А ўсё таму, што тут жыве вельмі творчая, шчырая і душэўная дзяўчынка, якая з дапамогай фаамірана (дэкаратыўны пеністы матэрыял), нажнічак і клею стварае казку.

Імкненне рабіць сваімі рукамі шэдэўры ў Ксюшы Хартановіч, вучаніцы 6 прававога класа СШ №4, узнікла яшчэ ў пачатковай школе. Тады яна ўпершыню прыйшла ў гурток «Умелыя ручкі» са сваёй старэйшай сястрычкай Аняй. Сустрэла іх вопытны педагог ЦДТ Алена  Аліфяровіч. Зараз тут Ксюшу жартам называюць «старажыл». Яна – першы памочнік настаўніцы, інструктар для сваіх малодшых «калег», станоўчы прыклад акуратнасці, працавітасці і старання.

Падчас нашай размовы ўсмешлівая сонечная “канапушачка” з такім захапленнем расказвала пра сваё хобі, што адразу было бачна, як аддаецца яна гэтай справе.

– Я вельмі люблю ствараць кветкі. Апошняя мая работа – архідэя. Першапачаткова на ёй планавалася тры раскрытыя бутоны, але мне падалося, што гэта неяк непраўдападобна, вырашыла дадаць яшчэ  некалькі. Цяпер, калі да нас прыходзяць госці, яны думаюць, што кветка – сапраўдная і вельмі здзіўлены, калі даведаюцца, што штучная.

Гледзячы на тую малую частку работ, якая захоўваецца дома, цяжка паверыць, што іх зрабіла 11-гадовая дзяўчынка.

– Зараз фааміран стаў асноўным хобі, але гэта – не адзінае маё захапленне. Раблю тапіарыі (дрэвы шчасця), шыю цацкі, пляту з пацерак, вышываю крыжыкам. А яшчэ мне падабаецца некалькі відаў творчасці сумяшчаць у адной рабоце.

Ксюша дзеліцца, што хобі яе супакойвае, акунае ў цудоўны свет мастацтва і прыемных думак. У любым выпадку, які б ні быў памер вырабу, колькі б часу не затрацілася, вынік таго варты.

– Ведаеце, яна пры першай жа вольнай хвілінцы садзіцца за работу. А па суботах мы зусім не можам спланаваць сумесны выхадны, – дзеліцца мама Наталля Васільеўна. – Ксюша ідзе на гурток у 9 раніцы і вяртаецца толькі ў 6 вечара. Бярэ з сабой бутэр-броды, мы ёй яшчэ на кішэнныя расходы даем, каб  чымсьці смачненькім сябе парадавала. Ды дачушка, замест салодкага, бяжыць купляць на гэтыя грошы неабходны матэрыял. Прадавец жартуе, што яна – іх пастаянны кліент. Нават скідкі ўжо робяць.

Бацькі захапленне дачкі пад-трымліваюць. Быў час, калі  хобі займалася і мама.  Яна з задавальненнем садзілася з Ксюшай ствараць тапіарыі і ўпрыгожваць бутэлькі ў тэхніцы дэкупаж. Цяпер жанчына ўвесь час прысвячае выхаванню малодшых Крысцінкі і Машуі.

– Нягледзячы на вялікую занятасць, радуе, што дачушка разумее – вучоба на першым месцы, – дадае тата Сяргей Мікалаевіч. – Тым больш, што заняткі ў прававым класе ўскладаюць дадатковую адказнасць. Мы, вядома, заахвочваем за добрыя ацэнкі, але яна сама, без нашых заўваг, бачыць, па якіх прадметах трэба падцягнуць і калі неабходна лішні раз пасядзець з падручнікам у руках, а не нажніцамі і клеем.

Сёлета Ксюшыны работы занялі першыя месцы ў раённых этапах: 46-ай абласной выставы дзіцячай творчасці «Вясёлкавы калейдаскоп» і 20-ай рэспубліканскай выставы дэкаратыўна-прыкладнай творчасці «Калядная зорка». І хоць у будучыні Ксенія плануе стаць урачом, тыя навыкі, якія яна набывае ў ЦДТ, дапамагаюць усебакова развівацца, ствараць падарункі, а разам з імі – дарыць добры настрой родным, сябрам і знаёмым. Тым больш, што ідзе гэта ад шчырага дзіцячага сэрцайка.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть