“Лабэцкая” мова зразумелая і за межамі палескага сяла…
Культура

“Лабэцкая” мова зразумелая і за межамі палескага сяла…

насця

Прызнаная фальклорная славутасць Настасся ЯКАВЕЦ з вёскі Лобча сёлета адзначыла 65-годдзе.

Дзе нарадзілася – там і згадзілася.
Хаця спачатку, закончыўшы Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум, працавала на хлебазаводах: тэхнолагам – у Смаргоні і брыгадзірам – у Лунінцы. Але большую частку жыцця – з 1971-га па 2003-ці – была дзяжурнай па станцыі Лоўча, набыўшы адукацыю ў Аршанскім чыгуначным тэхнікуме.
У сёлетнім маі адзначаць і 30 год ансамбля Лобчанскага ЦСДК, які стварыла Настасся Іванаўна. З 1991-га ён носіць ганаровае званне “народны калектыў”. Заслужаным перамогам самадзейных артыстаў і шматграннай творчасці Н.І. Якавец прысвечаны артыкулы ў навукова-папулярных выданнях, раённым, абласным, рэспубліканскім друку, энцыклапедыі “Беларускі фальклор”.
Поспехі “Лабчанкі” – з гэтай назвай ансамбль пашыраў вядомасць – перш-наперш звязаны з творчай дзейнасцю мастацкага кіраўніка.
У 1999-ым Настасся Іванаўна была гераіняй праграмы “Землякі” Беларускага тэлебачання. На запісе ў Мікашэвіцкім Палацы культуры фалькларыстка зрабіла вялікае ўражанне на гледачоў, а іх захапленне ўвасобілася ў імгненным водгуку. Выказаўшы яго на сцэне, ганаровы госць з Масквы генерал-маёр Георгій Вярэніч зняў з рукі гадзіннік і падарыў таленавітай зямлячцы. Наступны год стаў літаральна “зорным” для нашай Насці. У чэрвені лабчанку запрасілі на Свята Дружбы на мяжы Гомельскай, Чарнігаўскай і Бранскай абласцей трох краін быць гаспадыняй беларускай хаты. У ліпені “выйшла на арбіту” Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. У Дзень Беларусі са cцэны Летняга Амфітэатра гучалі байкі на “лабэцкай” мове.
Са стварэннем у Доме культуры чыгуначнікаў мужчынскага ансамбля “Прымакі”, якому прысвоена званне “народны”, Настасся Іванаўна стала незаменнай “цешчай” сваім здольным маладым калегам. На канцэртах у розных гарадах, галіновых конкурсах і аглядах прадстаўнікі станцыі Лунінец выступаюць паспяхова і плённа. Неаднаразова адзначана дыпломамі чыгункі. У 2010-ым зноў была запрошана ў Гомельскую вобласць – на Першы міжнародны этнаграфічны фестываль “Кліч Палесся” ў вёску Ляска-вічы Петрыкаўскага раёна.
Яна двойчы ўдастоена звання “Чалавек года” ў сферы культуры раёна. Сярод шматлікіх узнагарод – Ганаровыя граматы райвыканкама і аддзела культуры, дзве – Брэсцкага аблвыканкама, дыпломы фестываляў: раённага “Грай, гармонік! Гучы, прыпеўка!”, абласнога “Спораўскія жарты”, Міжнароднага Падляша-Палескага “Алень па бору ходзіць…”.
Настасся Іванаўна – не толькі таленавітая складальніца баек, але і захавальніца старажытных абрадаў. Адзін з іх, “Ваджэнне Куста” на Тройцу, шматразова запісваўся тэлеаператарамі розных краін.
Народны фальклорны гурт “Лабчанка” часта запрашаюць на запісы абласнога тэлебачання. Лунінецкія школьнікі выбіраюць байкі для чытання і перамагаюць. Своеасаблівае “культурнае паломніцтва” да дома Н.І. Якавец у Лобчы штогод здзяйсняюць студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, даследчыкі фальклору з нашай краіны і замежжа.
Адбылося выступленне Настассі Іванаўны і ў Расіі. 13 жніўня 2010-га ў папулярнай тэлеперадачы “Малахаў+” гледачы захапляліся самабытнасцю нашай таленавітай зямлячкі. Знакавай падзеяй мінулага года лічыць яна запрашэнне на канал АНТ у праграму “Наше утро”. Папулярныя тэлевядучыя Валерый Кашчэеў і Вольга Багатырэвіч, уражаныя гасціннасцю (у студыі ж частавала сваім караваем!) і ўпэўненасцю паводзін у эфіры, спыталі:
– На якой мове вы размаўляеце?
Настасся Іванаўна шчыра адказала:
– На роднай, вядома ж, – на “лабэцкай”!
Лабчанка з задавальненнем паказвае фотаздымкі, на якіх адлюстравана з тэлезоркамі Аляксандрам Мацясам і Яўгенам Лашкоўскім. Асабліва ганарыцца знаёмствам з Аляксандрам Аверкавым (на здымку), у крэсле якога яе грыміравалі да запісу.
На пытанне, прадстаўнікі колькіх краін адлюстроўвалі самабытнасць заўзятых аматараў захавання багатай спадчыны палескага сяла, здзіўляецца:
– Хто іх лічыў? З фотаапаратамі і камерамі прыязджалі жыхары Германіі і Ірландыі, Ізраіля і Італіі, Канады і ЗША. У гэтым сту-дзені на свята Нараджэння Хрыстова сталічныя журналісты прывезлі калегу аж з Нарвегіі. З абрадам “Калядкі” “Лабчанка” прайшлася ці не па кожным двары, пажадаўшы шчасця і дабрабыту аднавяскоўцам… Хіба што з Лацінскай Амерыкі ў нас не было гасцей, але калі надумаюць – прымем!

ЧОМУ СЭЛО ЛОБЧЭМ ЗОВУТЬ

Іхаў “пан” Іван чэрэз ліс,
І за нічым з воза вун зліз,
Понаравіласа ёму та полянка
І рэшыў Іван: тут будэ стоянка.
Збудоваў хатку, розжыўса,
З сэм’ею росплодыўса,
Стаў ужэ на полянцы хуторок,
Зазвучаў у лісы полескі говорок.
Далій розжывалыса,
Ліс корчовалы, поле горалы,
Жэнылыса, кохалыса –
діты народжалыса.
Стало ўжэ сэлцэ,
Ходыть про ёго слава, добрэ слоўцэ,
Шчо обосноваў тэ сэлцэ пан Іван,
Шчо голова, як качан,
Потылыцы нэма, шчытай одын лоб,
Шчо любыть вун істы, нэ но пасолю,
а і боб, і п’е чай (на тэ вун і пан)
А чаю ў нас раньшэ нэ пылы, –
оно одын квас…
От одкуль пойшло названне сэла ў нас.
Лобчэ нашэ просымо любыты вас,
Шкода оно, шчо тэпэр нэ но квас
І чай попывають, а, як і кругом,
Часцій гарылку ўжывають.
А хто еі прыдумаў, нэхай дабра нэ мають,
А добрые люды – нэхай забувають.
Хлопцы ў нас вэсёлы, дэўкі прыгожы,
Шчо жонкі, шчо мужчыны –
до ўсякой роботы гожы,
Діты – коханы, хаты – малёваны,
Госты – усігда жаданы.
Прыезжайтэ, добры люды,
вы до нас у госты,
До сэбэ мы просым –
на Варвару вашаі мылосты.
Прыезжайтэ ў буддэнь,
прыезжайтэ ў свято,
Мы вас будэм ждаты.
Роботы багато, навэт отдыхнэм,
Самы свою душу з вамы одвэдэм.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть