Культура

Лучынка

Каля дрывотні, прымасціўшыся на драўлянай табурэтцы, папыхваючы люлькай, дзед сячэ лучыну. Акуратна складвае ў лазовы кошык. Меншая з унучак Настачка так і круціцца побач, сыплючы пытанне за пытаннем: “Што такое лучынка? Для чаго яна? Адкуль бярэцца?”.
Не паспяваючы адказваць на цікаўнасць малой, дзед толькі пакручвае пракураныя вусы і лагодна ўсміхаецца. Закончыўшы справу, нетаропка выбівае махорку, туліць да сябе дзіцё і хітра падміргнуўшы, прымасціўшы Настачку на калені, нетаропка пачынае сваю споведзь: “Было гэта даўным-даўно. Я тады яшчэ не нарадзіўся. Пра-дзед мой, як і дзядуля, мелі на той час да лучыны самае непасрэднае дачыненне. Колісь не было электрычнасці, толькі лямпы газавыя сям-там свяціліся. А пра радыё ды тэлевізар і гаворкі не было. Дык вось гэтую лучынку яны выкарыстоўвалі не толькі для распальвання дроў у печы, яна ж служыла і асвятленнем. Бывала, насячэ яе дзядуля, прынясе ў пакой, і тут жа духмяны водар ажно казыча ў носе. Так пахне, да сну хіліць. Запаліць стары на прыпечку смалістыя жылістыя кавалачкі, і вось ужо жвавыя агеньчыкі скачуць па хаце. Так і вечар праходзіць. А раніцай, пакуль яшчэ добра не развіднее, таксама гарыць лучынка. На гэты раз гаспадыня распальвае ёй дровы ў печы, рыхтуючы сняданак для ўсёй сям’і. А сем’і тады былі да дзясятка, а то і больш душ у хаце. Не тое, што цяпер… І кожнага грэла лучынка, як святлом, так і непаўторным настоеным пахам жывіцы”.
Выслухаўшы дзядулю, малая не здаецца: “Дык дзе ж расце тая лучынка? Вось бы пабачыць!”.
Праз некаторы час Настачка і дзядуля нетаропка ідуць у бок старога сасновага бору. Тут, пад раскідзістымі кронамі пухнастых іголачак, паветра настолькі насычана настоем, што міжволі хочацца прысесці на лясны мурог траў. Так і робяць. Малая з цікаўнасцю назірае, як шпарка снуюць наўкола лясныя мурашы, кудысьці бягуць, нясуцца, спяшаюцца. Нечакана заўважае на дрэве то там, то тут бліскучыя кропелькі смалы. Яны, нагрэўшыся сонейкам, ледзь бачным ручайком сцякаюць уніз і, быццам засаромеўшыся, застываюць на шурпастай кары.
– Дзядуля, а што гэта такое? Так блішчыць? – паказвае пальчыкам Настачка ў застыўшы камячок жывіцы. – Гэта што, дрэва плача?
– А гэта і ёсць тая самая лучынка, – тлумачыць дзядуля малой. – Мо ха-дзем ужо дахаты? А то бабуля зачакалася нас…
– Не, дзядулька, давай пасядзім яшчэ крыху. Так хочацца паглядзець, як “расце” лучынка…
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть