Лунінецкая восень песняра
Культура

Лунінецкая восень песняра

колос

Адбыўшы турэмнае зняволенне пасля правядзення нелегальнага настаўніцкага з’езду, у 1911 годзе Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч выйшаў на волю. Ён не мог уладкавацца на работу ў дзяржаўную школу, таму што лічыўся нядобранадзейнай асобай. Вядома, што ў складанай матэрыяльнай сітуацыі пісьменніка выручыў яго сябар Вікенцій Філіповіч. Вось як аб гэтым прыгадваў сам Якуб Колас:

“Філіповіч, мой таварыш па класу, мала таго – сядзелі на адной лаўцы, паклікаў да сябе ў Лунінец. Перадаў мне сваіх вучняў, дзяцей чыгуначнікаў. Я пачаў рэпеціраваць іх. Плата слабаватая: па два рублі на месяц з галавы. Добра, калі галава кемлівая, а ў другую і табліцу множання калом не ўб’еш. Нават у Люсіне плацілі на рубель больш. У Філіповічавым пакоі зрабіў я школку. Займалася ў мяне дваццаць чалавек”.

Знайсці б нашчадкаў вучняў “Коласава класа”… Пакуль жа паявіліся больш падрабязныя звесткі пра сябра пісьменніка.

Аказваецца, бацька Вікенція Антонавіча Філіповіча – вядомы ў Пінску педагог, які працаваў у мясцовых народных вучылішчах у канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Нарадзіўшыся ў 1883-ім, Вікенцій у 1902-ім закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Спачатку працаваў у Лунінскім народным вучылішчы. Цікава, што Закон Божы там выкладаў свяшчэннік Платон Ціхановіч, стваральнік першай беларускай граматыкі. У той жа час у Люсіне, калі там працаваў Якуб Колас, законанастаўнікам быў Іосіф Ціхановіч, магчыма, сваяк (пляменнік?) настаяцеля Лунінскага храма.

У Луніне настаўнічаў і другі сын Антона Філіповіча – Уладзімір. Пасля ён ажаніўся з Любоўю – дачкой настаяцеля Лунінецкага храма айца Мікалая Прорвіча, якая выкладала ў мясцовым народным вучылішчы. Відавочна, напярэдадні браты Філіповічы пераехалі ў Лунінец і працавалі ў школе, пераемніцай якой стала цяперашняя СШ №1. Вядома, што Уладзімір Антонавіч загінуў у час Першай сусветнай вайны, а яго ўдава, якая ў другім замужжы стала Л.М.Савінскай, пасля 1945 года выкладала ў першай школе Лунінца.

Вікенцій Антонавіч у 1912 годзе, як і Якуб Колас, аказаўся ў Пінску. Толькі настаўнічалі сябры ў розных школах: Міцкевіч – у прыходскім вучылішчы, Філіповіч – у гарадскім чатырохкласным. З 1 кастрычніка 1913-га В.А. Філіповіч выкладаў у Целяханскім Вышэйшым смешаным пачатковым вучылішчы. Летам 1915 года калектыў быў эвакуіраваны ў сяло Бондары Тамбоўскай губерні. Аднак, у снежні 1916 года група настаўнікаў, уключаючы В.А. Філіповіча, звярталася ў Мазыр-скае казначэйства з нагоды выплаты ім затрыманай за год зарплаты. Магчыма, вучылішча спачатку было эвакуіравана ў Мазыр, а пасля – у глыб Расіі.

У 1920-ыя Якуб Колас сустрэў свайго былога сакурсніка ў Мінску. У канцы 1920-ых і пачатку 1930-ых Вікенцій Антонавіч працаваў у Ленінградзе асістэнтам аддзела земляробства славутага Дзяржаўнага інстытута доследнай агранаміі, які ўзначальваў вялікі генетык Мікалай Вавілаў. У 1929 годзе выйшла кніга В.А. Філіповіча “Да пастаноўкі асноўных пытанняў земляробства на Еўрапейскай поўначы РСФСР”. У 1934-ым Інстытут генетыкі Акадэміі навук СССР асталяваўся ў Маскве. Магчыма, з ім пераехаў і Вікенцій Антонавіч, таму што ў 1935-ым ужо не жыў у Ленінградзе. Мяркуецца, што вучоны быў рэпрэсіраваны ў канцы 1930-ых…

Што ж да Якуба Коласа, то лунінецкі перыяд жыцця даследчыкі называюць яго “болдзінскай восенню”. У нашым горадзе класік нацыянальнай літаратуры напісаў шмат расказаў і вершаў, працягнуў працу над паэмай “Новая зямля”, пачаў паэму “Сымон-музыка”, якая сёлета адзначае 90-годдзе выдання. З чым быў звязаны такі творчы ўздым пісьменніка? Па-першае, пасля турэмнага зняволення Якуб Колас быў насычаны воляй і засумаваў па літаратурнай творчасці. Па-другое, у яго было шмат вольнага часу. А яшчэ паэта натхняла каханне – у Лунінцы ён стаў бліжэй да пінскай настаўніцы Марыі Дзмітрыеўны Каменскай, якая паланіла сэрца калегі яшчэ да арышту. У Пінску 3 чэрвеня 1913 года яны абвянчаліся. Але гэта ўжо – не лунінецкая гісторыя…

Таццяна ВАСІЛЬЕВА.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть