Лімбажы: сяброўства працягваецца
Культура

Лімбажы: сяброўства працягваецца

лимбажи гербНа мінулым тыдні невялікая дэлегацыя нашых землякоў пабывала ў латвійскім горадзе-пабраціме Лунінца Лімбажы. 

Расказвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар РАФАЛОВІЧ:

— Наша паездка — працяг пабрацімскіх стасункаў. Сведчаннем гэтаму стала сустрэча ў Лімбажскім самакіраванні, дзе прайшлі перамовы па далейшым ўмацаванні сувязяў паміж нашымі гарадамі. Паколькі лепшымі парламентарыямі былі і застаюцца дзеці, то першай прыступкай у гэтай важнай справе ў наступным годзе павінен стаць абмен дэлегацыямі юных талентаў. Прычым, сустрэчы будуць, так бы мовіць, трохбаковымі. У Лімбажы ёсць яшчэ адзін горад-пабрацім — расійскі Волхаў. Яго кіраўніцтва падтрымала ідэю аб’яднаць дзетвару ў адзіным вялікім творчым фестывалі.

Што датычыць нашай дэлегацыі, то праграма яе знаходжання на латвійскай зямлі была вельмі насычанай. Як чалавек, які доўгі час курыраваў сацыяльную сферу, а на сённяшняй пасадзе адказвае за практычна ўсе бакі жыццядзейнасці рэгіёна, ваш пакорлівы слуга цікавіўся абсалютна ўсім.

Вялікае ўражанне пакінула наведванне замка ў Ігаце, школы-інтэрната для дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, гімназіі і трасы аўтамадэлізму, агульнаадукацыйнай школы, дзіцячых садкоў, спартыўна-культурнага цэнтра. Павінен сказаць, што нашы аб’екты падобнага кшталту не горшыя за латвійскія. Праўда, прынцыпы фінансавання гэтай сферы крыху адрозніваюцца. Так, у адукацыі там выдзяляюцца сродкі на год у разліку на адно дзіця. І з гэтай сумы трэба планаваць усе выдаткі, у тым ліку на рамонт памяшканняў і набыццё абсталявання. Прыкладна такая схема ў нас дзейнічае ў ахове здароўя, дзе сродкі плануюцца з разліку на аднаго хворага.

Склалася ўражанне, што за гады незалежнасці Латвія не без поспеху стараецца пазбавіцца ад усяго рускага, у тым ліку і ад мовы. Ёй валодае толькі старэйшае пакаленне, у школах дзеці былой дзяржаўнай мовы не ведаюць зусім. У якасці замежнай амаль заўсёды выбіраюць англійскую.

Пабывалі мы на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве, якое займаецца вытворчасцю дамоў з клеенага бруса. Вырабы, скажу вам, уражваюць сваёй прыгажосцю і, несумненна, зручнасцю. Інакш ці знайшлі б яны сваіх спажыўцоў у краінах Еўрасаюза — Італіі, Іспаніі і іншых. Адчувалася, што прадпрыемства ўпэўнена трымаецца на плыву.

Як і невялікая па іх мерках пякарня, дзе працуюць прыкладна паўтары сотні чалавек. Там пераважае ручная праца, але, здаецца, менавіта па гэтай прычыне хлеб карыстаецца вялікай папулярнасцю. Сагрэтыя рукамі людзей боханы разыходзяцца не толькі ў Лімбажы, але і ў іншых гарадах, у тым ліку ў сталіцы, вельмі хутка. Выпускаюць тут каля 20 гатункаў цёмнага хлеба, 20 — белага, 40 відаў кандытарскіх вырабаў — усяго каля 100 тон у суткі.

Уразілі кагенерацыйная станцыя біяпаліва, а таксама гаспадарка, якая займаецца вырошчваннем асятроў.

лимбажи

Культурная праграма ўтрымлівала не толькі экскурсіі па Лімбажы і сталіцы Латвіі Рызе, але і наведванне незвычайных музеяў. Вялікае ўражанне пакінуў Музей жывога серабра. У якасці экспанатаў там сапраўдныя шэдэўры ювелірнага майстэрства з гэтага каштоўнага металу. Кожны з іх — эксклюзіў. А каго пакіне абыякавым музей барона Мюнхгаўзена? Правобразам гэтага літаратурнага героя быў рэальны чалавек з якасцямі, якія па сёння аб’ядноўваюць і латышоў, і беларусаў — жыццёвай мудрасцю, рамантызмам, прыязнасцю.

Запісала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть