Музычная вяршыня Беларусі практычна пакарылася выхаванцам Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў
Культура

Музычная вяршыня Беларусі практычна пакарылася выхаванцам Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў

Удзел у абласным туры Рэспубліканскага адкрытага конкурсу імя Іосіфа Жыновіча, які сёлета праходзіць у восьмы раз, прынялі прадстаўнікі Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў.

Як расказала дырэктар Вольга Белавус, творчае спаборніцтва ладзіць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Раз у тры гады сваё майстэрства дэманструюць юныя музыканты, якія іграюць на баяне, акардэоне, цымбалах, балалайцы, домры і гітары. Звычайна ў склад журы ўваходзяць выкладчыкі музычных каледжаў Брэсцкай вобласці. Яны ацэньваюць навыкі выканаўчага майстэрства, стыль, артыстызм, характар і вобраз.

Разумеючы ўсю важнасць і складанасць конкурсу, лунінчане рыхтаваліся да яго загадзя. Яшчэ з верасня вывучалі адзін абавязковы твор, тры – па жаданню. За плячамі засталіся вялікая работа педагогаў, настойлівае імкненне вучняў спасцігаць усе тонкасці выканаўчага майстэрства, надзейная падтрымка бацькоў. Нашы землякі прадстаўлялі свае нумары ў Баранавічах і Пінску ў розных узроставых групах – малодшай, сярэдняй і старэйшай. Вось ён – урачысты і хвалюючы момант! Дыпломаў ІІ і ІІІ ступені ўдастоены: сярод баяністаў – вучаніцы 4 класаў Ангеліна Помазава (настаўніца Л.М. Езапчук) і Аляксандра Емельяновіч (выхаванка С.М. Чарнавокай); сярод акардэаністаў – Ула-дзіслава Рэбкавец (4 клас выкладчыка А.М. Канавальчука); сярод цымбалістаў – 6-класніца Ірына Пятрэнка і Алеся Сыцэвіч з 3 класа (педагог А.М. Чурсанава і канцэртмайстар Т.В. Калешка).

Зусім крыху не хапіла лунінчанам узняцца на першую прыступку п’едэстала гонару. Аднак “серабро” і “бронза” – цудоўны вынік, які трэба пастарацца палепшыць у будучым. У тым, што гэта ўпаўне магчыма, сведчыць выступленне Ірыны Пятрэнка: у 2015-ым яна заняла трэцяе месца, сёлета – другое. І першае – абавязкова будзе! Тым больш, што таленту і мэтанакіраванасці прадстаўнікам школы мастацтваў не займаць. Праўда, інструменты павінны быць добрымі. Вось новы баян, напрыклад, прыйшоўся б вельмі дарэчы вучням сярэдняй групы. Упэўнены, мы дачакаемся той пары, калі “золата” Жыновіча прыедзе ў Лунінец!

Канкурсанты выказваюць шчырую ўдзячнасць адміністрацыі ДШМ і аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за арганізацыю паездкі.

НА ЗДЫМКУ (злева направа): вучаніцы – Уладзіслава Рэбкавец, Алеся Сыцэвіч, Ірына Пятрэнка, Аляксандра Емельяновіч, Ангеліна Помазава, выкладчыкі – Аляксандр Канавальчук, Таццяна Калешка (канцэртмайстар), Алена Чурсанава і Людміла Езапчук.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть