«Літаратурныя дажынкі» Берасцейшчыны
Культура

«Літаратурныя дажынкі» Берасцейшчыны

лунинская осень

Такая ёмкая і прыгожая назва «Лунінскай восені», якая прагучала на паэтычных чытаннях, спадабалася ўсім яе ўдзельнікам. Сапраўды, гэты дзень адметны для тых, хто трымае ў руках аловак з асаблівым пачуццём, хто на паперы ў таленавіта складзеных радках занатоўвае часцінку сваёй душы.

Пачалося мерапрыемства традыцыйна. На ўваходзе ў Лунінскую школу спыніліся каля мемарыяльнай дошкі, якая ўшаноўвае памяць натхняльніка і заснавальніка свята Міколы Елянеўскага. У фае сустрэлі хлебным караваем, які трымалі ў маленькіх далонях малодшыя вучні. Іх нацыянальныя ўборы трапна дапасоўвалі да агульнай атмасферы святочнасці. Яшчэ больш настроілі на пазітыў танцавальныя нумары ў іх выкананні.

Потым гасцей запрасілі ўзняцца па лесвіцы, дзе сустракала гаспадыня – “Лунінская восень”. Усе разам прайшлі па імправізаванай алеі, дзе занатаваны лепшыя моманты мінулагодніх святаў. Каля кожнага стэнда было на што паглядзець, што ўспомніць і абмеркаваць. Бо сёлетняя сустрэча – дванаццатая.
Здзівіў багатымі экспанатамі школьны музей, дзе захоўваюцца даніна гісторыі роднага краю. Тут жа прадстаўлена многае з ваеннага мінулага палескай вёскі, якая ў часы Вялікай Айчыннай страціла многіх сваіх жыхароў. Тэму памяці працягнуў відэафільм з дэманстрацыяй аўтапрабегу па месцах баявой славы.

Наведванне сялянскай хаткі з традыцыйнымі беларускімі прысмакамі таксама не ў навіну, але на гэты раз гаспадары частавалі яшчэ некалькімі стравамі, рэцэпты прыгатавання якіх захоўваюцца ў памяці мясцовых жыхароў.

Далей госці накіраваліся ў залу паэтычных чытанняў. Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Крэйдзіч уручыў узнагароды пераможцам дзіцяча-юнацкага конкурсу патрыятычнай тэматыкі, прысвечанага юбілею Вялікай Перамогі. На сцэну ўзнімаліся юныя таленты, якія хаця б некалькімі радкамі прадстаўлялі свае здольнасці ў свеце літаратуры. Называліся розныя адрасы і імёны, але творы гучалі аднолькава хвалююча і непаўторна.

Самым інтрыгуючым стаў момант, калі галоўную ўзнагароду атрымала ўнучка Міколы Елянеўскага – чацвёртакласніца Ганна. Дзяўчынцы не давялося прыдумваць нешта асаблівае. Яна проста, шчыра і пранікнёна расказала пра свайго дзядулю, пра блізкія сэрцу ўспаміны сустрэч з ім.

У раённым этапе гэтага конкурсу пераможцамі сталі вучні Вулькаўскай 2 СШ Марына Паўловіч у прозе і Фёдар Верас – у вершах. У пажаданнях для моладзі ад старэйшых і вопытных гучала галоўнае – тварыць не дзеля ўзнагарод, а жыць паэзіяй і прозай. Няхай не заўсёды атрымаецца быць першымі, галоўнае, заставацца самімі сабою.

Далей святам завалодала паэзія. На сцэну ўзнімаліся аўтары, і з іх вуснаў ажывалі разнастайныя вобразы – часам сумныя, з момантамі развітанняў і непапраўнасцю страт:

«Снег ложится на виски,
скоро осень,
Убежать бы от тоски,
камень сбросить,
И припасть к родной
земле, и покаяться,
Да не все, брат, журавли возвращаются…» – радкі з твора Леаніда Грэчка.

Больш блізкая кожнаму сэрцу тэма кахання з яго разнастайнымі праявамі – радасці, надзеі, горычы расстанняў. Чалавечнасць і дабрыня, як вечныя каштоўнасці і спадарожнікі кожнага з нас:

“Добрыя справы рабіце,
Шчодрымі станьце душою,
Людзі, людзей не губіце
Зайздрасцю, злосцю, маною…” – шчырасць з вуснаў Андрэя Мазько.

Выступленне жонкі Міколы Елянеўскага Надзеі Мікалаеўны было прасякнута ўдзячнасцю за адданую памяць землякоў, за годны працяг пачатай справы.

Усіх прысутных закранула шчырасць “Лунінскай восені”, яе правядзенне ў фармаце сяброўскай сустрэчы. Гучала ўдзячнасць мясцовай школе на чале з дырэктарам Сяргеем Кураком за цёплы прыём і арганізаванасць.

лунинская осень 02

Свята закончылася, на вуліцы ўладарыць снежань. Але незаўважана міне час, новыя творы напішуцца таленавітымі землякамі, і наступная “Лунінская восень” сустрэне сваіх гасцей ва ўтульнай атмасферы вясковай школы, якая набыла вядомасць дзякуючы Міколе Елянеўскаму.

Марыя Яраховіч

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть