Культура

Блізняты ўзялі шлюб з блізнятамі

Сустрэла аднойчы знаёмую жанчыну, павіталася і пачала задаваць пытанні. Здзівілася, калі тая не магла даць адказ на тэмы, якія датычылі яе. І толькі пазней даведалася, што размаўляла зусім не з ёй…

Людміла ЯРАХОВІЧ жыве ў Вульцы 2, Ірына ЯРАХОВІЧ – у Дубаўцы. Яны – сёстры-блізняты, як дзве кроплі вады падобныя адна на адну. Але аб’ядноўвае іх не толькі гэта. Прыкладна чвэрць стагоддзя таму парадніліся яшчэ раз, калі ў спадарожнікі жыцця выбралі родных братоў Васіля і Леаніда. Хлопцы, праўда, маюць намнога меншае падабенства ў знешнасці, чым іх палавінкі…

Дзве невысокія хударлявыя дзяўчынкі выраслі на ўскрайку Бродніцы. Старэйшыя сярод семярых дзяцей, яны з маленства былі галоўнымі нянькамі для братоў і сясцёр. Моцнае сходства давала ім некаторыя перавагі перад аднакласнікамі, бо цяжкі прадмет магла вывучыць толькі адна, і па чарзе адказаць за дваіх. Ды хітрасць хутка раскрылася – уважлівая настаўніца стала адрозніваць іх па невялікім шраме. Давялося да ўрокаў зноў рыхтавацца абедзвюм. Крыўдна, але часам і пакаранне неслі дома, у школе ці на вуліцы адна замест другой.

Не менш казусаў адбывалася і тады, як выраслі. Пазнаёмілася, напрыклад, каторая з іх з цікавым маладым чалавекам. Ён учора прызнаваўся ёй у каханні, а сёння такія ж цёплыя словы натхнёна расказваў другой, калі выпадкова сустрэў на вуліцы. Паспрабуй даказаць, што ты – гэта не яна, а сястра.

Часам блізняты і самі крыху жартавалі над кавалерамі. Трэба рыхтавацца на спатканне, а часу якраз не хапае. І хлопца не хочацца пакідаць у адзіноце. Што рабіць? Сястра, выручай – схадзі ў кіно, ён жа не здагадаецца, хто перад ім. І праўда, разабрацца ў падставе бедным паклоннікам было няпроста. Ды дзяўчаты потым самі расказвалі пра невялікі падман і разам з гэтага смяяліся.

Але так было не заўсёды. Аднойчы Іра пазнаёмілася з Лёнем з Вулькі 2, яны сталі сябраваць. Дзіўна, але той адразу навучыўся адрозніваць сясцёр, не атрымлівалася схітрыць. Неўзабаве з арміі вярнуўся яго старэйшы брат Васіль і закахаўся ў Люду, таксама не блытаючы яе ні з кім. Дружнай кампаніяй яны наведвалі дыскатэкі, тады ўсе знаёмыя з цікавасцю і зайздрасцю назіралі за незвычайнай прыгожай чацвёркай.

Неўзабаве адносіны маладых перараслі ў жаданне заўсёды быць разам. Леанід пайшоў у армію, Ірына яго чакала. На пастаяннае месца жыхарства асталяваліся ў Дубаўцы. Васіль і Людміла засталіся бліжэй да малой радзімы – пабудавалі новы дом у Вульцы 2. У кожнай сям’і нарадзілася па двое дзетак, якія з цеплынёй адносіліся да роднай мамы і яе люстэркавага ад-бітку – цёткі.

Люда і Іра жывуць на адлегласці ў 40 кіламетраў, але па адчуваннях яны заўсёды разам. Любую радасць і крыўду дзеляць па-роўнаму, гатовы днём і ноччу кінуцца на выручку адна адной. І дзяцей іх цяжка назваць стрыечнымі, часта нават паміж роднымі няма такога блізкага разумення і падтрымкі. Але і яны з самага маленства ўмелі адрозніць маму. Чаго не скажаш пра іншых шматлікіх пляменнікаў, якія дагэтуль пытаюцца: “Цётка, ты хто?”.

Жанчыны са смехам расказваюць, што праблемы з-за падабенства ў іх здараюцца ўсё жыццё. Прыедзе Люда ў Дубаўку, проста ідзе па вуліцы. З усіх бакоў да яе звяртаюцца, пра нешта пытаюцца, лічачы за Іру. Усё якраз наадварот адбываецца, калі сястра-“двайнік” паяўляецца ў Вульцы 2. А часам на рынку ці ў паліклініцы праходзіць каторая з іх міма сястрычкінага знаёмага і не вітаецца, бо зусім не ведае гэтага чалавека. А той назаўтра гаворыць на ўсю вёску: “Зазналася наша Ірачка (ці Людачка), і не паглядзела ў мой бок”.

Варта дадаць, што нягледзячы на моцнае знешняе сходства, па характарах жанчыны даволі розныя. Люда старэйшая на цэлых дзве гадзіны! Таму і па жыцці яна – лідар, бойкая і смялейшая. Іра, як і адпавядае малодшай, заўсёды прыслухоўваецца да меркавання сястры. Яны абедзве працавітыя – без увагі не застаюцца агарод, надзелы з клубніцамі, не расслабляюцца ў чарнічны сезон і часта ездзяць на заробкі да фермераў.

Васіль і Леанід з маленства захапляліся музыкай і валодаюць прыгожымі галасамі. Пачыналі з ігры на гармоніку, паступова набылі складаную электронную апаратуру. Адразу і назаўсёды заваявалі шматлікіх прыхільнікаў сваёй творчасці. Іх прафесійныя абавязкі звязаны са сферай культуры.

Незаўважана мінуў час, выраслі дзеці. Марына і Ілья з Дубаўкі парадавалі родных унукам Яраславам і ўнучкай Златай. Крысціна з Вулькі 2 падарыла дзядулі і бабулі маленькага Мацвея, другая дачушка Ганна толькі рыхтуецца стварыць сваю сям’ю. Жывуць малодшыя ў Гродна, Лунінцы, Мінску, але часта бываюць на малой радзіме. Тут іх заўсёды чакаюць і радуюцца сустрэчы.

Сёстры-блізняты ніколі не пройдуць без увагі міма двайных калясак, якія часта можна сустрэць на гарадскіх і вясковых вуліцах. Назіраючы за моцна падобнымі хлопчыкамі ці дзяўчынкамі, яны міжволі згадваюць сваё маленства і ведаюць, якія праблемы альбо перавагі чакаюць будучых двайнят.

Аднойчы “аднолькавыя” сястрычкі станоўча вырашылі складаную жыццёвую сітуацыю іншага чалавека. Іх убачыла разам і звярнулася за парадай незнаёмая жанчына. Яна стаяла перад няпростым выбарам – нарадзіць двойню ці пазбавіцца ад цяжарнасці. Рашыцца на клопаты адразу пра дваіх немаўлят баялася, бо муж падаў на развод. Але і без дзетак не ўяўляла свайго жыцця. Паглядзеўшы на блізнят, паслухаўшы іх расказы аб перавагах мець свайго “двайніка”, здолела пераадолець страх. Тыя дзве дзяўчынкі-школьніцы таксама падобныя, як дзве кроплі вады, і цяпер іх шчаслівая матуля дзякуе Людзе і Іры за падтрымку ў момант хвіліннай слабасці.

У наступны раз, сустрэўшы каторую з жанчын, буду імкнуцца адгадаць, хто перада мной. Хаця гэта няпроста. І галасы падобныя, і вочы, і постаці. Двайныя цёплыя ўсмешкі, ад якіх з’яўляецца лёгкае адчуванне зайздрасці. Згадзіцеся, многім бы з нас хацелася мець побач роднага чалавека, гледзячы на якога нават не абавязкова мець пры сабе люстэрка.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть