Культура

МАЛІТВА ЗА ЖЫЦЦЁ

Ветэран вайны і працы Іван Рыгоравіч ГРЭБЕНЬ з вёскі Ракітна адзначыў 90-годдзе.

З маладосці лёс пачаў выпрабоўваць вясковага хлопца. Давялося цярпець яму і ў мірны час, і ў ваенны. Працавіты бацька, перадаўшы любоў да зямлі дзецям, у 1940-ыя быў арыштаваны органамі НКУС і бясследна згінуў на Поўначы. Маці пакалечылася ў 1944-ым, падарваўшыся на міне, якімі былі літаральна ўсыпаны дарогі вызваленага ад акупантаў краю. 
Іван у той час быў на фронце, змагаўся з ворагам. Перамогу сустрэў у Берліне. Без раненняў пашчасціла вярнуцца дамоў. Усвядоміўшы невыносны цяжар маці, якая страціла нагу, вымушаны быў узяць на свае плечы і адказнасць за малодшых трох братоў і сястру.
Клопатаў было шмат – сямейных і гаспадарчых. Яшчэ да вайны Івану было наканавана сустрэць родную душу, працавітую і сумленную. Наталля, ураджэнка Язвінак, паходзіла з мнагадзетнай сям’і. Марылі стварыць такую ж. На жаль, першынца страцілі ў час акупацыі. Сумуючы па сыне, Іван перажыў і гібель многіх аднапалчан. Пасля вайны радаваўся паяўленню на свет кожнага немаўляці. 11 дзяцей падарыў лёс Грэбеням, але трое памерлі ў маленстве.
Горыч страт загойвалася самаахвярнай працай. Загартаваны баямі, удасканальваў майстэрства ў самай мірнай справе – будаўніцтве. Многія вяскоўцы ўдзячны Івану Рыгоравічу за ўзвядзенне сядзіб. Сваімі рукамі пабудаваў дом і для сваёй вялікай сям’і. Бацькі радаваліся сталенню 4 сыноў і 4 дачок. Імкнучыся, каб выглядалі не горш, чым суседскія дзеці, Іван Рыгоравіч асвоіў швейную машынку. Вырабляў паліто, рукавічкі, суконны абутак. Выручыў малодшых дачушак у вельмі адказных жыццёвых падзеях: адной пашыў выпускную сукенку, другой – шлюбную. 
Дзеці набылі неабходныя грамадству прафесіі, карысталіся павагай у людзей. На жаль, заўчасна завяршыўся зямны шлях аднаго з сыноў. Дарэчы, Рыгор, кранаўшчык, выгадаваў пяцёра дзяцей… Міхаіл працуе на ААТ «Палессеэлектрамаш”, жыве ў Лунінцы. Іван – чыгуначнік, Віктар – будаўнік, абодва – адданыя роднай вёсцы. Даючы прыгожыя імёны дзецям, бацькі ўвасаблялі ў іх свае светлыя пачуцці. Вера настаўнічала ў Лідзе. (Знічкі нагадваюць аб Надзеі, што назаўжды засталася маленькай…). Любоў, будучы паштальёнам, шмат год з лістамі і газетамі прыносіла ў дамы аднавяскоўцаў добрыя навіны. Вольга была масларобам-сырадзелам у ААТ «Лунінецкі малочны завод”. У свой час у КБА працавала Ганна, якая цяпер аформлена апекуном над бацькам. 
Чарговае выпрабаванне лёсу – 14 год таму Іван Рыгоравіч застаўся без пары. Сумуе па сваёй Наталлі Лазараўне. Нават у часы ваяўнічага атэізму жанчына наведвала Язвінскі Спаса-Прэабражэнскі храм, спявала ў царкоўным хоры. Пакінула клірас, калі ўжо не магла хадзіць…
Муж застаўся адданым памяці жонкі. Пакуль адчуваў сябе здаравейшым, займаўся пчалярствам, захапляўся рыбалкай. Цяпер хіба што гаспадарскім вокам аглядае прысядзібную гаспадарку, падказвае дзецям, як лепш выправіць заўважаныя недаробкі, дае мудрыя парады. 
Дастаткова пісьменны, заўсёды прагнуў чытання, на якое раней не знаходзілася часу. Цяпер кампенсуе страчанае, літаральна дня не праводзячы без кнігі. Падтрымліваючы цікавасць бацькі да рэлігійнай літаратуры, дзеці падарылі дарагому чалавеку Закон Божы, малітвасловы. Па вечарах, калі ўсё жывое ідзе на спакой, Іван Рыгоравіч у думках звяртаецца да Неба:
– Вось, Наталля, яшчэ адзін дзень наблізіў мяне да цябе. Не хвалюйся за тых, хто на зямлі. Знайшлі свае месцы ў грамадстве 17 унукаў. Упэўнены, уладкуюцца і праўнукі – зараз іх ужо 23. Некалькі месяцаў таму паявіўся на свет першы прапраўнучак. Дзімкай назвалі. Добраму роду не будзе пераводу…
Таццяна ВАСІЛЬЕВА. Фота Аляксандра КОЎКІ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть