Культура

“Марш жыцця”,

маршпрысвечаны 70-годдзю трагедый “лунінецкіх Хатыняў”, адбыўся на базе сельгаскаледжа.

Зіме папярэднічае месяц памяці. Пачаўся Дзімітраўскімі Дзядамі – завяршыўся Міхайлаўскімі. Іх у нашым краі адзначаюць дзве суботы запар: у адных вёсках – напярэдадні, у другіх – пасля 21 лістапада. І адзін дзень памінальнага тыдня сабраў навучэнцаў і гасцей – кіраўнікоў сельсаветаў, на тэрыторыі якіх размешчаны знішчаныя ў час акупацыі і адроджаныя пасля вайны вёскі. Сустрэчу адкрыў старшыня райсавета, кіраўнік раённага аддзялення Беларускага фонду міру Віталь Адзішчаў, які адзначыў:

– Помнікі ў гарадах і ў кожнай вёсцы штодня нагадваюць пра трагедыі Вялікай Айчыннай. У народзе кажуць: калі пра вайну забываюцца, пачынаецца новая. Каб не дапусціць гэтага, мы і праводзім мітынг-рэквіем памінання ахвяр фашызму сярод мірнага насельніцтва…

Сімвал увасаблення нацыянальнай памяці – мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Кожны, хто наведваў яго, памятае адзіныя ў свеце Могілкі Вёсак. Гэта 185 урнаў з зямлёй, прывезенай са спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых вёсак нашай краіны. Старшыня Бастынскага сельсавета Фёдар Рашэцкі падкрэсліў, што не ўказана ў Хатыні вёска Белае Возера, знішчаная 19 студзеня 1944 года. Але праз 50 год пасля трагедыі на беразе быў узведзены помнік. Белы – як назва прыроднай жамчужыны нашага краю і наша святая памяць аб загінуўшых…

Юнакі і дзяўчаты называюць вёскі, дзе загінулі дзясяткі мірных жыхароў: Бастынь і Ракітна, Цна і Добрая Воля, Сасноўскія і Дзятлавіцкія хутары. Яны не пазначаны на сімвалічных Дрэвах Жыцця ў Хатыні, у спісе 433 беларускіх вёсак, якія паўсталі з небыцця. Занатаваны тут толькі 13 паселішчаў з указаннем “Лунінецкі раён”. Выходзяць навучэнцы з шыльдачкамі і ў храналагічным парадку паведамляюць аб трагедыях вайны. Экран мультымедыя адлюстроўвае здымкі з назвамі: Вулька 1, Сiтнiцкi Двор, Моршчынавiчы, Дубаўка, Флярова, Меляснiца, Багданаўка, Вялiкiя Чучавiчы, Лугi… Аб трагедыі апошняй, на падставе ўспамінаў відавочцаў, расказвае старшыня Чучавіцкага сельсавета Аляксандр Соц.

Толькі 9 паселішчаў цяпер знаходзяцца на нашай тэрыторыі. У 1970-ыя гады да Салігорскага раёна адышлі Гаўрыльчыцы, Дубіца, Пясчанка і Цясна. Аб знішчэнні гэтых і іншых вёсак летась выдадзена кніга “Балюча нават мёртвым. Палеская трагедыя”. Аўтар Аляксандр Ясько запісаў успаміны тых, хто выжыў. Сведкі гаварылі, што ў чалавечай мове няма тых слоў, каб перадаць убачанае. Напярэдадні 70-годдзя вызвалення Беларусі пажадана кожнаму прачытаць гэту кнігу. Каб лепш усвядоміць, што магло б адбыцца, калі б нашы не перамаглі…

Для жыхароў Лунінца ўвасабленне пакут перыяду акупацыі – Курган Бессмяротнасці. Своеасаблівая брацкая магіла, дзе, згодна з архіўнымі дадзенымі, знайшлі вечны спакой 805 мірных жыхароў, у тым ліку 336 жанчын і 205 дзяцей, а таксама 2813 ваеннапалонных салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі. Аб сям’і, якая была расстраляна 9 мая 1944 года,  расказала старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Наталля Казанкова. І сёння не адноўленымі дэмаграфічнымі стратамі адгукаецца пералік ахвяр, сярод якіх – дзеці. Вечная памяць вам: Канстанцін Сямёнавіч Дзямід, 41 год, яго жонка Вольга Восіпаўна (ур. Бернат), 36 год, іх трое дзяцей: Аляксандр, 13 год, Іраіда, 11 год, Тамара, 7 год; Вераніка Майсееўна Бернат, яе трое дзяцей: Георгій, 7 год, Галіна, 5 год, Валянціна, 1 год…

У памінальным мерапрыемстве прынялі ўдзел былыя партызаны. Міхаіл Міхайлавіч Канапацкі цудам выратаваўся ў час знішчэння Мелясніцы, дзе загінулі родныя… У Ганны Ігнатаўны Жук 31 кастрычніка 1943 года ва ўрочышчы Баханова быў расстраляны бацька. Яе дачка Ніна Мікалаеўна Сяліцкая, цяперашняя жыхарка Міншчыны, якая наведала малую радзіму, ніколі не бачыла свайго дзеда… Сціплы помнік на кургане лічым і гістарычным, і літаратурным – занатаваны ў кнізе Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. Плакала лунінчанка Вольга Фёдараўна Транава:

– Дзесяць душ з маёй сям’і загінулі ў адзін дзень – 21 верасня 1943 года…

У Бога нічога не бывае выпадковым. Сёлета ў Лунінцы асвячана царква іконы Божай Маці “Вышуканне загінуўшых”. Першая літургія ў часовым будынку адбылася 21 верасня 2006 года…

Пранікнёна правялі мітынг-рэквіем Кацярына Сайка і Віталь Кокараў. Яны разам з сябрамі актыўна ўдзельнічаюць у валанцёрскім руху на чале з педагогам-псіхолагам Янінай Лушчык. Загадчыкі аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Мархотка і Лідзія Чыжакова паведамілі пра дапамогу навучэнцаў каледжа многім лунінчанам – “дзецям вайны” ў рамках праекта “Актыўнае цяперашняе пажылых людзей”. Прагучаў і такі прыклад: старыя падапечныя не вельмі ахвотна згаджаліся пускаць моладзь у кватэры, каб вымыць вокны. Калі ж справа была зроблена, сталі прасіць і аб пральных паслугах – такі давер выклікалі юнакі і дзяўчаты! Каардынатары праекта падзякавалі педагогам і навучэнцам, уручылі салодкія пачастункі актывістам…

Мартыралог памяці завяршыўся вершамі былога выхаванца Мікашэвіцкага дзіцячага дома паэта Уладзіслава Нядзведскага, імя якога цяпер носіць гімназія:

Я помню ўсё… Як вывадак звярыны

Жывых дзяцей у ямы заганяў,

Я помню крыж фашысцкі на машыне…

Праклён табе, праклён табе, вайна!

Я помню ўсё… І як гарэлі людзі,

Ліпучы снег, што кроўю набрыняў,

Мне крык памерлых раздзірае грудзі:

Праклён табе, праклён табе, вайна!

Своеасаблівым хрэсным шляхам, які назвалі “Маршам жыцця”, удзельнікі мітынгу-рэквіему падышлі да Кургана Бессмяротнасці і ўсклалі вянкі.

У Бога няма мёртвых – усе жывыя. І лепшая памяць – гэта малітва. Настаяцель храма іерэй Сергій Крышталь адслужыў ліцію па ахвярах фашызму. Полымя сэрцаў, поўных любві да жыцця, перайшло ў полымя свечак памяці. Глядзелі на маленькія агеньчыкі, а бачылі – кожны сваіх продкаў, які застаўся ў чорным мартыралогу вайны…

Старшыня Гарадоцкага сельсавета Дзям’ян Бірыла адзначыў:

– Падалося вельмі сімвалічным, што памінанні 70-годдзя трагедый сёлета пачаліся 19 студзеня ў Цне – і завяршыліся ў каледжы, які ўзначальвае ўраджэнец вёскі…  

Толькі ўласным прыкладам старэйшае пакаленне можа перадаць моладзі шанаванне памяці, звычаяў і запаветаў продкаў…

Удзельнікі мітынгу-рэквіему разыходзіліся, калі да брамы храма пад’ехаў вясельны картэж. Маладажоны ўсхвалявана ўзнімаліся па царкоўных прыступках на вянчанне, сцвярджаючы спрадвечнасць і неўміручасць жыцця. 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть