Ганна Рудая: бабуля замест матулі
Культура

Ганна Рудая: бабуля замест матулі

Усё павінна адбывацца ў свой час. Такое выказванне можна пачуць паўсюдна, бо ў людскім жыцці тая ці іншая падзея звычайна адпавядае нейкаму перыяду. Вядома, бываюць і выключэнні – здараецца, шлюбы заключаюцца ў пенсійным узросце, а мужчыны і жанчыны становяцца бацькамі занадта рана ці позна…

У лёсе Ганны РУДОЙ з Лобчы таксама ёсць свая асаблівасць. І хаця яна прыносіць жанчыне неймаверную радасць і прыемныя клопаты, ёй вельмі хацелася, каб усё склалася іначай – як і павінна быць у чалавечым жыцці. Так атрымалася, што Ганна Мікалаеўна адначасова выконвае дзве ролі. Адна з іх сапраўдная – яна шчыра любіць і песціць сваіх унучак Сашку і Вераніку. А другая заключаецца ў тым, што дадаткова бабуля спраўляецца з абавязкамі, якія па агульнапрынятых нормах павінна несці на сабе мама дзяўчынак…

Спачатку ўсё было звычайна, сям’я Рудых нічым не адрознівалася ад суседніх. Уладзімір Іванавіч і Ганна Мікалаеўна працавалі ў калгасе, гадавалі сына і дзве дачкі. Марылася, што так спакойна будзе заўсёды. Але атрымалася інакш. 8 год таму гаспадар памёр, і ад цяжкай страты ўсе раптам асірацелі. Малодшыя якраз уладкавалі асабістае жыццё, і спадзяванні аўдавелай жанчыны былі накіраваны на іх шчаслівую будучыню, шасцёра маленькіх унукаў вярталі цікавасць да ўсяго.

Сын жыў у сталіцы. Чакаючы ў госці, сэрца ныла ад нецярпення – хутчэй прытуліць дзяўчынак, на якіх пашчасціла больш, да сваіх грудзей. Вельмі ўзрадавалася, калі мінчане папрасілі паназіраць за малышкамі некаторы час, пакуль яны ўладкуюць нейкія справы. Але іхнія праблемы не заканчваліся доўга, дзеці паступова прывыкалі жыць у бабулі.

Сапраўдная прычына выявілася пазней: выхоўваць дачушак адмовілася іх родная матуля. Нявестка больш не цікавілася лёсам Веранікі і Сашы, а сын самастойна не мог справіцца з абавязкамі па іх догляду, таму і звяртаўся за дапамогай да маці. Яны скасавалі шлюб, пасля чаго афіцыйна адказным за здароўе і спакой маленькіх прыгажунь застаўся бацька.

Мінула 6 год пасля таго, як адбылася гэта сямейная драма. Дзяўчынкі больш часу праводзяць у бабулі, тут ходзяць у школу. Саша навучаецца ў 4-ым, Вераніка – трэццякласніца. Нараканняў на догляд не ўзнікае ні ў адной зацікаўленай службы – яны заўсёды накормленыя, апранутыя і добра выхаваныя. Але гэта ўсё, што можа даць унучкам бабуля. Аднак, як бы яна ні старалася, цяпло матулінай любові не заменяць ні прыгожыя калыханкі з яе вуснаў, ні гарачыя абдымкі і пацалункі. Дзецям не хапае мамы.

Саша падрыхтавала галоўнае пытанне, якое задасць ёй пры сустрэчы, калі надарыцца такая магчымасць. “Чаму ты не з намі?” – сур’ёзныя дарослыя словы з дзіцячых вуснаў гучаць кранаюча, толькі ці пачуе іх тая, каму яны адрасаваны. Ці дойдзе іх сэнс да сэрца, у якім па законах самой прыроды павінны на першым месцы быць клопаты пра сваіх нашчадкаў, хваляванне за іх здароўе і настрой.

Тата бывае наездамі. Ён працуе ў сталіцы, таму для сустрэч і вырашэння надзённых пытанняў мамы і дачушак выкарыстоўвае водпуск і выхадныя. Спрабуе наладзіць новыя адносіны з іншай жанчынай, але пакуль рана казаць, ці зможа яна замяніць дзяўчынкам маму. Кожны раз ён вязе з сабой шмат розных рэчаў і пачастункаў, але галоўнае, чаго чакаюць Саша і Вераніка – увагі роднага чалавека і ўменне выслухаць тое, што важна для іх узросту.

Заўсёды памятаюць пра мамін дзень нараджэння, чакаюць яго. Але ці не забыла пра галоўныя для родных дзетак даты тая жанчына, якая іх нарадзіла? Ад яе не паступае ніякіх звестак і знакаў увагі, хаця далёкая ва ўсіх сэнсах, яна ведае іх адрас і тэлефон. Каб не адчуваць сябе адзінока, дзяўчынкі шчыльна туляцца да бабулі. Было бачна, што нават любыя размовы пра гора-матулю ім слухаць балюча, бо з самых першых успамінаў яна засталася ў памяці добрай і пяшчотнай. Ім цяжка зразумець, што ўсё змянілася…

Ганна Мікалаеўна да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве брыга-дзірам і аграномам, але найбольшы тэрмін была інспектарам аддзела кадраў. Магчыма, затрымалася б на рабочым месцы даўжэй, але зразумела, што лепш аддаць час і ўвагу ўнучкам, якім так яе не хапае ад самага блізкага чалавека. Пра адзіноту і пустату ў пакоях, якая звычайна суправаджае равесніц-пенсіянерак, ёй можна забыцца надоўга. З аднаго боку гэта радуе, але хацелася б, каб усё было як у людзей.

Яны разам – дзве юныя прыгажунькі і жанчына з цёплым позіркам у вачах – ствараюць утульнасць у хаце і на падворку. Каб зацікавіць будучых гаспадынь дамашнімі справамі, праводзяцца гутаркі на адпаведныя тэмы, майстар-класы па ўборцы і ўпрыгожванню. Усё робяць дружна, з жаданнем і ахвотай. Чаго варты шыкоўныя кветнікі, сярод якіх знайшлося месца нават старому самавару ў якасці двух арыгінальных гаршкоў. Рэч, што некалі дарыла гаспадарам радасць чаепіцця, цяпер удала згадзілася для іншай мэты.

Верасень кліча дзяўчынак узяцца за падручнікі, каб добрымі адзнакамі ў дзённіках і новымі ведамі парадаваць тату і бабулю. З кожным днём яны становяцца больш дарослымі і разважлівымі, лепш разумеюць няпростую сітуацыю, што склалася ў іх сям’і. Знешне быццам прыняўшы гэта спакойна, у маленькіх сэрцах пасяляецца горыч і крыўда. Што ім казаць, калі нехта неасцярожна спытае пра маму? Каму даверыць таемныя сакрэты, якія сяброўкі расказваюць самай роднай?

Толькі бабуля прыходзіць на выручку ў любой сітуацыі, толькі яна адначасова выконвае дзве ролі ў сталенні ўнучак. А сама Ганна Мікалаеўна марыць аб галоўным – каб лёсы дзяўчынак былі шчаслівымі. Каб яны, стаўшы дарослымі, мелі дружныя сем’і і ўсё ў жыцці ішло правільна і своечасова.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть