Культура

Лілеі нагадаюць аб паэтцы…

У інфармацыйна-асветніцкім цэнтры пры Лунінецкім храме іконы Божай Маці “Взыскание погибших” адбылася літаратурная праграма, прысвечаная памяці мясцовай творцы Вольгі Аляшкевіч.

Паэтка, якая завяршыла зямны шлях 9 год таму, была “залатой” выпускніцай-1994 СШ №1 г. Лунінца. Яна штогод вяртаецца да нас вершамі. Асабіста не ведалі аўтара многія сучаснікі, але як пранікнёна гучалі малітоўныя радкі ў іх выкананні! У праграме, якую правяла старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Казанкова, прынялі ўдзел вучаніцы СШ №2: Ангеліна Кавалец, Аня Якубовіч, Валерыя Дубойская (усе – 6-ы клас), Святлана Калесніковіч (7-ы) і Вольга Бача (8-ы), прадстаўнікі СШ №4 – 9-класнік Вячаслаў Арэхва, настаўніцы Вольга Грыдзюшка, Валянціна Жаўнерык, Ганна Шалай.
Творчасць заўчасна згаснуўшай лунінчанкі высока ацанілі вядомыя паэты. На сустрэчы да іх меркаванняў далучыўся член Саюза пісьменнікаў Беларусі Андрэй Мазько. Зборнік Вольгі Аляшкевіч у яго руках раскрыўся на старонцы з сімвалічнымі радкамі:
Мне снилось, как молюсь я в церкви русской,
Не счастья, а терпения прошу,
Чтоб не было в душе темно и пусто,
Чтоб не забыть, зачем я крест ношу…
Андрэй Іванавіч лічыць, што паэтка была не па ўзросту мудрай, дасягнуўшы ў сваёй творчасці глыбінь чалавечай душы і вышынь чалавечага духу. У памяць Вольгі ён прачытаў сваю “Малітву”… Вядома, што духоўным настаўнікам дзяўчыны стаў іерэй Сергій Крышталь. Настаяцель храма ўручыў іконы і кнігі ўдзельнікам сустрэчы, адзначыўшы:
– У Бога нічога не бывае выпадковым. Паэтка нара-дзілася ў красавіку, напярэдадні Благавешчання. Святам стала біблейская падзея, калі Архангел Гаўрыіл звярнуўся да Марыі: “Багародзіца, Дзева, радуйся…”. З ма-літвай Вольга адышла да Госпада 26 ліпеня – у дзень гэтага ж святога. Праз два гады ён стаў адметным для нашага храма – здзейснілі закладку новай царквы. Звярніце ўвагу на ікону Архангела Гаўрыіла – ён заўсёды трымае ў руках лілею…
Шчырую ўдзячнасць дзецям і дарослым выказала мама паэткі – Галіна Аляшкевіч. Падораныя ёю ў памяць пра Вольгу лілеі зацвітуць каля храма.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть