Надзею дораць вышыванкі
Культура

Надзею дораць вышыванкі

Многія з нас у мітусні штодзённых клопатаў мала ўвагі прыдаюць асабістым праблемам са здароўем. Падумаеш, прастудзіўся ці моцна кальнула ў сэрца, нечакана забалеў жывот ці няўдала ступіў і пакалечыў нагу. Назаўтра крышачку палягчэла, і мы адразу адмяняем візіт да доктара, спадзеючыся, што ўсё будзе добра, праблема знікне сама па сабе.

Але такія адносіны апраўданы не заўсёды. Часам хвароба затаіцца ў             целе і пазней прывядзе да непрадказальных наступстваў, прымусіць пакутаваць працяглы час. Так здарылася ў лёсе Валянціны ГАРГУН з Вялікіх Чучавіч. Прыкладна сем год таму яна спяшалася дагледзець хворых бацькоў, ад іх хацела своечасова паспець на работу, і паслізнулася на сцежцы. Падзенне было цяжкім. Ад моцнага ўдару забалела ў скронях, ледзь не страціла прытомнасць.

Толькі звярнуцца да доктара ў жанчыны не хапала часу. Паступова самаадчуванне палепшылася, клопатаў не меншала, і пра непрыемны выпадак усе забылі. Але праз два гады рэзка закружылася галава, паявілася слабасць. Дасканалы агляд у медыкаў закончыўся нечаканым пытаннем: “Згадайце, ці не было раней удару ці падзення?”. Вось тады і ўспомніліся слізкая дарога, недаравальная паспешлівасць і заспакоенасць.

Лячэнне доўга не давала станоўчых выні-каў. Валянціна Мікалаеўна не магла хадзіць, рукі не слухаліся, з цяжкасцю размаўляла. Атрымала інваліднасць, і з кволай надзеяй на выздараўленне пачала змагацца з хваробай. Час быццам спыніўся. Так хацелася вярнуцца да прывычнага жыцця. Як раней, прыгожа спяваць – але нешта адразу перахоплівала дыханне. Прывычна займацца рукадзеллем, але пальцы не трымалі ні іголку для вышывання, ні знаёмыя пруткі.

Нязначныя перамогі ўспрымаліся як гераічныя. Праз 5 год барацьбы жанчына сама заўважыла перамены да лепшага.

Валянціна Мікалаеўна вырасла ў роднай вёсцы. Была жвавай, прыгожай дзяўчынай. Замуж выйшла за мясцовага юнака, пайшла працаваць даяркай. Першымі на свет паявіліся дзяўчынкі-двайняшкі, але выжыла толькі адна з іх. Пазней нарадзіўся хлопчык. Аддаючы дзецям увагу і любоў, незаўважана мінаў час. Нават калі тыя сталі дарослымі, маці жыла іх праблемамі, заўсёды імкнулася дапамагчы. Даглядала аслабелых бацькоў, спраўлялася на рабоце.

З мужам адносіны не склаліся, жылі асобна. Жанчыне давялося ўзваліць на свае плечы многія мужчынскія абавязкі. Нягледзячы на цяжкасці на ферме, бясконцыя клопаты на агародзе і падворку, у яе знаходзіўся час на любімыя захапленні. Яны дапамагалі супакоіцца і пазбавіцца ад шэрай паўсядзённасці.

Спевы і рукадзелле – рэчы розныя, але Валянціна Мікалаеўна ўмела іх аб’ядноўвала. Пад рытмічныя рухі іголкі з ніткай яна ціхенька напявала любімыя мелодыі. Рукі з лёгкасцю стваралі складаны ўзор, бо ў такой тонкай справе многае залежала ад інтуіцыі і цярплівасці. Вязанымі рэчамі радавала многіх знаёмых, цікавілася новымі ўзорамі, дадавала некаторыя змены ў фасон ці колер на свой густ.

З адценнем сарамлівасці выконвала самадзейная спявачка знаёмыя кампазіцыі перад землякамі, атрымліваючы іх пахвалу за прыемны і душэўны голас. Магла любы матыў пераняць з першых акордаў і без рэпетыцый яго выканаць. Пасля хваробы цяжка было прыняць, што захапленні ёй больш не пад сілу. І з якой радасцю ўспрымаюцца сённяшнія першыя перамогі над сваёй бездапаможнасцю.

Дачка Алена працуе дырэктарам мясцовага СДК, чалавек творчы і моцна захоплены любімай справай. Яна падарыла ўнучку Юлю. У трох пакаленняў прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва ёсць агульная мара – узняцца разам на сцэну і заспяваць.

Для рэалізацыі такога жадання не хапае адзінай умовы – здароўя Валянціны Мікалаеўны. Але шчырая вера ў яе выздараўленне сагравае сэрцы, усе сілы блізкіх накіраваны на гэта.

Сын Аляксандр асталяваўся ў Вялікіх Чучавічах, здольны майстар па дрэве, з густам аздобіў сваю сядзібу. Разам з жонкай гадуюць хлопчыкаў Кірыла і Стасіка. Маці ў малітвах просіць здароўя для кожнага, і сама ў будучыню глядзіць з аптымізмам. Жадаючы не заставацца без справы, жанчына імкнецца хоць нешта простае і карыснае зрабіць самастойна – прыгатаваць ежу ці памыць бялізну. Прывыкнуўшы з маленства да работы, ёй так не хапае гэтага ў апошні час.

Мілая ўсмешка Валянціны Мікалаеўны прымушае засумнявацца, што ў яе лёсе так многа праблем. Менавіта трываласць дапамагае не паддавацца адчаю, верыць у лепшае. Заўсёды просіць унучку своечасова прыносіць ёй свежы выпуск “Лунінецкіх навін”, з якімі не развітваецца на працягу дзесяцігоддзяў.

Яшчэ Валянціна Мікалаеўна ўсім раіць больш уважліва ставіцца да свайго здароўя і самаадчування. Не спадзявацца, што недамаганне пройдзе, лепш прайсці даследаванні, каб выключыць магчымую рызыку. І кожны з нас мог радавацца жыццю, займацца цікавай справай і любімымі захапленнямі.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть