КультураНовости района

Лунінчане прынялі ўдзел у фестывалі “Кліч Палесся”

У шосты раз у аг. Ляскавічы на Петрыкаўшчыне прайшоў фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”. Удзел у ім брала і делегацыя нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Пачко.

Не ведаю, як хто, а я засумавала па святах – цёплых, шчырых, па-сапраўднаму беларускіх, паляшуцкіх. Думаю, што такое ж пачуццё панавала ў сэрцах усіх, хто прысвяціў выхадны дзень паездцы ў Нацыянальны парк на беразе Прыпяці. Мясціны гэтыя змяніліся непазнавальна. Прыродную непаўторнасць краявідаў удала аздаблялі новыя высокагустоўныя аб’екты, галоўным з якіх, безумоўна, з’яўляецца збудаванне з пляцоўкай, якая дае магчымасць агледзець Ляскавічы з вышыні.

Асноўныя дзеянні разгортваліся на вялікай сцэне, адкуль сабраўшыхся вітаў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Субоцін. Па меркаванню Аляксандра Міхайлавіча, “Кліч Палесся” – знакавае культурнае мерапрыемства, якое нагадвае сямейнае свята, сустрэчу людзей блізкіх па духу, поглядах і інтарэсах. Намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў, што сёння Палессе – рэгіён, які мае вялікі эканамічны патэнцыял, дынамічна развіваецца, і фестываль уносіць ў гэтую справу годны ўклад.

Для Лунінеччыны сёлетняе свята было асаблівым яшчэ і тым, што ўпершыню за гісторыю яго правядзення (а пачыналася яна ў 2010 годзе) звання “Ганаровы паляшук” удастоены наш зямляк – дырэктар ААТ “Спецжалезабетон” Васіль Басевіч.

Самым удзячным чынам узгадвалі сваю малую радзіму лунінчане і тады, калі з вялікай сцэны ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча загучала песня “Спявай, маё Палессе”, аўтарам якой з’яўляецца наш зямляк Мікола Вайцяхоўскі.

Падставы для гонару былі і пры наведванні стылізаванага падворку, падрыхтаванага лунінецкімі культработнікамі. Абыграўшы ў невялікім сцэнарыі палескія міфы і легенды пра “скарбы вужалак”, наведвальнікам была прапанавана яркая інсцэніроўка. Яе рэжысёрам, як, зрэшты і аўтарам маляўнічых касцюмаў, была дырэктар Вулькаўскага 1 Цэнтра культуры і народнай творчасці Вольга Мелюх (а ўсяго на свяце было задзейнічала каля чатырох дзясяткаў нашых культработнікаў). Відовішча стала яскравым сведчаннем слоў Аляксандра Субоціна пра тое, што тут удала ўвасоблены звычаі нашых продкаў, якія заўсёды славіліся сваёй шчодрасцю, гасціннасцю, працалюбствам, вынаходлівасцю і гумарам.

Незвычайны падарунак – кошык з палескімі клубніцамі, ажынай, малінай і буякамі – уручылі высокім гасцям лунінецкія кааператары. Зрэшты, самым каштоўным падарункам стала само свята, якое нагадала беларусам, якой жамчужынай з’яўляецца іх Радзіма і як важна сёння гэтую каштоўнасць зберагчы.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть