Культура

На далонях – адбіткі гадоў, і святая зямная любоў…

рылачЯго сядзіба размясцілася ў цэнтры Вялікіх Чучавіч. Звычайная драўляная хата, якая нічым не здзіўляе прахожых, але для гаспадара гэта астравок радасці, шчасця і самых светлых успамінаў.
Цяпер слабое здароўе не дазваляе самому завіхацца каля пліты і грубкі, таму апошнія тры гады давялося правесці ў доме сына і нявесткі, размешчанага непадалёку. Тут у яго выдатны догляд, прыгожы пакой, маецца ўсё неабходнае для жыцця. Але сэрцам ён усё роўна там, дзе прайшлі лепшыя гады. Яны не былі лёгкімі і простымі, але ўсе цяжкасці асвятляліся шчырым пачуццём кахання і замілаванасці да жанчыны, якая ішла побач з ім 60 вёснаў і зім, падзяляючы перажыванні і трывогі, дорачы радасць і спакой.
18 мая Васіль РЫЛАЧ адзначыў 90-годдзе. За святочным сталом, калі юбіляра шчыра віншавалі сыны, унукі і праўнукі, ён згадваў мінулае, якое не адпускае са сваіх абдымкаў ні днём, ні ноччу…

Пачыналася ўсё тут жа, сярод ба-
лот і зараснікаў вербалозу. Вецер гуляў над сенажацямі, сонца гадавала плады чалавечай працы, аддзячваючы людзям за руплівасць. Бацькі апрацоўвалі зямлю, гадавалі жывёлу. Малы вучыўся каля іх звычайным сялянскім мудрасцям і марыў пра сваё будучае. Але пачалася вайна…
Яна зруйнавала не толькі роўныя дагледжаныя палеткі, яна чорным коршакам распаласавала чалавечыя душы. Не было будучыні, ніхто не ведаў, чым скончыцца сённяшні дзень. Пагрозы, забойствы знаёмых, бездапаможнасць. Спачатку ціха затаіліся, падпарадкоўваючыся новай уладзе, ды імкненне змагацца за сваю будучыню перамагала страх.
І Васіль пайшоў у партызанскі атрад імя Кутузава брыгады імя Леніна. Балоты, лясныя сцежкі, якія былі вядомы толькі ім. Невыносна цяжкія халодныя зімы. Але ніхто не звяртаў увагу на дождж, камары і стом-ленасць. Мокрыя ногі грузлі ў багне, цяжкая зброя муліла плечы… Іх баявыя шляхі вялі на чыгунку, каб спыніць хуткія нямецкія эшалоны. Да гарнізонаў, каб перашкодзіць карным аперацыям немцаў. Уступалі ў бой, змагаючыся за сваіх.
З вызваленнем пачаліся франтавыя будні. Жыло ў сэрцы пачуццё радасці, што кожны ранак прыбліжаў перамогу. Смерць, аднак, хадзіла за Васілём па пятах. Ад разрыву снарада ўсіх засыпала зямлёй. Тады з новаствораных магіл жывымі пашанцавала выбрацца толькі дваім, астатніх пахавалі… У наступны раз куля трапі-ла ў каня, каля якога салдат стаяў зусім блізка. Тады і ўявіць было немагчыма, што ён застанецца ў жывых і сустрэне такі паважаны ўзрост.
Пасля святочнага парада на два гады застаўся праходзіць вайсковую службу. Жыццё паступова прыходзіла ў мірнае рэчышча.
Вяртанне дадому было самай радаснай падзеяй за апошнія часы. Амаль адразу заўважыў суседку, якая падрасла, папрыгажэла і вельмі запала юнаку ў душу. Дзяўчына таксама глядзела ў вочы вайскоўца з нейкім асаблівым пачуццём. Агонь, які тады запалаў у іх сэрцах, яны пранеслі праз 60 год сумеснага жыцця. Даводзілася рана ўставаць, цяжка працаваць, з-за беднасці адмаўляць сабе ў самым неабходным, але каханне ім дапамагала жыць і нягоды здаваліся ўжо не такімі страшнымі.
Васіль быў камсамольцам, але вырашыў павянчацца з каханай дзяўчынай. Хлопца выключылі з радоў ВЛКСМ. Працоўныя будні давялося прысвяціць паляводству і будаўніцтву ў калгасе, самае большае задавальненне адчуў, калі стаў лесніком. 22 гады, да самай пенсіі, ён аддана аберагаў шумлівыя лясныя ўгоддзі ў ваколіцах роднай вёскі. Ведаў на сваім абходзе амаль кожнае дрэўца, засцерагаў ад разбурэння гнёзды птушак і звяроў. У яго былі асаблівыя грыбныя мясціны. Ніхто не знаходзіў, а ён прыносіў поўныя кашы.
Нарыхтоўвалі сена ва ўрочышчы Грычын, копы насілі, пераскокваючы па купінах. Здаралася, правальваліся адразу да пояса ў гразкую багну. Але ніхто не наракаў на жыццё. Працавалі ад цямна да цямна, вечарамі спявалі песні, жартавалі. Хадзіць за плугам было прыемна, наразаў тонкія кавалкі глебы і, здавалася, гэтым перамагаў нястачу.
Яны з Фядорай нарадзілі чатырох хлапчукоў. Адзін памёр маленькім, а траіх гадавалі ў атмасферы любові і ўзаемаразумення. Яны выраслі, стварылі свае сем’і, пераехалі жыць асобна. Радавалі старых нараджэннем унукаў.
Удваіх з жонкай засталіся сустракаць світанкі жыццёвай восені, да самай старасці захаваўшы светлыя пачуцці. Але, на жаль, пачалі непакоіць хваробы. Калі цяжкая форма інсульта прыкавала жанчыну да ложка, Васіль Пятровіч не здаваўся, сам даглядаў яе. Паднімаў на крэсла, па-праўляў коўдру і падушку, гатаваў і прыносіў ежу. Пяць год яны разам змагаліся з інваліднасцю, але паляпшэння не было. Найцяжэйшыя моманты, калі бездапаможна глядзіш на пакуты блізкага чалавека і не знаходзіш паратунак.
Мінула 8 год, як Фядора
Міронаўна назаўсёды пакінула знаёмыя краявіды і родных людзей. Застацца аднаму пасля доўгага шчаслівага шлюбу аказалася невыносна цяжка. Але ў жорсткім жыцці нічога выправіць немагчыма. Змірыўшыся са стратай, ён у цішыні праводзіў бясконцыя часы адзі-ноты. Яшчэ больш зламала старога смерць сына Івана ў 2011-ым, якога таксама скасіў інсульт. Тады ўжо не вытрымала і яго здароўе – Васіль Пятровіч таксама доўга лячыўся ад наступстваў цяжкай хваробы.
Сын Уладзімір з сям’ёй забралі бацьку да сябе, адведвае старога і Мікалай з нашчадкамі, але яму так не хапае свайго роднага кутка, дзе жыло яго шчасце…
Зараз амаль не валодае адной рукой, з цяжкасцю ходзіць, але памяць, дзякуй Богу, яскрава захавала ўсё значнае, блізкае і дарагое. Ён часта расказваў пра мінулае дзецям, потым 8-мі ўнукам, зараз яго слухачы – 9 праўнукаў, якія вельмі любяць цікавы аповяд доўгімі вечарамі пад шум дажджу ці павевы лагоднага ветру. Малым здаецца, што менавіта ён, дзядуля, здабыў для іх мір і спакой.
Тэлевізар цікавіць выпускамі навін. Асабліва хвалююць падзеі пра ўзброеныя канфлікты, якія ўзнікаюць на розных канцах свету. Каб жа хто паслухаў яго, удзельніка ваеннага ліхалецця, якая страшная вайна. Як важна засцерагчы ад беззаконня і кровапраліцця нашых дзяцей і ўнукаў. Можна перажыць часовую нястачу, але калі ад куль гінуць блізкія, а ты бездапаможна глядзіш на гэта – прыходзіць невыноснае пачуццё жалю і крыўды.
Не ўсе медалі ў ветэрана захава-
ліся да гэтага часу. Магчыма тут праявілася рыса простага вяскоўца, які ішоў праз нягоды не дзеля пахвалы ці асаблівых падзяк. І лічыць ён свой уклад у агульную справу ў барацьбе за вызваленне звычайным: патрабавалася ваяваць – ён ваяваў.
На сынавым падворку буйна разрасліся вішні, сярод лістоты цікаўна выглядаюць спелыя ягады. Духмяны водар стаіць навокал, вецер хаваецца ў кронах бяроз. Цішыня і спакой, здабытыя 70 год таму Васілём Пятровічам і яго паплечнікамі на роднай зямлі прыносяць радасць новым пакаленням, якім ствараць працоўныя дасягненні, берагчы ў цяжкасцях здабытыя багацці продкаў і з павагай адносіцца да памяці тых, хто аддаў жыццё ці здароўе дзеля агульнага шчасця на сваёй Радзіме.

На халодных далонях адбіткі гадоў:
Усе страты і горыч, зямная любоў,
Не сціхаюць у памяці стрэлы гармат,
Ён каваў Перамогу, ён – рускі салдат.
Свой адбітак пакінулі ў сэрцы гады,
І каханая ў вечнасці ўжо назаўжды…
Дробны дожджык над вішнямі зноў заімжыць,
З адзінотай самотнай даводзіцца жыць.
Запытаюць: “Дзядуля, ты як ваяваў?”
Уздыхне і адкажа: “Так многа спазнаў,
Як галодныя дзеці прасілі яды,
І паранены сябар памёр без вады,
Як варожая куля мінула ледзь-ледзь –
Давялося тады без пары пасталець.
Бачыў часта, ад страху на здраду ішлі…
Так хацелася босым ступаць па раллі,
І зярняты жытнёвыя сеяць вясной,
Сумаваў я па жытцы вясковай сваёй.
Беражыце здабытыя ўсе рубяжы –
Нам у мірнай краіне так радасна жыць!”
Яго словы дэвізам ляцяць да вышынь,
Над аблокамі – неба празрыстага сінь.
Ветэранам мы шчыра паклонімся зноў –
На халодных далонях – адбіткі гадоў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть