КультураПроисшествия

На варце спакою

IMG_0825Дзень міліцыі ў Беларусі святкуецца штогод 4 сакавіка. Гэта прафесійнае свята тых людзей, якія заўсёды стаяць на варце правапарадку, засцерагаючы нашых грамадзян ад супрацьпраўных замахаў і гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу.

Напярэдадні прафесійнага свята аб выніках работы і лепшых супрацоўніках расказвае начальнік РАУС Уладзімір РЫБАК.

— Уладзімір Уладзіміравіч, якім выдаўся мінулы год?

— Разам з выкананнем планавых аператыўна-службовых задач, супрацоўнікі РАУС прынялі ўдзел у забеспячэнні грамадскага парадку пры правядзенні ўсіх масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі раёна. Нягледзячы на высокую нагрузку, дабіліся станоўчых вынікаў па шэрагу напрамкаў службовай дзейнасці, што дало магчымасць у цэлым забяспечыць стабільны грамадскі парадак і спакой грамадзян. Так, напрыклад, па выніках службова-аператыўнай дзейнасці крымінальна-выканаўчая інспекцыя, якую ўзначальвае Якім Соц, прызнана лепшай у вобласці сярод аналагічных падраздзяленняў. На высокіх пазіцыях замацавалася інспекцыя па справах непаўналетніх, аддзяленне па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў і гандлем людзьмі.

— Цікава даведацца пра асноўныя напрамкі дзейнасці аддзела з пункту гледжання статыстыкі.

— На працягу апошніх гадоў назіраецца станоўчая тэндэнцыя скарачэння агульнага ўзроўню злачыннасці. Аператыўная абстаноўка на тэрыторыі раёна ў цэлым застаецца стабільнай. Колькасць злачынстваў знізілася на 5,4 працэнта. Раскрывальнасць па лініі крымінальнага вышуку склала 68,3 працэнта. Менш учынена крадзяжоў, рабаванняў, не зарэгістравана разбояў і крадзяжоў аўтатранспарту. Разам з тым, павялічылася колькасць злосных хуліганстваў, якія, як правіла, звязаны з пашкоджаннем маёмасці. Аднак з 9 зарэгістраваных — 8 раскрыты.

У пэўнай ступені стабілізавалася рэцыдыўная злачыннасць. Супрацьпраўных дзеянняў асобамі, якія маюць нязнятую і непагашаную судзімасць, учынена на 51,4 працэнта менш. У той жа час актуальнай застаецца праблема п’янства. Нецвярозыя грамадзяне маюць дачыненне да 30 злачынстваў. Па лініі эканамічнай бяспекі выяўлены 4 злачынствы, у сферы незаконнага абароту наркатычных рэчываў — 5, у тым ліку 1 факт збыту.

Для пачатку года стала характэрнай тэндэнцыя да зніжэння колькасці заяў і паведамленняў грамадзян (мінус 11,8 пра-цэнта).

Па лініі міліцыі грамадскай бяспекі адным з асноўных напрамкаў з’яўляецца барацьба з п’янствам і самагонаварэннем. Толькі ў гэтым годзе 3 чалавекі адправіліся ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Канфіскавана і знішчана 37,5 літра самагону, 853 — брагі, 64,3 — фальсіфікаванага спір-ту, 5 самагонных апаратаў.

Складаным быў мінулы год у плане дарожнай бяспекі. Зараз сітуацыя мяняецца ў лепшы бок. На дарогах раёна адбыліся 2 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх загінуў 1 і паранены 3 чалавекі. Трэба адзначыць, што супрацоўнікі ДПС ДАІ актыўна ўдзельнічаюць у выяўленні перавозак безакцызных тавараў і незаконнай алкагольнай прадукцыі.

— Зразумела, што за ўсімі гэтымі паказчыкамі стаіць зладжаная работа калектыву. I ўсё ж, каго б з супрацоўнікаў вы б адзначылі?

IMG_0855— Усе службы аддзела працуюць на належным узроўні і з поўнай самааддачай. Сярод лепшых — аддзяленне крымінальнага вышуку, якое ўзначальвае Віталь ЕМЕЛЬЯНОВІЧ (на здымку разам са старшым оперупаўнаважаным Яўгенам ЧЫЖЫКАМ). Самай высокай раскрывальнасцю парадавала Мікашэвіцкае аддзяленне — 74 працэнты. Вялікая нагрузка ўскладаецца на падраздзяленне па грамадзянству і міграцыі, але з пастаўленымі задачамі супрацоўнікі спраўляюцца. Без заўваг на працягу многіх год працуе інспектар па дазваляльнай рабоце Леанід Бірыла. Мала каму з міліцыянераў удаецца выканаць нарматыў спецыяліста 1-га класа. А вось участковы Дзятлавіцкага сельсавета Мікалай Сядоў, які мае 29 год выслугі, паспяхова здаў кваліфікацыйны экзамен у МУС Рэспублікі Беларусь. Сваім вопытам работы ён дзеліцца з маладымі ўчастковымі, у ліку якіх Іван Ткачук (Вулькаўскі сельсавет), які нядаўна атрымаў першае афіцэрскае званне “малодшы лейтэнант міліцыі”. Ганарымся дасягненнямі міліцыянера-вадзіцеля аператыўна-дзяжурнай часці Юрыя Юрко, які неаднаразова станавіўся прызёрам абласных спаборніцтваў па рукапашным боі. Да таго ж, наша каманда заняла трэцяе месца ў валейбольным турніры сярод каманд абласнога УУС.

IMG_0831У калектыве склаўся здаровы маральна-псіхалагічны клімат, у чым немалая заслуга не толькі кіраўніцтва аддзела, але і кожнага супрацоўніка. Лепшыя з іх у сувязі з прафесійным святам адзначаны ўзнагародамі абласнога ўзроўню і мясцовай улады.

— Апошнім часам аддзел значна “памаладзеў”. Гэта добра ці не зусім?

— Самае важнае, што наш аддзел захоўвае здаровы кадравы патэнцыял, ёсць прафесійнае ядро, традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Летась на заслужаны адпачынак пайшлі Мікалай Клімовіч, Валерый Вішнявецкі, Валерый Пракаповіч, сёлета — Аляксандр Каратыш. На змену ім прыходзяць маладыя супрацоўнікі, якія ў большасці сваёй мэтанакіраваныя, адказныя і старанныя. Летась 7 чалавек папоўнілі наш калектыў. Зараз праводзім актыўную работу з выпускнікамі школ. 16 юнакоў выказалі жаданне паступаць у ВНУ МУС Рэспублікі Беларусь. Да таго ж, у нас падрастае выдатны рэзерв — 150 вучняў праваахоўных класаў у мікашэвіцкай СШ №2. Вопыт плануюць пераняць і ў лунінецкай СШ №4. Выхаваць сапраўдных патрыётаў і абаронцаў можна, толькі шануючы гісторыю і традыцыі. Вось чаму вядзем актыўную работу па ўстанаўленні памятнага знака ў гонар загінуўшых праваахоўнікаў.

— Вашы пажаданні калектыву напярэдадні Дня міліцыі.

— Віншую з прафесійным святам асабовы састаў, ветэранаў органаў унутраных спраў, супрацоўнікаў раённага аддзела Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якія доўгі час насілі пагоны супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і працягваюць цесна ўзаемадзейнічаць з намі ў пытаннях захавання правапарадку і бяспекі грамадзян. Я жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, цвёрдасці духу, цярпення і мэтанакіраванасці, вялікіх поспехаў у нашай высакароднай службе.

IMG_0842IMG_0843IMG_0861

Напярэдадні самага прыгожага свята вясны — Дня жанчын, перадаю самыя шчырыя і цёплыя віншаванні жаночай частцы нашага калектыву, жонкам і членам сем’яў супрацоўнікаў і ветэранаў. Толькі з іх дапамогай і падтрымкай мы дабіваемся тых станоўчых вынікаў, пра якія можам гаварыць сёння.

Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть