Культура

“Наша Мацвееўна”

МацвееўнаЗавяршыла зямны шлях Галіна КАЧАНОЎСКАЯ, якая для калектыву неўралогіі цэнтральнай раённай бальніцы застанецца ўзорам сапраўднай сястры міласэрнасці. Аб гэтым гаворыць старшая сястра аддзялення Ларыса Сухарава:
– Усе мы імкнемся наблізіцца да Запаведзей Божых. Галіна Мацвееўна жыла ў адпаведнасці з імі… Дарэчы, рэдка называлі яе так, хутчэй: наша Мацвееўна. Бязмежна цанілі як прафесіянала. Ведалі і захапляліся гарманічным спалучэннем у адной асобе лепшых чалавечых якасцей. Яе любоў асвятляла жыццёвы шлях і маме, якой цяпер давялося пахаваць дачку, і мужу – добраму сем’яніну, і цудоўным дачушкам. Адна з іх, Ала выбрала медыцыну: урач-псіхіятр працуе ў Гродна. Другая дачка, Марына, закончыўшы каледж, сёлета прыступіла да работы ў дзіцячай школе мастацтваў.
У свой час Галіна Мацвееўна закончыла Пінскае медвучылішча. Атрымаўшы першапачатковы вопыт, 25-гадовай прыйшла ў Лунінецкую бальніцу. Можна сказаць, і пражыла тут. Аддаючы сябе працы, паспявала клапаціцца пра сям’ю, даваць мудрыя парады сусе-дзям. Шчасце навакольных было для яе прыярытэтам. Шкада, медыкі таксама не заўсёды ўважліва сочаць за сваім здароўем. Назіраючы праявы дрэннага самаадчування, неаднаразова прасілі: Мацвееўна, абследуйцеся. “Абавязкова, але потым. Спачатку…”, – і далей пералічваўся шэраг першачарговых спраў. І ў час дзяжурства, калі ёй стала сапраўды дрэнна, не стала хваляваць ні хворых, ні калег. Самастойна дайшла да рэанімацыі і там страціла прытомнасць…
Пасля першай аперацыі настолькі аднавіла сілы, што ўсе ў думках дзякавалі Богу: дапамог затрымаць на зямлі. Вярнулася да сваіх абавязкаў, зноў завіхалася каля пацыентаў.
Праз два месяцы зноў Мацвееўне спатрэбілася ўрачэбная дапамога. Калі прайшла курс лячэння, напісала заяву аб звальненні. Спрабавала ўгаварыць: працуйце, калі што – пабудзеце на бальнічным. Яна мякка абурылася: “Хіба можна падманваць дзяржаву…”. І гэта быў яшчэ адзін урок – да многіх ранейшых.
Яна дэманстравала такі стыль працы, што ўсяляў гонар за прафесію медыка. Мацвееўна не магла пайсці дамоў, не завяршыўшы работу. Сястрынскія пасты замацаваны за пэўнымі палатамі – яна ўсе лічыла “сваімі”. На яе можна было пакінуць аддзяленне ў поў-най упэўненасці, што зробіць усё, што ў яе сілах, і нават больш. Колькі разоў паўжартоўна крыўдзіўся загадчык: Мацвееўна не дала спаць, усю ночь тэлефанавала дамоў і раілася наконт пэўных хворых. І чуў у адказ: “А як жа інакш? Такі складаны выпадак, а дзяжурны ўрач – тэрапеўт, не спецыяліст, таму і звярталася да вас. Лепш перастрахавацца…”.
Чалавек надзвычай крыштальнай сумленнасці, Мацвееўна і іншых прывучала да акуратнасці і скрупулёзнасці, што для яе былі нормай жыцця. Памятаю, калі прымала аддзяленне, яна перадала мне паўбутэлькі перакісу і палову пластыру: “Выкарыстоўвайце яго толькі для самых цяжкіх хворых”. Калі б усе былі такімі пільнымі да дробязей…
Мне пашчасціла на папярэдніцу. Гэта Мацвееўна з загадчыкам закладвала падмурак таго калектыву, якім цяпер ганарыцца і кіраўніцтва ЦРБ. Калі бальніцу наведваюць адказныя асобы з упраўлення ці міністэрства, галоўны ўрач паказвае наша аддзяленне. Зразумела, хвалюемся, а Ігар Леанідавіч заспакойвае: дзе яшчэ знойдуць такую неўралогію?! Гэта – вынік і яе намаганняў. Нават калі я змяніла Галіну Мацвееўну (па яе просьбе) на пасадзе старшай медсястры, яна адчувала такую ж адказнасць за стан спраў, як і раней. Ціха звяртала маю ўвагу на чыесьці недахопы: “Трэба падказаць дзяўчынкам, каб яны рабілі дакладна”. Пры гэтым ні аб адным чалавеку не сказала дрэнна. Нават заўвагі рабіла так тактоўна, што гэта не выклікала крыўды. Мне заставалася толькі вучыцца ў такой папярэдніцы і працягваць традыцыі, якія закладвалі Галіна Мацвееўна і Тадэвуш Антонавіч. У сталовай – усе разам: малодшы, сярэдні медперсанал, урачы і загадчык. Дні нараджэння адзначаць – таксама ўвесь калектыў за адным сталом. Хтосьці яблыкі з дачы прывязе – усе частуюцца. Загадчык мёду накачаў – усе ласуюцца. І калі калектыў стаў сапраўднай сям’ёй, немагчыма падвесці ў рабоце.
Яе словы не разыходзіліся са справамі. Мацвееўна паўсюдна была першай – выходзіла на суботнікі, здавала грошы на нейкія прычыны, наведвала хворых калег. А на сваё 55-годдзе запрасіла… на печаныя грушы. Не, застолле было багатым, а яна жартаўліва кпіла з нас: “Ды хіба мяса параўнаеш з фруктамі? Гэта – сапраўдны кладзезь вітамінаў!”.
Пасля пахавання на дзяжурства заступіла маладая санітарачка. Быццам спакойнай выдалася ноч, вырашыла крыху адпачыць. Толькі прылягла на канапу, раптам дробненькі стук у акно палаты. Устала: нікога. Пайшла ў другую палату – і там усё спакойна. Раніцай усхвалявана расказвае аб гэтым. Старэйшыя работніцы кажуць: гэта цябе Мацвееўна пракантралявала, каб не спала на пасту…
Іду па аддзяленню. Нашы кветкі – гэта Мацвееўна. Нашы акварыумы – гэта Мацвееўна. А колькі бачных толькі сэрцам дабратворных слядоў!
Усведамляю: акрамя сям’і, самы вялікі боль страты – у яе змене, самых блізкіх калег. Яны былі адзіным арганізмам. Вышэйшым гонарам палічыла, калі змена Мацвееўны жартаўліва, праз слёзы, запрасіла мяне. І разумею, што будзем годныя памяці Мацвееўны, калі для новага пакалення нашых медыкаў застануцца такімі ж святымі спрадвечныя паняцці – прафесіяналізм, дабрыня, міласэрнасць…
Запісала Таццяна КАНАПАЦКАЯ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть