Культура

На службе дакладных прагнозаў

23 сакавіка – Сусветны дзень метэаролага

У наш час гідраметэаралагічная інфармацыя шырока выкарыстоўваецца для выбару аптымальнай тактыкі і стратэгіі дзейнасці ў залежнасці ад надвор’я ў аграпрамысловым комплексе, энергетыцы, на транспарце. Акрамя таго, дзякуючы своечасовым прагнозам, удаецца пазбегнуць шматлікіх матэрыяльных страт ад стыхій, выратаваць сотні чалавечых жыццяў. Гэта асабліва характэрна для апошніх дзясяцігоддзяў, калі на планеце адбываюцца значныя кліматычныя змены, характэрныя ўзмацненнем экстрэмальнасці гідраметэаралагічных з’яў. Па ацэнцы экспертаў СМА своечасовае выяўленне і папярэджанне небяспекі дазваляе прыняць на дзяржаўным узроўні неабходныя меры, што да 40 працэнтаў змяншае матэрыяльны ўрон і выратоўвае жыцці.
Гідраметэаралагічныя назіранні ў нашай краіне праводзяць 52 станцыі, 8 авіяметэаралагічных, 2 аэралагіч-ныя станцыі, 3 радыёметрычныя лакатары, 137 гідралагічных пастоў. Дзяржаўная сетка гідраметэаралагічных назіранняў уваходзіць у склад Глабальнай сістэмы назіранняў СМА.
Маленькім ланцужком у ёй з’яўляецца балотная гідраметэастанцыя Палеская, якая дзейнічае на Лунінеччыне з 1 жніўня 1947-га.
19 год прысвяціла любімай справе метэаролаг Алена Занкавец. Са звычайных работнікаў да інжынераў за 14 год, аддадзеных станцыі, “выраслі” Віктар Абравец і Аляксандр Шаламіцкі. Вялікі ўклад у справу ўнеслі цяпер ужо ветэраны працы Георгій Шыш, Станіслаў Яворскі, Антон Малейчык, Вера Косцень, Леў Кіпцэвіч, Мікалай Кляўцэвіч. Сярэдні ўзрост сённяшняга калектыву станцыі складае 42 гады. Шкада, што моладзь у наш час не вельмі цікавіцца метэаралогіяй. А гэта – даволі перспектыўная галіна. Як адзначае Генеральны сакратар СМА М. Жаро, уплыў чалавека на кліматычную сістэму ў наш час відавочны. Глабальная канцэнтрацыя вуглякіслага і іншых парніковых газаў у атмасферы працягвае расці імклівымі тэмпамі. Калі ўсё пакінуць як ёсць, то да канца стагоддзя тэмпература паветра на Зямлі можа павысіцца да 4 градусаў С. У той жа час абмежаваць пацяпленне менш як да 2 градусаў яшчэ магчыма. Вырашэнне гэтай задачы патрабуе хуткіх, рашучых і бескампрамісных мер. І менавіта моладзь можа стаць магутнай сілай, здольнай паўплываць на існуючыя змяненні… Маладыя людзі, выбраўшыя кар’еру ў галіне метэаралогіі, гідралогіі або навукі аб клімаце, змогуць адыгрываць усё больш важную ролю і ўносіць значны ўклад у бяспеку і дабрабыт сваіх краін. Так што выбар за вамі, будучыя выпускнікі!
Сардэчна віншую калектыў балотнай станцыі і яе ветэранаў з прафесійным святам. Зычу ўсім моцнага здароўя, цудоўнага надвор’я і пастаянна займаць першыя пазіцыі ў гідраметэаралагічных назіраннях і даследаваннях.
Валерый ШАНОВІЧ, начальнік балотнай станцыі Палеская.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть