“Мужнасць”, якая абараняе і якую абараняем
Культура

“Мужнасць”, якая абараняе і якую абараняем

мужнасцьАмерыканская кампанія CNN уключыла манумент “Мужнасць” мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” у рэйтынг самых пачварных помнікаў свету. Да таго ж, “аўтары” рэйтынгу дазволілі сабе абражваючыя выказванні ў адрас велічнага помніка. Гэта выклікала велізарны грамадскі рэзананс. Мноства публікацый у сродках масавай інфармацыі, водгукі ў інтэрнэце, меркаванні простых грамадзян сведчылі пра тое, з якім абурэннем успрынялі людзі спробу паздзекавацца над тым, што без сумнення з’яўляецца святыняй – над памяццю нашага народа.
У тэлефанаваннях у рэдакцыю жыхары, не хаваючы крыўды, патрабавалі неадкладна абвергнуць гэтыя прыкрыя выказванні, гаварылі пра тое, што ўспрымаюць выпад не інакш, як чарговую спробу прынізіць велічнасць подзвігу тых, хто на савецкай зямлі першымі ўстаў супраць фашысцкай навалы. Гучалі думкі і пра тое, што гэта не інакш як імкненне перапісаць гісторыю, пры-нізіць ролю беларусаў у Вялікай Айчыннай вайне.
Усё сведчыла: памяць народа пра кожнага трэцяга загінуўшага ў вайне беларуса жыве. І кранаць яе бруднымі пачварнымі выказваннямі не дазволена нікому.
Асабіста мне ў сувязі з вышэй узгаданымі падзеямі адразу ўспомніўся выпадак, калі меншая дачка, а было ёй год 10, упершыню трапіла на тэрыторыю Брэсцкай крэпасці. Нельга перадаць словамі ўражанні, якія гэтае наведванне зрабіла на дзіця. Здзіўленымі вачанятамі паглядала малая на сведчанні жудасцей, якія прынесла вайна. Дрыжачай ад хвалявання ручкай паклала кветкі ў каску замершага над вадой воіна мемарыяла “Смага”, сцішана стаяла каля гранітных пліт на магілах загінуўшых абаронцаў крэпасці. А калі ў музеі ўгледзела расплаўленую цэглу з развітальным надпісам, які абляцеў увесь свет, заплакала…
Крыху пазней рэакцыя дзіцяці на ўсё была нечаканай нават для мяне: яна адмовілася ад аздараўленчай паездкі ў нямецкі горад-пабрацім. Мы прынялі яе рашэнне, як узважанае і самастойнае.
Вядома, праз пэўны час, калі пасталела, дачка больш спакойна ўспрымае многія гістарычныя падзеі, вучыцца разумець і дараваць, але, упэўнена, святое стаўленне да падзей Вялікай Айчыннай, шчырая павага да тых, хто супрацьстаяў бядзе і чый подзвіг увекавечаны ў велічных помніках, заста-ліся ў сэрцы назаўсёды. Па-мацярынску дагэтуль удзячна мемарыялу, які ў свой час у пэўнай ступені дапамог абараніць маё дзіця ад бездухоўнасці, а сёння проста аб’яднаў усіх добрых людзей у супрацьстаянні гэтаму злу.
Тэлеканал CNN папрасіў прабачэння за ўнясенне помніка ў абразлівы спіс, размясціўшы адпаведны зварот на сваім сайце, а некалькі дзён таму рэйтынг увогуле быў выдалены са стужкі навін.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть